Расея сабралася перасяліць 70 тысяч чалавек з акупаваных тэрыторыяў Запарожжа


Адміністрацыі акупаваных Расеяй тэрыторыяў Запарожскай вобласці Украіны ўжо пачалі перасяляць людзей з прыфрантавых тэрыторыяў, расказаў ТАСС «прэм’ер па эканоміцы» акупацыйнай адміністрацыі Запарожскай вобласці Андрэй Казенка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу (у цэнтры) інспектуе акупаваныя тэрыторыі Данбасу, Украіна. 6 сакавіка 2023 года.
Фота: mil.ru

Перасяліць агулам збіраюцца 70 тысяч чалавек, найперш дзяцей і сем’і з дзецьмі. Ужо пачалі перамяшчаць людзей з Палогаўскага раёну (блізу Энергадару і Запарожжа) у Бярдзянск (на беразе Азоўскага мора блізу Данецкай вобласці), перавезлі каля 500 чалавек.

Акупацыйныя ўлады сцвярджаюць, што людзей перавозяць «на добраахвотнай аснове». Прычынай называюць украінскія абстрэлы. Раней паведамлялі, што перасяляць будуць жыхароў 18 украінскіх гарадоў, у тым ліку Энергадару, дзе месціцца занятая расейскімі войскамі Запарожская атамная электрастанцыя.

Ды не выключана, што вываз людзей не будзе добраахвотным: неадраназова паведамлялася пра факты прымусовай дэпартацыі ў тым ліку на тэрыторыю Расеі і Беларусі. Паводле звестак Цэнтру нацыянальнага супраціву Украіны, з пачатку поўнамаштабнай вайны ўкраінцаў з акупаваных тэрыторыяў дэпартавалі ў 55 розных рэгіёнаў Расеі дзеля «асіміляцыі ў аддаленых землях РФ». За незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей 17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе (ICC) выдаў ордар на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай.

Пуцін 27 красавіка падпісаў указ, які дазваляе дэпартаваць «замежнікаў» (то бок украінцаў) з акупаваных тэрыторыяў за межы Расеі (у расейскім разуменні ейных межаў). Гэта можа расцэньвацца як яшчэ адно ваеннае злачынства.

Каментар
ПАРЕ прызнала Лукашэнку датычным да выкрадання ўкраінскіх дзяцей – ці выдадуць ордар на арышт?
2023.04.27 23:08

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў