Беларусы будуць больш плаціць у казну. Паглядзелі, каму і як павысілі падаткі


Закон «Аб змяненні законаў аб падаткаабкладанні» ад 30 снежня афіцыйна апублікаваны 4 студзеня, хоць набыў моц 1 студзеня. Усе новаўвядзенні, прадугледжаныя праектам, увайшлі ў канчатковы варыянт закону. Пералічым асноўныя з іх.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Новаўвядзенні для прадпрыемстваў

Стаўка падатку на прыбытак для прадпрыемстваў вырасла з 18 % да 20 %.

Новы падатак з’явіўся ў сферы гульнёвага бізнесу – на гульнёвы даход. Ён будзе спаганяцца паводле стаўкі 8 %. Падаткаабкладальная база – гэта розніца паміж той сумай, якую арганізатар гульні сабраў з удзельнікаў, і той, якую выплаціў ім.

Больш будуць плаціць падатку са сваіх дывідэндаў замежныя кампаніі – заснавальнікі беларускіх прадпрыемстваў. Стаўка гэтага падатку для іх павышаная з 12 % да 15 %.

Раней для прадпрыемстваў, якія мелі экалагічны сертыфікат, была прадугледжаная льгота паводле экалагічнага падатку (каэфіцыент 0,9 да стаўкі). Цяпер яна адмененая.

Да 1 студзеня 2025 года захаваецца павышаны падатак на прыбытак памерам 30 % для аператараў мабільнай сувязі (раней ён быў 18 %).

Заканадаўствам прадугледжана паступовае паквартальнае падвышэнне ставак акцызаў на цыгарэты і алкаголь. У прыватнасці, стаўка акцызу на цыгарэты за год вырасце больш чым у 2 разы, да 95,59 рублёў за 1000 цыгарэтаў.

Акрамя таго, да ліку падакцызных тавараў дададуцца электронныя цыгарэты – стаўка акцызу для іх складзе 2,72 рубля за 1 штуку.

Радыкальныя змены для ІП

Да такога ж узроўню, як падатак на прыбытак прадпрыемстваў, павялічаны падатак на даходы для індывідуальных прадпрымальнікаў – да 20 % (з 16 %).

Акрамя таго, з 1 студзеня 2023 года ІП пазбаўленыя магчымасці выкарыстоўваць спрошчаную сістэму падаткаабкладання. Скарыстацца ёю змогуць толькі прадпрыемствы, ды і тое з вялікімі абмежаваннямі.

Адзіны падатак для ІП істотна павышаны – у паўтара-два разы ў залежнасці ад відаў дзейнасці. Акрамя таго, пералік відаў, у якіх можна яго выплочваць, прыкметна скараціўся. Напрыклад, выключаныя тэхабслугоўванне і рамонт транспартавых сродкаў, вытворчасць адзення і абутку, наданне паслуг цырульняў і медыцынскіх паслуг, у тым ліку стаматалагічная дзейнасць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

ІП, якія здаюць маёмасць у кароткатэрміновую арэнду, цяпер абавязаныя будуць плаціць адзіны падатак, а разлічвацца ён будзе зыходзячы з колькасці маёмасці, якая здаецца. У прыватнасці, трэба заявіць усе наяўныя кватэры, якія здаюцца ў арэнду.

Новы падатак для самазанятасці

Падаткі для тых, хто працуе без афармлення ІП, так званых самазанятых, павялічыўся прыкладна гэтак жа, як і для ІП – у 1,5–2 разы. Напрыклад, для тых, хто надае паслугі відэаздымкі, ён вырас у два разы (да 526 рублёў у Менску і 486 у вобласцях), а для цырульнікаў і касметолагаў – у паўтара (да 339 і 312 рублёў адпаведна).

У заканадаўстве з’яўляецца новы від падатку для самазанятасці – на прафесійны даход. Яго змогуць плаціць фізічныя асобы, якія займаюцца пэўнымі відамі дзейнасці (яны замацаваныя пастановай ураду № 851). У спісе – рамеснікі, рэпетытары (у значэнні кансультавання, а не навучання), заводчыкі катоў і сабакаў, перакладчыкі, дызайнеры і інш. Міністэрства падаткаў і збораў дапоўніла нормы пастановы ўраду № 851 тлумачэннем са спісам відаў дзейнасці, па якіх нельга плаціць падатак на прафесійны даход.

Hавiны
Сілавікі затрымалі рэпетытара Яўгена Лівянта
2022.12.28 14:50

Новы падатак будзе выплочвацца штомесяц па стаўцы 10 % ад прыбытку, калі за год яго сума не перавысіць 60 тысяч рублёў. У выпадку перавышэння гэтага ўзроўню стаўка падатку вырастае да 20 % ад прыбытку (з сумы перавышэння). Для атрымальнікаў пенсіяў прадугледжаная льгота.

Галоўная асаблівасць гэтага падатку – яго лічбавы характар. Усе дзеянні – пачынаючы ад пастаноўкі на падатковы ўлік і заканчваючы яго выплатай, трэба здзяйсняць пры дапамозе адмысловай аплікацыі.

Самазанятыя фізічныя асобы не абавязаныя пераходзіць на прафесійны падатак. Яны могуць працягваць выплочваць адзіны падатак, рамесны збор або збор у сферы аграэкатурызму, падаходны падатак. Падатак на прафесійны даход замяняе выплату гэтых падаткаў і збораў. Выключэннем з’яўляецца падаходны падатак у фіксаваных сумах, які, напрыклад, плацяць тыя, хто здае ў арэнду на працяглы тэрмін кватэры, гаражы, машына-месцы і нежылыя памяшканні.

У законе прапісана стаўка збору для аграэкасядзібаў памерам 37 рублёў штомесяц за кожную сядзібу і стаўкі збору за рамесную дзейнасць 6 рублёў штомесяц. Аднак выплачваць па-старому гэтыя віды збораў можна будзе толькі ў першым паўгоддзі 2023 года. З 1 ліпеня 2023 года мясцовыя органы ўлады будуць вызначаць, ці застаецца плацельнік рамеснікам і аб’ектам аграэкатурызму. Тыя, хто не пацвердзіць свайго статусу, павінны будуць перайсці да падатку на прафесійны даход.

Рост плацяжоў для грамадзянаў

Закон захаваў на агульнарэспубліканскім узроўні падаходны падатак для работнікаў кампаніяў – рэзідэнтаў ПВТ. Яшчэ як мінімум два гады ён будзе складаць 13 % (раней у іх была льгота датычна гэтага падатку, ён выплачваўся паводле стаўцы 9 %).

На 11 % павялічыцца ўведзены летась падатак на першую кватэру. Яго памер адрозніваецца па рэгіёнах і прывязаны да кошту квадратнага метра. Так, у Менску кошт метра жылога памяшкання ў шматкватэрным жылым доме вырас з 810 да 900 рублёў.

Больш на 19 % прыйдзецца плаціць дзяржаве уладальнікам сабакаў. Для тых, у каго патэнцыйна небяспечныя пароды, стаўка складзе 55,5 рубля, для ўсіх астатніх – 11,1 рубля (выплачваецца адзін раз на тры месяцы).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Карына Пашко / Белсат

На тыя ж 19 % выраслі стаўкі зямельнага падатку – як для насельніцтва, так і для некаторых відаў бізнесу. У прыватнасці, для гульнёвых установаў, гандлёвых цэнтраў і рынкаў.

На 19 % больш будуць плаціць дзяржаве і грамадзяне, якія здаюць у арэнду кватэры і гаражы. Стаўкі адрозніваюцца па рэгіёнах. Так, у Менску падаходны падатак за здачу аднаго пакою складзе 43,9 рубля (было 36,8), у абласных цэнтрах 41,2 рубля (было – 34,5), у 16 буйных гарадах паводле спісу – 27 рублёў (22,6), у астатніх гарадах і пасёлках гарадскога тыпу – 19,8 рубля (16,6).

Цікава, што пры агульным росце падатковых ставак сума падатковых даходаў, прадугледжаная ў бюджэце на 2023 год (22,37 млрд рублёў), нават ніжэйшая, чым было закладзена ў бюджэце 2022 года – на 320 млн рублёў, або 1,4 %. Рост у 2023 годзе плануецца толькі падатку на дадатковую вартасць – яго маюць намер сабраць 13,48 млрд рублёў, што на 12,4 % больш, чым было прадугледжана мінулагоднім бюджэтам. Урад не разлічвае на істотны рост падатку на прыбытак (1,73 млрд рублёў супраць 1,71 млрд рублёў у мінулым годзе ) і закладвае ў фінансавы план краіны зніжэнне даходаў ад замежнаэканамічнай дзейнасці на 19 % (да 3,65 млрд рублёў) і акцызаў на 30 % (да 3,65 млрд рублёў).

Аналітыка
«Хочуць, каб ІП як клас цалкам пакінуў рынак». Якія бюджэт і падаткі чакаюць беларусаў у 2023 годзе
2022.12.14 07:10

Алена Голуб / Авер belsat.eu

Стужка навінаў