У Маскве адбыўся сход для вылучэння Ігара Стралкова-Гіркіна на прэзідэнта РФ


Прыхільнікі былога лідара ўзброеных фармаванняў самаабвешчанай ДНР Ігара Стралкова (сапраўднае прозвішча Гіркін) прагаласавалі за вылучэнне яго кандыдатам на прэзідэнта РФ. Аднак выканаць усе неабходныя юрыдычныя фармальнасці ініцыятыўная група не здолела.

Сход для вылучэння Ігара Стралкова-Гіркіна кандыдатам на прэзідэнта.
Фота: ostorozhno_novosti / Telegram

На паседжанні ініцыятыўнай групы вылучэнне Гіркіна на прэзідэнта падтрымалі 556 чалавек. Праўда, іхных подпісаў не заверыў натарыус, бо яго проста не здолелі знайсці. Чатыры натарыуса, з якімі былі папярэднія дамоўленасці, прыехаць адмовіліся, паведамляе «Sota». Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы абяцаюць выправіць сітуацыю заўтра.

Яўген Скрыпнік, прадстаўнік штабу Стралкова, у адказ на пытанне, што трэба рабіць цяпер ва Украіне, заклікаў «проста забіваць як мага больш украінцаў-вайскоўцаў», арганізоўваць «расейскае паўстанне» ва Украіне і ўзнімаць «расейскае пытанне».

Ігар Гіркін з ліпеня застаецца за кратамі паводле абвінавачання ў экстрэмізме. 18 лістапада ён абвесціў пра намер балатавацца на прэзідэнта. Сэнс свайго вылучэння Гіркін бачыць у тым, каб парушыць планы ўладаў правесці бутафорскія выбары і стварыць «пункт збору ўсіх рэальных патрыятычных сілаў грамадства». Пры гэтым былы лідар узброеных фармаванняў самаабвешчанай ДНР мяркуе, што яго выключаць з прэзідэнцкай гонкі яшчэ на этапе збору подпісаў.

Нагадаем, што Ігар Гіркін – ваенны злачынец, які адыграў ключавую ролю ў развязванні вайны на Данбасе ў 2014 годзе і быў датычны да знішчэння пасажырскага «Боінга» MH17. За гэта суд у Нідэрландах завочна прысудзіў яму пажыццёвае зняволенне.

Аналітыка
«Выбуховая сумесь». Ці могуць турбапатрыёты расхістаць рэжым Пуціна?
2023.12.01 18:23

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў