Праверце, ці няма вас у кнізе «Я выходжу»: за фота ў ёй у Беларусі арыштоўваюць


Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў PDF-версію кнігі «Я выходжу» са здымкамі плакатаў беларускага пратэсту 2020 года. Праваабаронцы заклікаюць беларусаў праверыць, ці не трапілі яны на гэтыя здымкі. 

Кніга «Я выходжу».
Фота: pearcelive.com

Вясной 2021 года была выдадзеная кніга «Я выходжу», прысвечаная плакатам беларускага пратэсту. У ёй сабралі больш як 350 здымкаў. Летам таго года Святлана Ціханоўская перадала экзэмпляр кнігі ў бібліятэку Кангрэсу ЗША.

На здымках у кнізе нямала твараў пратэстоўцаў – на момант выдання яшчэ не было масавых затрыманняў праз фота з пратэстаў, здымкі выкарыстоўвалі часцей як «доказ віны» ўжо затрыманых. Пазней сілавікі сталі мэтанакіравана выяўляць пратэстоўцаў па фота з адкрытых крыніцаў – не выключана, што з ужываннем сістэмы распазнавання твараў.

22 снежня ўпершыню фота з кнігі «Я выходжу» ўжылі як галоўны доказ удзелу ў пратэстах на судзе: Дар’ю і Міхаіла Суднікаў абвінавацілі ў перакрыцці дарог на адным з пратэставых маршаў у 2020 годзе – арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Суддзя Міхаіл Макарэвіч прызначыў кожнаму па тры гады «хатняй хіміі».

Байцы ГУБАЗіК пазней пацвердзілі на сваім Telegram-канале, што выкарыстоўваюць электронную версію кнігі для выяўлення пратэстоўцаў, і заявілі, што фота з кнігі нібыта сталі доказамі ў крымінальных справах супраць 50 чалавек (ці гэта праўда, невядома).

Праваабаронцы заклікалі людзей у Беларусі праверыць, ці не трапілі яны на фота ў кнізе, і калі трапілі, тэрмінова паклапаціцца пра сваю бяспеку.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў