Фотаздымак сямейнай пары з кнігі аб пратэстах у Беларусі стаў доказам у судзе


У Менску абвясцілі прысуд Дар’і і Міхаілу Суднікам – іх абвінавачвалі ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года, а галоўным доказам у справе стала фатаграфія з маршу, змешчаная ў кнізе «Я выходжу». Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Кніга «Я выходжу». Крыніца: pearcelive.com

Дар’ю і Міхаіла Суднікаў абвінавацілі ў перакрыцці дарог на адным з пратэставых маршаў у 2020 годзе – арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Галоўным доказам стаў фотаздымак, на якім абвінавачаныя трымаюць плакат. Фатаграфію ўзялі з кнігі «Я выходжу».

Суддзя Міхаіл Макарэвіч прызначыў кожнаму па тры гады «хатняй хіміі». Пару вызвалілі ў зале суда.

На судзе Суднікі віну прызналі цалкам. Падчас працэсу яны распавялі, што свядома бралі ўдзел у шэсце, бо Дарʼя была не згодна з вынікамі выбараў.

Былыя арыштанты ізалятару на Акрэсціна распавядаюць праваабаронцам, што там трымаюць шмат ідэнтыфікаваных паводле кнігі «Я выходжу». Праваабаронцы папярэджваюць, што калі фотаздымак з вамі трапіў у гэтую кнігу, трэба тэрмінова паклапаціцца пра сваю бяспеку.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў