Затрыманні на Гомельшчыне, калонія за сарваны сцяг. Хроніка рэпрэсіяў 22 сакавіка


У Беларусі штодня адбываюцца масавыя затрыманні паводле палітычных матываў. Суды ў сваю чаргу выносяць жорсткія прысуды затрыманым за «экстрэмісцкія злачынствы». «Белсат» сабраў вядомыя факты пераследу 22 сакавіка.

Праваабаронцы паведамляюць пра масавыя ператрусы і затрыманні ў Мазыры. Вядома, што найперш сілавікі хапаюць асобаў, якіх раней судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Агучваецца, што міліцыянты маюць намер наведаць не менш за 35 асобаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Форма з нашыўкай ГУБАЗіК. Звычайна байцы ГУБАЗіК дзейнічаюць як «людзі ў цывільным» або выкарыстоўваюць вайсковую форму без апазнавальных знакаў.
Фота: mvd.gov.by

У Менску асудзілі жыхара сталіцы Сяргея Саўкіна паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Суддзя Анастасія Ачалава прызначыла Сяргею 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Сяргея Саўкіна прызналі вінаватым у тым, што восенню 2020 году ён прымаў удзел у акцыі пратэсту. Сілавікі вылічылі мужчыну па фотаздымках у ягоным мабільным тэлефоне.

Жыхара Глыбокага Юрыя Татарыновіча асудзілі паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў») і прызначылі яму штраф у памеры 70 базавых велічыняў (2590 руб). Падставай для такога абвінавачвання сталі фотаздымкі сцягу Украіны і герба «Пагоня» ў ягоным Facebook.

На судзе Юрый Татарыновіч віну не прызнаў.

Пракурор запатрабавала для журналіста, колішняга кіраўніка пулу Лукашэнкі Дзмітрыя Семчанкі 3 гады калоніі, перадае БелТА. Дзяржаўнае абвінавачванне мяркуе, што такі тэрмін зняволення паспрыяе «выпраўленню асобы, якая ўчыніла злачынства». Семчанку абвінавачваюць у распальванні варажнечы.

Дзмітрый Семчанка.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У Астраўцы асудзілі Паўла Дубава. Мужчыну прызналі вінаватым паводле арт. 370 («Здзек з дзяржаўных сімвалаў) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Дзмітрый Багдановіч прызначыў Паўлу 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Падставай для абвінавачвання стала тое, што мужчына ў карпаратыўным чаце напісаў каментар на беларускай мове, у якім патлумачыў, што «наш сцяг бела-чырвона-белы», а існы назваў «усход сонца над балотам». Вядома, што Павел напісаў каментар, калі знаходзіўся ў Заходняй Еўропе падчас рэйсу, пасля якога вярнуўся ў Беларусь.

Колішніх удзельнікаў «Еўрабачання» ўдельнікаў гурта «Litesound» Дзмітрыя і Уладзіміра Каракіных, а таксама іх маці Вольгу Крайко асудзілі на 2,5 гады «хатняй хіміі». Бацьку хлопцаў Юрыю Каракіну далі 3 гады «хатняй хіміі», паведаміў у Facebook кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.

Сям’ю Каракіных прызналі вінаватымі паводле ч.1 арт. 342 КК (»Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак«) і ч.2. арт. 295 КК (»Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі«).

Прысуд агучыла суддзя Вольга Емяльянчанка.

Уладзімір і Дзмітрый Каракіны. 13 ліпеня 2018 года.
Фота: Litesound / vk.com

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў