«Адказ на Мачулішчы». Кіраўнік «ByPol» назваў фэйкам «бліскучую аперацыю КДБ» у Горадні


Кіраўнік «ByPol» Аляксандр Азараў у размове з «Белсатам» назваў інфармацыйным укідам звесткі пра аперацыю КДБ у Горадні, падчас якой, як паведамляюць дзяржаўныя крыніцы, быў забіты «тэрарыст-замежнік». Ён мяркуе, што гэта адказ на дыверсію ў Мачулішчах: атаку на расейскі самалёт прагледзелі, а тут нібыта перадухілілі тэракты.

Асоба, якую дзяржаўныя крыніцы назвалі «тэрарыстам-замежнікам». Горадня, Беларусь.
Фота: кадр відэа БТ

«Ніхто ў сілавых структурах пра гэта нічога не ведае, а такога быць не можа», – адзначыў у каментары «Белсату» кіраўнік аб’яднання «ByPol» Аляксандр Азараў, каментуючы інфармацыю дзяржаўных крыніцаў пра «ліквідацыю ўзброенага тэрарыста-замежніка» ў Горадні.

Ён растлумачыў, што калі б насамрэч сілавікі даведаліся пра зламысніка, які плануе тэракты, «усю краіну на вушы паставілі б».

«Можа, узарвалі нейкую гранату святлошумавую адмыслова, каб людзі пачулі, і ўсё на гэтым. Так не адбываецца. Так бы на вушы паставілі ўсю краіну. Калі б там была нейкая спецаперацыя, яны б абвесцілі план «Перахоп» ці «Сірэна». Бо ад пачатку невядома, колькі асобаў могуць быць датычныя, шукалі б памагатых. Былі б перакрыты дарогі, было б узмацненне – а так нічога. Проста такі інфармацыйны ўкід», – сказаў Азараў.

Ён падкрэсліў, што спецслужбы мусяць цяпер шукаць суўдзельнікаў «забітага тэрарыста», выкрываць усе сувязі:

«Нават калі ўявіць, што яны застрэлілі чалавека са зброяй, значыцца, у іх была інфармацыя, што ён нешта робіць, нешта плануе – і яны б высвятлялі, дзеля чаго ён прыехаў, адкуль, куды, адпрацоўвалі б усіх людзей, імаверна, з’явіліся б арыенціроўкі. Так не робіцца – проста прыйшлі ды застрэлілі».

Кіраўнік «ByPol» мяркуе, што паказальная «спецаперацыя» – адказ на дыверсію партызанаў у Мачулішчах:

«Мы думаем, што гэта фэйк. Спецыяльна, каб запужаць народ. І адказ на падзеі з самалётам. З самалётам яны праштрафіліся, а тут яны нібыта паспяховую аперацыю зладзілі».

Абноўлена
БТ распавяло дэталі забойства са стралянінай у Горадні. У забітага быў пашпарт РФ
2023.03.21 12:22

Пра інцыдэнт у Горадні стала вядома 19 сакавіка. Паводле інфармацыі КДБ, там забілі замежнага грамадзяніна, які пры затрыманні аказаў супраціў, страляў з аўтамата і ўзрываў гранаты. Сілавікі, як паведамляюць дзяржаўныя крыніцы, не пацярпелі.

Сёння на нарадзе ў Менску Аляксандр Лукашэнка абвесціў, што ў Горадні «быў нейтралізаваны закінуты да нас замежны тэрарыст».

«Спецслужбы спрацавалі бліскуча. Канфіскаваны цэлы арсенал зброі і выбухоўкі, які прызначаўся для гучных тэрактаў у дачыненні грамадзянаў, службовых асобаў дзяржаўных органаў. Добрая аперацыя, добрая праца», – заявіў Лукашэнка.

Hавiны
«Мы цяпер закладнікі». Што кажуць гарадзенцы пасля ліквідацыі «замежнага агента-тэрарыста»
2023.03.20 15:46

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў