У Беларусь пачалі прыбываць з Расеі эшалоны і «авіяцыйны складнік» рэгіянальнай групоўкі войскаў


Прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі 16 кастрычніка паведаміла, што ў Беларусь з Расеі пачаў прыбываць авіяцыйны складнік рэгіянальнай групоўкі войскаў. Міністэрства не паведамляе іншых падрабязнасцяў.

Самалёт МіГ-31 у небе над Менскам. 16 кастрычніка 2022 года.
Фота: Беларускі Гаюн / Telegram

Гэтае паведамленне Мінабароны з’явілася пасля таго, як праект «Беларускі Гаюн» заўважыў у небе над Менскам самалёты-знішчальнікі. «Гаюн» адзначае, што гэта былі тры-чатыры самалёты МіГ-31 без ракетаў. Яны сядалі ў Мачулішчах, таму пралёт над Менскам не ёсць чымся экстраардынарным: пры пэўных метэаўмовах у Мачулішчы трэба залятаць з поўначы, то бок пралятаць над Менскам.

Тым часам начальнік Дэпартаменту міжнароднай супрацы Мінабароны Беларусі Валерый Равенка заявіў, што ў Беларусь пачалі прыбываць першыя эшалоны з расейскімі вайскоўцамі рэгіянальнай групоўкі войскаў, а «агульная колькасць складзе крыху менш за 9 тысяч» (не зразумела, ці 9 тысяч расейцаў, ці 9 тысяч вайскоўцаў у групоўцы сумарна).

Аляксандр Лукашэнка 10 кастрычніка заявіў, што пастанавіў з Уладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў Беларусі і Расеі. Лукашэнка таксама аддаў загад падрыхтавацца да прыёму і размяшчэння расейскіх вайскоўцаў, якіх будзе «не адна тысяча асобаў». Ён патлумачыў гэта тым, што Украіна нібыта плануе нанясенне ўдараў па тэрыторыі Беларусі.

Пры тым рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і Расеі была створаная яшчэ ў 1999 годзе, яе аснову складае беларуская армія ў поўным складзе, дадаткова «фармаваць» яе патрэбы няма.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў