Прэзідэнт Літвы: Расея паўтарае ва Украіне гісторыю сталінскіх высылак


Прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі Гітанас Наўседа пракаментаваў расейскую палітыку на акупаваных украінскіх тэрыторыях. Палітык адзначыў, што расейскія паводзіны цалкам нагадваюць сталінскія дэпартацыі, паведамляе Delfi.lt.

Гітанас Наўседа.
Фота: прэс-служба прэзідэнта Літвы

Сёння ў Літве – Дзень смутку і надзеі. Менавіта 14 чэрвеня 1940 года савецкія войскі акупавалі тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі.

«Сёння больш за мільён украінцаў, рассеяных агрэсарам – Расеяй, праходзяць трагічны шлях, які сімвалізуе 14 чэрвеня. Колькі з іх вернецца на радзіму? Хто абароніць і верне ва Украіну сіротаў і беспрытульнікаў, да якіх ужо цягнуцца акрываўленыя рукі?» – сказаў Наўседа на памятнай урачыстасці.

Пасля пачатку савецкай акупацыі пачаліся масавыя дэпартацыі літоўцаў у глыб Савецкага Саюзу. Паводле Цэнтру вывучэння генацыду і супраціву жыхароў Літвы, у чэрвені 1941-га каля 18 тысячаў чалавек у Літве былі загнаныя ў вагоны для перавозу жывёлы і вывезеныя з радзімы.

Афіцыйны Кіеў заяўляе, што Расея паводзіць сябе аналагічна ва Украіне, адкуль людзей гвалтам дэпартуюць у Расею.

«Мы не можам мірыцца з перавагаю гвалту і хлусні. Таму сёння, на знак памяці пра ахвяраў масавых дэпартацыяў у Літве, кожны з нас нанова адкрые ў сабе дух змагароў. Няхай усіх нас аб’яднае рашучасць шанаваць свабоду і супрацьстаяць несправядлівасці», – сказаў Наўседа.

Hавiны
На Херсоншчыне расейскія войскі працягваюць выкрадаць людзей
2022.05.17 09:48

Нагадаем, што міністр у пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Ірына Вэрэшчук, заявіла пра некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, якіх гвалтам вывезлі на тэрыторыю РФ. Сярод іх асобна вылучылі дзяцей-сіротаў, якім, паводле ўкраінскіх уладаў, збіраюцца выдаваць расейскія пашпарты.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў