Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 10 студзеня


«Белсат» падводзіць вынікі 321-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 10 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія вайскоўцы рыхтуюцца страляць з зенітнай сістэмы. Бахмут, Украіна, 10 студзеня 2023 года.
Фота: CLODAGH KILCOYNE / Reuters / Forum

Цягам мінулых содняў, паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, расейскія войскі наступалі на ліманскім кірунку, а таксама намагаліся палепшыць сваё тактычнае становішча на купянскім.

Ведамства піша пра адбіццё атакі праціўніка ў ваколіцах Белагораўкі, Чэрвонапапоўкі і Кузьмінага. Прарасейскія крыніцы дадаюць звесткі пра атаку ў бок Стэльмахаўкі.

Аналітыкі праекту «Deepstatemap» паведамляюць, што расейскі бок падцягвае рэзервы ў ваколіца сяла Плашчанка для ўзмацнення атакі.

Агулам сітуацыя ў паўночна-заходняй частцы Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай застаецца адносна стабільнаю, бо ніводны з бакоў канфлікту не валодае ініцыятывай, а атакі маюць лакальны характар.

Больш складанаю застаецца сітуацыя па лініі фронту ў Данецкай вобласці, дзе ініцыятываю валодаюць Узброеныя сілы РФ.

Генштаб ЗСУ паведамляе, што праціўнік наступае на бахмуцкім і аўдзееўскім кірунках. Пры гэтым заяўляецца, што ўкраінскі бок здолеў адбіць атакі войскаў РФ у ваколіцах Салядару, Белагораўкі, Падгароднага, Бахмуту, Клішчыеўка, Вадзянога, Курдзюмаўкі, Маёрску, Мар’інкі і Пабеды.

Расейскі ваенны карэспандэнт Сямён Пегаў фіксуе працяг баёў у Мар’інцы, а таксама атакі войскаў РФ каля Новаміхайлаўкі, Краснагораўкі і Первамайскага.

Месца, дзе быў будынак прафесійна-тэхнічнага каледжу, Макееўка, Украіна.
Фота: PAVEL KLIMOV / Reuters / Forum

«Deepstatemap» піша, што на бахмуцкім кірунку складаная сітуацыя па ўсёй лініі сутыкнення. Аналітыкі адзначаюць: праціўнік перанёс асноўныя намаганні на штурм Клішчыеўкі з поўдня, а Падгароднае фактычна цалкам застаецца пад кантролем РФ. Таксама расейцы працягваюць ціснуць на ўкраінскія сілы ў Салядары, перакінуўшы на гэты ўчастак падмацаванне са складу рэгулярнай арміі.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» заяўляе, што сілы ПВК Вагнэры вядуць баі ў цэнтральнай частцы гораду, паступова прасоўваючыся на захад. Паралельна расейцы наступаюць на паўночным захадзе ад гораду, а таксама з боку Краснай Гары і Бахмуцкага. Такімі дзеяннямі войскі РФ амаль атачылі Салядар, у выніку чаго, як сцвярджае крыніца, ЗСУ часткова пакінулі мясцовасць.

Таксама «Рыбарь» піша, што Збройныя сілы Украіны пачалі выводзіць свае войскі ў Часаў Яр і Касцянтынаўку.

Кіраўнік гэтак званай ДНР Дзяніс Пушылін гаворыць, што баі змясціліся на захад Бахмуту.

Між тым выведка Вялікай Брытаніі мяркуе, што расейцы наўрад ці здолеюць атачыць Бахмут бліжэйшым часам, бо ЗСУ ўтрымліваюць стабільныя абарончыя рубяжы і кантралююць шляхі забеспячэння.

Сітуацыя па лініі фронту ў Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях застаецца нязменная: абодва бакі засяродзіліся на вядзенні абароны і нанясенні артылерыйскіх удараў па пазіцыях праціўніка.

Украінскае камандаванне паведамляе, што за мінулыя содні былі знішчаныя каля 710 расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 112 470 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйных паведамленняў удзельнікаў вайны. 

ВК belsat.eu

Стужка навінаў