Якія краіны – галоўныя сябры Свабоднай Беларусі, а якія – саюзнікі Лукашэнкі? Тлумачыць Кавалеўскі


Аб’яднанаму пераходнаму кабінету Беларусі 9 лютага спаўняецца паўгода. З гэтай нагоды «Белсат» спытаў прадстаўніка Кабінету ў замежных справах Валера Кавалеўскага аб супрацы іншых краінаў з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

Валер Кавалеўскі перад будынкам Еўрапейскай камісіі. Брусель, Бельгія. 9 лютага 2023 года. Скрыншот: «Белсат»

Якія краіны цяпер галоўныя «сябры Свабоднай Беларусі»?

І якія – саюзнікі Аляксандра Лукашэнкі? Вось што адказаў «Белсату» Валер Кавалеўскі, каментар якога мы запісалі перад будынкам Еўрапейскай камісіі ў Бруселі:

«Найбольш важныя саюзнікі беларускага народу ў гэтай барацьбе – гэта нашыя краіны-суседзі, якія маюць інтарэс у тым, каб Беларусь была дэмакратычнай, і робяць практычна для гэтага вельмі шмат. Але таксама мы можам упэўнена сказаць, што ўвесь Еўрапейскі звяз на баку беларускага народу, Вялікая Брытанія і Канада, краіны Скандынавіі вельмі шмат для гэтага робяць».

«Што казаць пра саюзнікаў Лукашэнкі, то мы можам упэўнена называць толькі Расею, якая ад пачатку рэвалюцыі 2020 года была менавіта з Лукашэнкам і рабіла ўсё для таго, каб яго падтрымаць у той момант, калі беларусы пратэставалі супраць гэтага рэжыму, і фактычна фінансавалі рэпрэсіі, – працягнуў ён. – А зараз уцягнулі Беларусь у гэтую вайну, менавіта карыстаючыся тым, што Лукашэнка згубіў легітымнасць і адмовіўся ад дыялогу з беларусамі. Таму Расея зацікаўленая ў тым, каб ён заставаўся такім паслабленым, і ўсё для гэтага робіць».

З «сябрамі Беларусі» Кабінет «літаральна кожны дзень» працуе і над пытаннямі міграцыйнага характару, і над падтрымкай палітычных зняволеных у Беларусі, і над санкцыйным ціскам на рэжым Лукашэнкі, расказаў Кавалеўскі, і еўрапейскія партнёры зацікаўленыя ў тым, каб гэтая супраца развівалася, а для названых пытанняў знаходзіліся практычныя рашэнні. Кавалеўскі паабяцаў пашыраць кантакты з міжнароднай супольнасцю за межамі Еўрапейскага звязу і Трансатлантычнай супольнасці. І дадаў, што бачыць: рэакцыя на барацьбу беларусаў вельмі станоўчая, «нам хочуць дапамагаць».

Hавiны
Якія крокі Ціханоўская прапанавала Сенату Польшчы, каб дапамагчы свабоднай Беларусі
2023.02.08 17:42

А што з Украінай?

Улады Украіны не прызнаюць Святлану Ціханоўскую лідаркай дэмакратычнай Беларусі і вядуць палітыку, якую кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак акрэсліў як «Realpolitik» (прагматычная адмова ад ідэалагічных і маральных каштоўнасцяў). Сам Кавалеўскі раней расказваў, як выказваў сваю пазіцыю амбасадару Украіны ў Польшчы, калі на цырымоніі да 160-х угодкаў паўстання 1863 года ў Варшаве не было прадстаўнікоў Беларусі і нават беларускага сцяга (паводле чутак, на просьбу Украіны, але прадстаўнікі Украіны гэта адмаўляюць), а ва ўкраінскім звароце не згадвалася, што тое паўстанне адбывалася сярод іншага і на тэрыторыі Беларусі.

Дык што рабіць, змірыцца з такой пазіцыяй Украіны і проста працаваць па вузкіх напрамках, як то дапамога беларускім ваярам ва Украіне і разблакаванне ўкраінскіх рахункаў беларусаў?

«Дапамога Украіне ў вайне супраць расейскай агрэсіі будзе заставацца нашым прыярытэтам у незалежнасці ад таго, як развіваецца палітычны дыялог, – запэўніў Кавалеўскі. – Для нас вельмі важна знаходзіць практычныя сферы, каб вырашаць праблемы беларусаў ва Украіне і для таго, каб знаходзіць новыя спосабы падтрымкі Украіны».

Кавалеўскі не бачыць падставаў неяк пераглядаць супрацу Кабінету з Украінай. Ён кажа, што верыць у наладжванне дыялогу, бо Святлана Ціханоўская і Аб’яднаны пераходны кабінет маюць «неабходную легітымнасць і неабходныя інструменты», каб дапамагаць Украіне найлепшым чынам.

Hавiны
Ціханоўская выказалася наконт просьбы Кіева не ўключаць Беларусь у пакет санкцыяў супраць РФ
2023.01.12 16:00

belsat.eu

Стужка навінаў