У Польшчы асудзілі журналіста за параўнанне памежнікаў з эсэсаўцамі


Радыёжурналіста прызналі вінаватым у паклёпе на пагранічнікаў, якіх ён параўнаў з эсэсаўцамі, перадае агенцтва PAP. Гаворка ідзе пра афіцэраў, якія ахоўвалі мяжу з Беларуссю ў разгар міграцыйнага крызісу.

Польскі памежнік.
Фота: Straz_Graniczna / Twitter

Суд у Сакулцы на Падляшшы прызнаў журналіста радыё TOK FM вінаватым у паклёпе за параўнанне афіцэраў Памежнай службы з эсэсаўцамі. У разгар міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларуссю ў 2021 годзе Пётр Масьляк напісаў у Twitter:

«Інакш не магу назваць, памежнікі, якія забараняюць падачу вады і пускаюць да бежанцаў дактароў, могуць начапіць на сябе нашыўкі СС. Яны таксама выконвалі загады. І калі вам скажуць страляць у бежанцаў, вы таксама будзеце выконваць загад?»

У пракуратуру на журналіста паскардзіўся кіраўнік міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі. Абвінавачванні Масьляку былі выстаўленыя ў снежні 2021-га. У пракуратуры тады казалі, што выказванне журналіста «магло прывесці да страты даверу да Памежнай службы і прынізіць яе ў вачах грамадскасці».

Пацярпелымі ў справе былі 200 памежнікаў.

У выніку суд прызнаў Масьляка вінаватым і ўмоўна спыніў справу на адзін год, а таксама абавязаў яго сплаціць 3 тысячы злотых (каля 700 долараў) у адмысловы фонд дапамогі ахвярам злачынстваў.

Журналіст ужо паабяцаў абскардзіць гэтую пастанову, бо віны не прызнае; пракуратура яшчэ вывучыць пісьмовае абгрунтаванне суда і потым вызначыцца, ці падаваць апеляцыю.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра пагрозу новай хвалі міграцыйнага крызісу з удзелам Беларусі
2023.04.03 07:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў