Больш за 80 чалавек ужо затрыманыя за абразу забітага супрацоўніка КДБ

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», 29–30 верасня ў Беларусі былі затрыманыя 84 асобы. Бальшыня з іх каментавалі ў сацыяльных сетках публікацыі пра смерць Андрэя Зельцара і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка.

Затрыманні 29–30 верасня адбываліся ў Менску, Гомлі, Віцебску, Магілёве, Жлобіне – ува ўсёй Беларусі. У спісе затрыманых на раніцу 1 кастрычніка значыліся 84 чалавекі. Паводле інфармацыі «Вясны», людзей бралі пад варту ў межах крымінальных артыкулаў 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 130 («Распальванне сацыяльнай варожасці»). Праваабаронцы мяркуюць, што чарговая хваля рэпрэсіяў і затрыманняў звязаная з каментаваннем у сацыяльных сетках паведамленняў пра смерці Андрэя Зельцара і Дзмітрыя Федасюка.

Псіхатэрапеўтка – пра відэа штурму кватэры Зельцараў: Гэта сродак запужвання

Сярод затрыманых – актывіст і валанцёр з Гомля Ілля Міронаў, вядомы актыўным падтрыманнем палітычных вязняў. Пра тое, што яго схапілі 29 верасня і затрымалі на 72 гадзіны, паведаміла маці гомельца. Нагадаем, раней Ілля Міронаў адбыў 25 содняў адміністратыўнага арышту за надпіс на майцы «Пішыце лісты».

У Століне ў той жа дзень затрымалі былога афіцэра-памежніка Аляксандра Велясніцкага, які ў жніўні 2020 года публічна адмовіўся ад медаля «За бездакорную службу». Як паведамілі блізкія Аляксандра, яго затрымалі супрацоўнікі КДБ, пасля адвезлі ў Пінск, паабяцалі, што доўга трымаць не будуць. Але ўжо раніцаю 30 верасня прыйшлі з ператрусам да жонкі – шукалі зброю і выбухоўку. Цяпер Аляксандр Велясніцкі значыцца ў спісах вязняў Акрэсціна.

«Які мае статус, пакуль не ведаем. Чакаем інфармацыі ад адвакатаў», – паведамілі родныя затрыманага.

Прапагандысцкія тэлеграм-каналы пачалі выстаўляць «пакаяльныя» відэа з беларусамі, якіх затрымалі 29 і 30 верасня выключна за выказванне меркавання наконт здарэння на вуліцы Якубоўскага ў Менску. Адтуль стала вядома, што пад вартаю застаюцца Аляксандр Філіпаў (у спісе «Вясны» – Канстанцін Філіпаў), Павел Казлоўскі, Віктар Клімчык, Віталь Астрэйка, Алеся Новік, Руслан Асятроў, Арцём Анціпенка ды іншыя.

30 пытанняў да афіцыйнай версіі страляніны на Якубоўскага

Са зліваў прапаганды стала вядома і пра затрыманне работніка «EPAM Systems» Сяргея Кірыенкі з Гомля.

«Добрая нагода больш уважліва прыгледзецца да гэтай канторы», – каментуе відэапакаянне мужчыны тэлеграм-канал «Жёлтые сливы».

Праваабаронцы паведамляюць, што затрыманні і ператрусы працягнуліся і 1 кастрычніка. З самай раніцы супрацоўнікі МУС затрымліваюць людзей у Бабруйску. Мы сочым за сітуацыяй.

«Андрэй не мог не даць адпор». Размова з сябрам забітага сілавікамі менчука

Беларусы пачалі страляць адно ў аднаго ў «Год народнага адзінства». Эксперты пра трагедыю на Якубоўскага

Ад Аўтуховіча да Зельцара: каго рэжым Лукашэнкі лічыць «тэрарыстамі»

ЗК, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны