Заснавальніка «WikiLeaks» Джульяна Асанжа канчаткова вызвалілі. Ён вяртаецца ў Аўстралію


Заснавальнік «WikiLeaks» Джульян Асанж прызнаў у амерыканскім судзе віну ў разгалашэнні вайсковых сакрэтаў. Пасля гэтага яго канчаткова вызвалілі, Асанж вылецеў на радзіму ў Аўстралію.

Джуліян Асанж перад вылетам з Лондану.
Фота: WikiLeaks

Як паведамляе Бі-Бі-Сі, паседжанне праходзіла ў федэральным акруговым судзе Паўночных Марыянскіх Астравоў (тэрыторыя ЗША) на выспе Сайпан у Ціхім акіяне, куды Джульян Асанж прыбыў з Лондану.

Заснавальніка «WikiLeaks» 24 чэрвеня вызвалілі з брытанскай турмы «Belmarsh» пасля таго, як ён пагадзіўся на дамову з ЗША, у межах якой прызнае сябе вінаватым і выйдзе на волю. Месца для ўгоды не выпадковае: Асанж не хацеў прызнаваць віны на кантыненце. Акрамя таго, Сайпан гэтак быў бліжэй да Аўстраліі (3200 км), куды ён хацеў потым скіравацца.

Паводле Reuters, слуханні цягнуліся каля трох гадзінаў. Асанж заявіў, што, працуючы журналістам, ён заахвоціў сваю крыніцу перадаць засакрэчаную інфармацыю. Асанж меркаваў, што ягоную дзейнасць абараняе першая папраўка да Канстытуцыі ЗША (гарантуе свабоду слова). Аднак Асанж прызнаў, што такім чынам парушыў закон.

Пасля прызнання віны ў змове з мэтай атрымаць і разгаласіць сакрэтныя звесткі пра нацыянальную абарону суддзя Рамона Манглёна заявіла, што будзе «справядлівым і разумным» залічыць у якасці тэрміну пакарання 62 месяцы, якія Ассанж правёў у лонданскай турме «Belmarsh», аспрэчваючы экстрадыцыю ЗША.

Больш сурʼёзныя абвінавачанні, якія пагражалі працяглым турэмным тэрмінам, з Асанжа былі знятыя.

«Вы зможаце выйсці з залы суда свабодным чалавекам», – сказала суддзя пасля заканчэння паседжання.

Справу супраць Асанжа спынілі, амерыканскія ўлады таксама адклікалі свой запыт аб экстрадыцыі.

«Для Джульяна Асанжа, ягонай сямʼі, сяброў, прыхільнікаў, нас і ўсіх, хто верыць у свабоду слова ўва ўсім свеце, сталася вялікаю палёгкаю тое, што ён можа вярнуцца дадому ў Аўстралію і ўзʼяднацца з сямʼёю», – заявіла ягоная адвакатка Джэніфэр Робінсан.

Сам Асанж не рабіў заяваў для прэсы і пасля паседжання вылецеў у Кэнбэру, сталіцу Аўстраліі.

Аўстралійскі інтэрнэт-журналіст, тэлевядоўца, хакер і праграміст Джульян Асанж зрабіўся вядомы ў 2006 годзе, калі заснаваў сайт «WikiLeaks». У 2010–2011 гадах апублікаваў тысячы сакрэтных дакументаў ЗША пра войны ў Афганістане і Іраку, карупцыю ва ўрадзе, парушэнні правоў чалавека. Пасля гэтага яго абвінавацілі ў шпіянажы.

Цягам 2012–2019 гадоў Асанж заставаўся ў амбасадзе Эквадору ў Вялікай Брытаніі. Калі Эквадор пазбавіў заснавальніка «WikiLeaks» права на прытулак, яго затрымала брытанская паліцыя. Суд пастанавіў экстрадаваць яго ў ЗША. Пакуль адвакаты Асанжа абскарджвалі гэтую пастанову, ён заставаўся ў брытанскай турме.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў