«Час прыйшоў»: генеральны сакратар NATO заклікаў дазволіць Украіне біць заходняй зброяй па РФ


Краіны – партнёры Украіны маюць адмяніць забарону на ўжыванне іх зброі для ўдараў па аб’ектах на тэрыторыі РФ. Пра гэта заявіў генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг у інтэрвʼю «The Economist».

Енс Стольтэнбэрг.
Фота: wsj.com

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг заклікаў краіны Паўночнаатлантычнага альянсу дазволіць Кіеву біць нададзенай яму зброяй па ваенных мэтах у РФ:

«Надышоў час, каб саюзнікі падумалі, ці варта ім адмяніць некаторыя абмежаванні, накладзеныя імі на выкарыстанне зброі, якую яны ахвяравалі Украіне. Асабліва цяпер, калі шмат баявых дзеянняў ідуць на Харкаўшчыне, паблізу мяжы, забарона Украіне выкарыстоўваць гэтую зброю супраць законных ваенных цэляў на тэрыторыі Расеі вельмі абцяжарвае ім абарону».

Генеральны сакратар не назваў канкрэтных краінаў, якім адрасаваны заклік, але, на думку «The Economist», Стольтэнбэрг звяртаўся да ЗША як да аднаго з галоўных донараў Украіны. У сярэдзіне траўня, не зважаючы на адносныя поспехі наступальных дзеянняў РФ у Данецкай і Харкаўскай вобласцях, прадстаўнік Белага дому Джон Кербі чарговы раз заявіў, што ЗША не падтрымліваюць ідэі выкарыстання іх зброі для ўдараў па цэлях у РФ.

Енс Стольтэнбэрг падкрэсліў, што расяяне будуць працягваць атакаваць і атрымліваць пэўныя тэрытарыяльныя дасягненні ў прымежжы, не лічачыся са стратамі:

«Мы мусім памятаць, што гэта такое. Гэта захопніцкая вайна Расеі супраць Украіны. Украіна мае права абараняцца. І гэта ўключае нанясенне ўдараў па цэлях на тэрыторыі Расеі».

Разам з тым генеральны сакратар раскрытыкаваў няздольнасць еўрапейскіх краінаў выканаць ужо ўзятыя на сябе абавязкі наконт паставак зброі:

«Еўрапейскія саюзнікі паабяцалі мільён артылерыйскіх снарадаў. Мы не ўбачылі нічога блізкага».

Стольтэнбэрг прызнаў, што NATO мае пазбягаць беспасярэдняй канфрантацыі з РФ. Разам з тым ён бачыць розніцу паміж пастаўкамі зброі і беспасярэднім удзелам у ваенных дзеяннях.

«Мы праводзім вучэнні, мы пастаўляем зброю, боепрыпасы Украіне, але мы не будзем браць беспасярэдняга ўдзелу з тэрыторыі NATO ў баявых дзеяннях ва Украіне. Таму гэта іншая рэч», – падкрэсліў ён і дадаў, NATO не плануе пасылаць войскаў ва Украіну, нягледзячы на публічныя заявы прэзідэнта Францыі.

З моманту першых амерыканскіх паставак зброі ва Украіну Белы дом забараняў выкарыстоўваць яе для ўдараў па расейскай тэрыторыі. Аднак, паводле «New York Times», кансэнсус вакол гэтай палітыкі распадаецца. Цяпер у адміністрацыі прэзідэнта працягваюцца актыўныя дэбаты наконт паслаблення забароны.

Паказальна, што гэтую забарону раскрытыкаваў нават спікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу Майк Джонсан, які паўгода блакаваў новую праграму вайсковай дапамогі Украіне. Паводле яго, спробы кантраляваць намаганні Украіны «на мікраўзроўні» – гэта «не вельмі добрая палітыка» для ЗША.

Hавiны
«Repubblica»: NATO можа ўмяшацца ў вайну ва Украіне, калі ў яе будзе ўцягнутая Беларусь
2024.05.05 13:31

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў