Беларускія дактары распавялі, у каго часцей за ўсё знаходзяць рак скуры


Каля паловы выпадкаў развіцця меланомы прыпадае на людзей ва ўзросце ад 30 да 50 год. Такімі дадзенымі падзяліліся ў Міністэрстве аховы здароўя Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Gustavo Fring / pexels.com

Дактары кажуць, што меланома можа развівацца на скуры любой вобласці цела, але ў жанчын часцей за ўсё на галёнках, а ў мужчын – на спіне. Прыкладна ў палове выпадкаў меланома развіваецца на знешне здаровай скуры.

Асноўнымі фактарамі рызыкі развіцця меланомы называюць апёкі, асабліва сонечныя, атрыманыя ў дзіцячым і юнацкім узросце, а таксама інтэнсіўнае ўльтрафіялетавае выпраменьванне і траўмы пігментнага ўтварэння.

Звяртацца да лекара раяць у тым выпадку, калі заўважылі, што змянілася форма радзімкі ці яе памер, а таксама з’явіліся невыразныя межы.

У Міністэрстве аховы здароўя адзначаюць, што май лічыцца месяцам асветы аб раку скуры. У гэты час у медустановах праходзіць штогадовая акцыя «Прафілактыка меланомы і раку скуры», падчас якой лекары-дэрматавенеролагі праводзяць скрынінгавае абследаванне і кансультуюць па пытаннях прафілактыкі меланомы і догляду за скурай летам.

Па статыстыцы, у структуры агульнага анкалагічнага захворвання злаякасныя новаўтварэнні скуры займаюць першае месца ў свеце. Штогод рэгіструюць больш за 232 тысяч выпадкаў меланомы. Пры ранняй дыягностыцы захворванне вылечнае ў 90 % выпадкаў.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў