Стала вядомая дата правядзення трэцяй канферэнцыі «Новая Беларусь»


Святлана Ціханоўская абвясціла аб правядзенні трэцяй канферэнцыі «Новая Беларусь». Яна пройдзе ў Вільні 3–4 жніўня 2024 года.

Другая канферэнцыі «Новая Беларусь». Злева направа: Аляксандр Вашкевіч, Генадзь Коршунаў, Аляксандра Мамаева, Аляксандр Дабравольскі, Аліна Коўшык, Юлія Міцкевіч, Павел Лібер і мадэратарка Кацярына Ваданосава. Варшава, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Мэтаю станецца збор беларускіх дэмакратычных сілаў, актывістаў, грамадскіх і культурніцкіх ініцыятываў і дыяспары на адной пляцоўцы.

Падчас канферэнцыі плануецца абмеркаванне стратэгічных прыярытэтаў дэмакратычнага руху на 2025 год, таксама ўдзельнікі актуалізуюць выклікі супольнасці і разам паспрабуюць знайсці шляхі іх развязання.

Бліжэйшым часам сфармуюць працоўную групу, якая падрыхтуе змест, тэму і прапрацуе дэталі імпрэзы.

«На Канферэнцыі Новай Беларусі мы зможам разам, шчыра і адкрыта ацаніць усе выклікі, з якімі сутыкаемся на нашым шляху, прааналізаваць памылкі. Абмеркаваць, што хвалюе беларусаў і беларусак, якія кожны дзень праходзяць праз шматлікія выпрабаванні. Нам трэба пачуць адно аднаго, нават калі здаецца, што цяжка прыйсці да агульнага разумення. Толькі сумеснымі намаганнямі мы можам дамагчыся поспеху», – адзначыла Святлана Ціханоўская.

У 2022 годзе ў Вільні падчас першай канферэнцыі «Новая Беларусь» абвесцілі стварэнне Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, кіраўніцай якога сталася Святлана Ціханоўская.

У 2023-м канферэнцыя адбылася ў Варшаве. Напярэдадні яе чальцы Аб’яднанага пераходнага кабінету далі справаздачу пра сваю працу за год перад Каардынацыйнаю радаю.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў