​Франак Вячорка: Еўрапейскія міністры не будуць уводзіць візавы бан супраць беларусаў


Дарадца лідаркі дэмакратычнай Беларусі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, які знаходзіцца на «Форуме для Украіны», паведамляе, што, паводле папярэдняй інфармацыі, краіны ЕЗ не будуць уводзіць візавы бан супраць грамадзянаў Беларусі.

«Форум для Украіны» ў Празе.
Фота: Святлана Ціханоўская / Telegram

У Празе з удзелам міністраў замежных справаў краінаў ЕЗ, украінскага міністра Дмытра Кулэбы і Вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ Жузэпа Бурэля адбываецца «Форум для Украіны», на якім прысутнічае дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Прадстаўнік лідаркі дэмакратычнай Беларусі паведамляе, што візавыя санкцыі супраць беларусаў Еўразвяз уводзіць не збіраецца.

«Мы грукаліся – і нас пачулі: еўрапейскія міністры не будуць уводзіць візавы бан супраць беларусаў. Мы тлумачылі, чаму важна адрозніваць беларусаў і рэжым Лукашэнкі. Мы казалі, што візы – гэта не пра адпачынак, гэта пра падтрыманне сувязяў, гэта пра бяспеку людзей, гэта пра стыпендыі і стажыроўкі ў рэшце рэшт. Для беларусаў візы – гэта не раскоша, гэта неабходнасць падтрымання грамадства і абароны незалежнасці.

Гэта не значыць, што сітуацыя не можа памяняцца: пакуль Лукашэнка пры ўладзе і з Беларусі ляцяць ракеты, Еўразвяз будзе разглядаць абмежаванні. Нашая задача – каб гэтыя абмежаванні тычыліся Лукашэнкі і яго атачэння, чыноўнікаў і сілавікоў, прапагандыстаў і прарэжымных алігархаў. Мы будзем працаваць над індывідуальным спісам санкцыяў. Але мы будзем заўжды супраць ізаляцыі Беларусі.

Хачу падзякаваць беларускай дыяспары, Паўлу Латушку і яго камандзе, прадстаўнікам Аб’яднанага Кабінета, журналістам, якія задавалі пытанні, і ўсім, хто выказваўся цягам апошніх дзён супраць візавага бану», – распавёў Франак Вячорка.

Раней стала вядома, што Еўразвяз прыпыніў пагадненне аб спрашчаным візавым рэжымам з Расеяй. Пры гэтым поўнай візавай забароны не будзе.

Hавiны
ЕЗ прыпыніў пагадненне аб спрошчаным візавым рэжыме з РФ
2022.08.31 17:12

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў