Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 31 сакавіка


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 31 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мяшкі з пяском перад радзільняю. Кіеў, Украіна. 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Больш за 380 дзяцей пацярпелі ва Украіне з пачатку вайны. 148 з іх забітыя і 232 параненыя.

Таксама ў выніку бамбаванняў і абстрэлаў пацярпелі 797 установаў адукацыі. 76 з іх былі цалкам знішчаныя. Гэтыя лічбы не канчатковыя, бо пакуль няма магчымасці агледзець раёны абстрэлаў і паражэнняў у месцах актыўных баявых дзеянняў ды на часова акупаваных тэрыторыях.

Паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, на раніцу 31 сакавіка страты расейскіх войскаў складаюць каля 17 500 чалавек асабовага складу.

Прэзідэнты Украіны і ЗША Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн 30 сакавіка гадзіну размаўлялі праз тэлефон. Кіраўнік Украіны падзяліўся ацэнкаю сітуацыі на полі бою і за сталом перамоваў. Таксама бакі пагутарылі пра канкрэтнае абароннае падтрыманне, новы пакет узмоцненых санкцыяў, макрафінансавую і гуманітарную дапамогу. У сваю чаргу Байдэн праінфармаваў Зяленскага, што ЗША маюць намер даць ураду Украіны $ 500 млн у выглядзе наўпроставай бюджэтнай дапамогі.

Фотарэпартаж
Менскі фатограф – пра жыццё ў Львове: У горад вярнулася радасць штодзённасці
2022.03.31 11:21

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў паведаміў, што частка падраздзяленняў, якія Расея адводзіць з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласцяў, перамяшчаюцца на харкаўскі і данецкі напрамкі. У гэты ж час армія РФ, адступаючы, мініруе тэрыторыі і будынкі.

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны выказаўся пра датычнасць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да расейскай ваеннай агрэсіі. Самаабвешчанае кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь працягвае адмаўляць удзел у вайне супраць Украіны, бесперашкодна даючы тэрыторыі для размяшчэння падраздзяленняў узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі, аэрадромнай і транспартавай сеткі, а таксама месца размяшчэння пускавых установак крылатых і балістычных ракетаў. У Генеральным штабе дадалі: згодна з міжнароднымі прававымі актамі, Беларусь за такія дзеянні можа лічыцца краінай-агрэсарам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пашкоджаны будынак сельскай рады вёскі Бышаў. У выніку абстрэлу амаль цалкам знішчаная цэнтральная частка вёскі, у тым ліку пашкоджаныя сельсавет і дзіцячы садок. Бышаў, Кіеўская вобласць, Украіна. 27 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Неўзабаве ва Украіне могуць увесці крымінальную адказнасць за незаконны выезд з краіны. Калі вайсковаабавязаны спрабуе незаконна выехаць, то можа атрымаць ад 5 да 10 гадоў зняволення, калі ж службовую асобу зловяць на тым, што дапамагае такому чалавеку, яна трымае яшчэ большы тэрмін – ад 7 да 12 гадоў калоніі.

Генеральная пракуратура Украіны пачала вытворчасць 3457 крымінальных справаў паводле артыкулу «Парушэнне законаў і звычаяў вайны» ў дачыненні расейскіх вайскоўцаў, паведаміў дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк.

Міністэрства абароны Расеі абвясціла рэжым цішы з 10:00 31 сакавіка. Таксама паведамляюць пра адкрыццё дадатковага гуманітарнага калідору для эвакуацыі мірных жыхароў і замежных грамадзянаў з Марыупалю ў Запарожжа, з прамежкавым пунктам у Бярдзянску.

У Херсонскай вобласці акупанты пачалі рыхтаваць «рэферэндум» пра стварэнне «ХНР», паведамляе Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны.

Hавiны
Украіна сканфіскавала маёмасць бізнесоўцаў з Расеі і Беларусі на суму каля $ 9 млн
2022.03.31 16:59

ВК belsat.eu

Стужка навінаў