Удзень 25 траўня генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг сустрэўся з прэм’ер-міністаркай Эстоніі Каяй Калас і абмеркаваў з ёй справы, звязаныя з Беларуссю, пра што расказаў у Twitter.
«Мы абмяркоўвалі Беларусь, у звязку з чым я вітаю новыя захады Еўразвязу, – напісаў Енс Стольтэнбэрг. – Павінна быць праведзенае тэрміновае міжнароднае расследаванне небяспечнай прымусовай пасадкі. Журналіста Рамана Пратасевіча і Сафію Сапегу неабходна неадкладна вызваліць».
Яшчэ 23 траўня, калі рэйс «Ryanair» ляцеў з Афінаў у Вільню, але прызямліўся ў Менску, Стольтэнбэрг пісаў, што пільна сочыць за сітуацыяй, якую назваў «сур’ёзным і небяспечным інцыдэнтам».
23 траўня самалёт «Ryanair», які ляцеў з Афінаў у Вільню, зрабіў вымушаную пасадку ў Менску праз інфармацыю аб «мініраванні», якую экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. У Менску затрымалі прынамсі двух пасажыраў: блогера Рамана Пратасевіча і ягоную сяброўку Сафію Сапегу. Астатніх пасажыраў адпусцілі пад вечар. Гендырэктар «Ryanair» назваў перанакіраванне самалёта ў Менск «дзяржаўным пірацтвам», прэм’ер-міністр Польшчы – «дзяржаўным тэрарызмам».
24 траўня Саміт Еўразвязу прыняў рашэнне забараніць беларускім авіякампаніям палёты ў Еўразвяз. Рашэнне можа набыць моц, калі яго зацвердзяць на ўзроўні еўрапейскіх міністраў. Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі склікае 27 траўня тэрміновае паседжанне праз сітуацыю ў Беларусі. Францыя і Вялікая Брытанія забаранілі палёты «Белавіі», Украіна спыніла авіязлучэнне, Літва не пускае самалёты з беларускай паветранай прасторы і не выпускае ў яе. Шэраг авіякампаніяў вядзе самалёты ў аблёт Беларусі.
АА belsat.eu