Хэпі-энд для Беларусі. 5 фактараў, што перашкаджаюць яму адбыцца


Спыненне рэпрэсіяў, вызваленне палітвязняў і новыя дэмакратычныя выбары – уважаем гэта за шчаслівы фінал. Што перашкодзіць Беларусі прыйсці да гэтага фіналу? «Белсат» спытаў пра гэта ў паліталагіні Таццяны Чуліцкай.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з байцамі АМАП
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з байцамі АМАПу. Беларусь. 21 жніўня 2020 года.
Фота: president.gov.by

У Беларусі не будзе раптоўнага часу ікс, але можа быць акно магчымасцяў, перакананая Таццяна Чуліцкая: для таго, каб адбыліся дэмакратычныя змены, мусіць скласціся сукупнасць абставінаў і фактараў, накшталт таго, як было ў часе выбараў-2020 – хоць цяпер відаць, што нават у 2020 годзе спрыяльных умоваў не хапіла для дэмакратычнага транзіту. Акрамя таго,  аптымістычнаму сцэнару развіцця палітычных падзеяў у Беларусі можа  перашкаджаць мноства фактараў, расказвае яна.

Чуліцкая была сярод міжнароднай каманды навукоўцаў праекту «Еўрапейская сетка для Беларусі», якая на пачатку гэтага года разглядзела чатыры сцэнары для Беларусі на канец 2023 года. Яна прэзентавала сцэнар, у якім Беларусь ператвараецца ў «расейскі пратэктарат», то бок у краіну з вельмі абмежаваным, толькі фармальным суверэнітэтам.

У такой краіне-пратэктараце за фармальным нацыянальным урадам застаюцца функцыі сацыяльнага забеспячэння і магчымасці арганізоўваць уласную вертыкаль, а таксама праводзіць рэпрэсіі супраць свайго ж грамадства. Разам з тым, вайсковая функцыя, міжнародныя адносіны і нават манетарная палітыка адыходзіць да краіны-пратэктару – Расеі.

Агляд
Будучыня Беларусі: што і як можа яе змяніць? Чатыры сцэнары ад экспертаў
2023.06.19 20:03

Сцэнар «пратэктарату» песімістычны, але адзіны, у якім няма «чорных лебедзяў» – непрадказальных падзеяў, што рэзка мяняюць расклад сілаў. Гэта значыць, што калі падзеі ў Беларусі і яе зносіны з Расеяй будуць развівацца такім чынам, як гэта адбываецца цяпер, яна хутка перастане існаваць, хаця Аляксандр Лукашэнка пры гэтым і захавае фармальны тытул кіраўніка дзяржавы, тлумачыць экспертка.

Эксперты разглядалі таксама такія сцэнары: узмацненне суверэнітэту лукашэнкаўскай Беларусі пасля няўдалай спробы арганізаванага Крамлём перавароту; аб’яднанне лукашэнкаўскай Беларусі з Украінай супраць Расеі; нацыянальны дыялог пасля паразаў беларускага войска ва Украіне.

«Калі мы паглядзім вельмі песімістычна на падзеі, што разгортваюцца цяпер, то і ядравая зброя, і вайна ва Украіне, і зносіны між Беларуссю і Расеяй – гэта тры фактары, якія як мінімум уплываюць на тое, што сцэнар развіцця Беларусі будзе вельмі негатыўны», – адзначае Чуліцкая.

«Таксама, на жаль, не спрыяе дэмакратычным зменам і сітуацыя ў беларускім грамадстве, у адносінах якога адбываюцца моцныя і няспынныя рэпрэсіі, што ствараюць атмасферу безвыходнасці і атамізаванасці, калі людзям складана аб’ядноўвацца і дзейнічаць разам, – працягвае яна. – Акрамя таго, частка актыўных людзей з’ехала, што таксама не падвышае ўзроўню чалавечага патэнцыялу і не набліжае магчымых зменаў».

А калі ўсё ж адкрыецца акно магчымасцяў? Чуліцкая пералічвае фактары, што будуць перашкаджаць Беларусі прыйсці да хэпі-энду, і ацэньвае сур’ёзнасць перашкодаў.

1. Улады наўрад ці пойдуць на дэмакратызацыю – і ў гэтым не зацікаўленыя пэўныя групы людзей

У Беларусі склалася жорсткая іерархічная вертыкальная сістэма, якую ўзначальвае адзін чалавек, і гэтая сістэма вельмі сервільная. Чыноўнікі «наверсе» гатовыя выконваць любыя загады, нават самыя абсурдныя. Асобнай катэгорыяй людзей, не зацікаўленых у дэмакратычных зменах, ёсць так званыя «чырвоныя дырэктары» буйных дзяржаўных прадпрыемстваў. Таксама і буйныя бізнесоўцы, звязаныя з дзейным рэжымам праз пэўныя прывілеі ды магчымасці атрымліваць прыбытак, могуць актыўна супраціўляцца любым  зменам, бо тыя могуць парушыць дзейны стан, status quo.

Лукашэнка зачытвае пасланне
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка зачытвае пасланне беларускаму народу. Менск, Беларусь. 31 сакавіка 2023 года.
Фота: president.gov.by

Разам з тым, чыноўнікам і дзяржаўным службоўцам сярэдняга ўзроўню, не ўцягнутым непасрэдна ў рэпрэсіі, прыход дэмакратычнай улады не такі страшны: тая будзе больш рацыянальная, ім стане лягчэй працаваць. Яны наўрад ці будуць актыўна процістаяць дэмакратычным зменам ці не жадаць іх, але не стануць і актыўна супраціўляцца дзейнай уладзе.

Уся сістэма збудаваная на тым, каб чыноўнікі не былі ініцыятыўнымі, не маглі і не шукалі інавацыйных шляхоў, а проста выконвалі тое, што ім кажуць. У сістэме дзяржаўнага кіравання адбываецца негатыўная селекцыя, калі асноўным крытэрам трапляння на пазіцыю ў дзяржапараце ёсць гатовасць падпарадкоўвацца.

Агляд
З 10 беларусаў 2 праеўрапейскія, 3 прарасейскія і 5 інертныя, – сацыёлаг Вардамацкі
2023.06.20 16:20

2. Сілавы блок не захоча дэмакратыі з вяршэнствам права

Сілавікі цяпер відавочна займаюць даміноўныя пазіцыі ў дзяржаўнай сістэме Беларусі. На іх, фактычна, трымаецца ўлада Лукашэнкі. Яны могуць праводзіць амаль любыя свае аперацыі і рэпрэсіі, нават відавочна шкодныя для дзяржавы і людзей, што яскрава засведчыў прыклад з захопам самалёта «Ryanair», пасля якога Беларусь атрымала адныя з наймацнейшых у сваёй гісторыі санкцыяў.

І многія сілавікі персанальна звязаныя з рэпрэсіямі, таму наўрад ці захочуць дэмакратычнай улады, пры якой ім давядзецца адказваць за злачынствы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Маршу супраць тэрору. Менск, Белаурсь. 1 лістапада 2020 года.
Фота: Белсат

3. Людзі стомленыя, расчараваныя і запужаныя

Частка беларускага грамадства цяпер у сацыяльнай апатыі, а рэпрэсіі толькі пагаршаюць гэтае становішча, што не спрыяе жаданню рабіць нешта для дэмакратызацыі.

Паколькі ў беларусаў не атрымалася хутка дабіцца дэмакратызацыі мірнымі высілкамі, цяпер назіраецца пэўная радыкалізацыя як дэмакратычных лідараў, так і часткі грамадства, ацаніць ступень якой пакуль цяжка. Ды радыкалізацыя і гатовасць да гвалту – гэта складаны фактар. З аднаго боку, ён можа дапамагчы хутка змяніць уладу. Але наступствы такой змены могуць быць зусім не дэмакратычныя, бо невядома, хто прыйдзе да ўлады ў такім выпадку і калі адбудуцца (або ці ўвогуле адбудуцца) дэмакратычныя выбары.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аздобы ў горадзе, вывешаныя напярэдадні 9 траўня. Менск, Беларусь. 2 траўня 2023 года.
Фота: Белсат

Пры тым нельга сказаць, што ў Беларусі нейкая спецыфічная «памяркоўная» палітычная культура, неспрыяльная патэнцыйным дэмакратычным зменам. Наадварот, можна казаць, што пры пэўных абставінах адсутнасць жадання гвалту з боку прадэмакратычнай часткі грамадства можа дапамагчы знайсці кансэнсус: другому боку будзе зразумела, што пры змене ўлады супраць іх не будзе гвалту і ў грамадстве не будзе рызыкі грамадзянскай вайны.

З пазітыўных для беларускага грамадства момантаў можна адзначыць тое, што як за мяжой, так і ў Беларусі ў падполлі да гэтага часу захоўваецца грамадзянская супольнасць. Яе прадстаўнікі і арганізацыі займаюцца развіццём адукацыі, культуры і беларускай ідэнтычнасці, што патэнцыйна спрыяе таму, што грамадства будзе больш падрыхтаванае да акна дэмакратычных магчымасцяў, калі тое адкрыецца.

Аналітыка
КДБ пужае тэрарыстамі. Чаму беларусы не перайшлі ад мірнага пратэсту да гвалту і забойстваў?
2023.05.04 07:00

4. Падтрыманне Расеі можа абярнуцца стратай суверэнітэту

Эканамічнае, палітычнае і сімвалічнае падтрыманне Расеяй – галоўны «сакрэт» таго, чаму Лукашэнка застаецца ва ўладзе. Вайсковая прысутнасць Расеі ў Беларусі толькі ўзмацняецца. Калі ўкраінскі наступ будзе ісці даволі паспяхова, гэта можа зрабіць Уладзіміра Пуціна толькі агрэсіўнейшым – і пазбавіць Беларусь яшчэ часткі суверэнітэту ў якасці пэўнай кампенсацыі за паразы.

Размяшчэнне ў Беларусі расейскай ядравай зброі дакладна не спрыяе дэмакратызацыі, а яшчэ і падвышае фізічную небяспеку для Беларусі і беларусаў, якія робяцца мішэнню для ўдараў у адказ, калі здарыцца выкарыстанне гэтай зброі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на сустрэчы ў Менску. 19 снежня 2022 года.
Фота: Канстанцін Заўражын / kremlin.ru

5. Захад і Украіна – важныя фактары, але адныя яны наўрад ці выратуюць Беларусь

Дэмакратычныя краіны абмежаваныя ў тых інструментах і магчымасцях, пры дапамозе якіх яны могуць уплываць на аўтарытарны рэжым. Механізмы працы санкцыяў даволі складаныя, недэмакратычны ўрад і звязаныя з ім бізнесоўцы прыкладаюць шмат намаганняў, каб іх абысці. Сімвалічнае «выказванне занепакоенасці», практыкаванае міжнароднымі арганізацыямі і замежнымі палітыкамі, мае больш чым абмежаваны ўплыў, яно шмат каго толькі раздражняе.

Падтрыманне Захадам грамадзянскай супольнасці і медыяў карыснае, але разам з тым, з боку дэмакратычных краінаў у пэўнай ступені бракуе камунікацыі з беларусамі ўнутры краіны, каб тыя бачылі сваю ўласную дэмакратычную будучыню ў еўрапейскай сям’і. Цяпер людзі ў Беларусі не бачаць у Захадзе патэнцыйнай прывабнасці і гатовасці дапамагаць беларусам не на ўзроўні дэкларацыяў, а на ўзроўні практычных дзеянняў. Напрыклад, атрымання шэнгенскіх візаў, прапановы нейкай доўгатэрміновай стратэгіі зносінаў і магчымасцяў для беларускага грамадства. Захад часта не ўспрымаецца беларусамі як нейкі сапраўдны, а не гіпатэтычны і сімвалічны, партнёр.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Замена дзяржаўнага беларускага сцяга на бел-чырвона-белы. Рыга, Латвія. 24 траўня 2021 года.
Фота: Mārtiņš Staķis / Twitter

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў заходнім грамадстве агулам пагоршылася стаўленне да беларусаў – тое, што большасць беларусаў супраць вайны, часта не чуюць. Гэта стварыла дадатковыя практычныя і псіхалагічныя праблемы для беларусаў як у Беларусі, так і за межамі. Напрыклад, цяжкасці, а часам і немагчымасць атрымаць візу, або праблемы з легалізацыяй і ўладкаваннем у розных краінах. Гэтыя абставіны таксама негатыўна ўплываюць на магчымасці пераменаў.

Акрамя таго, дэмакратычным зменам у Беларусі не спрыяе і тое, што паміж беларусамі і ўкраінцамі мала ўзаемадзеяння, ведаў адно пра аднаго. Хаця б частковае развязанне гэтай праблемы дапамагло б зняць частку напружанасці, а таксама спрыяла б таму, каб у будучыні дзве краіны маглі мець паміж сабой добрыя зносіны.

Наўрад ці хтосьці сур’ёзна разглядае магчымасць таго, што ў Беларусь прыйдуць войскі NATO і зменяць уладу на дэмакратычную. Хіба калі з тэрыторыі Беларусі будзе скарыстаная ядравая зброя, войскі краінаў Захаду могуць умяшацца ў сітуацыю, але гэта будзе зусім не тое ўмяшанне, пасля якога можна казаць пра нейкі хэпі-энд і дэмакратызацыю. Замежныя ваенныя інтэрвенцыі наўрад ці варта разглядаць у якасці пазітыўнага сцэнару: хутчэй яны стваралі новыя рызыкі для краінаў, дзе адбываліся.

Hавiны
Ціханоўская дапусціла, што можа папрасіць Зяленскага дапамагчы вызваліць Беларусь
2023.06.19 20:58

Канфлікты ў дэмакратычных сілах – неістотны фактар

Канфлікты і расколы, вядома, ёсць. Яны негатыўна ўплываюць на грамадства і асабліва на яго актыўную частку, зніжаюць давер некаторых людзей і ўвогуле не надаюць  аптымізму. Але ўзнікненне канфліктаў непазбежнае нават у дэмакратычных урадах. А калі параўнаць цяперашні стан дэмакратычных сілаў Беларусі з тым, як было раней, сітуацыя някепская: можа, цяпер якраз найбольшая ступень кансалідацыі за ўвесь час.

Калі б на шляху прасоўвання Беларусі да дэмакратыі было б больш поспехаў, канфліктаў было б значна менш. Разам з тым, пакуль захоўваецца надзея, што ў надзвычайнай сітуацыі дэмакратычныя сілы змогуць пакінуць у баку свае разыходжанні і здолеюць дзейнічаць у адным кірунку.

Каментар
Ці аб’яднаюцца два «ByPol», калі прыйдзе час ікс? Разважае Мажэйка
2023.06.16 07:05

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў