Будучыня Беларусі: што і як можа яе змяніць? Чатыры сцэнары ад экспертаў


Эксперты праекту «European Network for Belarus» прапанавалі аналітычны ліст  «Чатыры сцэнарыі для Беларусі на канец 2023 года». Аўтары адзначаюць, што вынікі іхнай працы нельга разглядаць як навуковыя прагнозы, але не выключаюць, што нешта з іх можа і адбыцца.  Паглядзелі, якую будучыню пабачылі эксперты. 

Крыніца: net4belarus.org

Праект «European Network for Belarus» яднае беларускіх і еўрапейскіх экспертаў.  Аналітычны ліст, які яны падрыхтавалі, змяшчае аналіз вызначальных падзеяў, што могуць прывесці да карэнных зменаў у Беларусі: ад ператварэння ў расейскі пратэктарат – да пачатку палітычнага дыялогу з дэмакратычнымі сіламі і пацяплення з Захадам. Сярод экспертаў – Кацярына Глод, магістарка еўрапейскай палітыкі; Вольга Дрындава, рэдактарка аналітычнага ліста, кіраўніца «European Network for Belarus» (Нямеччына); Андрэй Казакевіч, доктар паліталогіі, суаўтар аналітычнага ліста, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера»; Роза Турарбекава, кандыдатка гістарычных навук, аналітык беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение». Яны адзначаюць: да прапанаваных сцэнароў трэба ставіцца як да пэўнай творчасці, але варта разумець, што ўсё можа змяніцца вельмі хутка і трэба быць да гэтага гатовымі, асабліва – дэмакратычным сілам.

У перыяд з лютага да красавіка 2023 года пятнаццаць экспертаў, якія працуюць у Беларусі, Украіне, Польшчы, Літве, Нямеччыне, Швецыі, Фінляндыі і Вялікай Брытаніі, працавалі над чатырма кароткатэрміновымі сцэнарамі для Беларусі да канца 2023 года.

Тры з прапанаваных сцэнароў маюць у сабе чыннік «чорнага лебедзя». «Чорныя лебедзі» – гэта непрадказальныя падзеі з цяжкімі наступствамі. Яны паскараюць развіццё падзеяў і мяняюць правілы гульні.

Распавядаем, якія нечаканыя – ці даўно чаканыя – падзеі ў Беларусі і за яе межамі могуць найбольш істотна паўплываць на палітычную дынаміку ў Беларусі і якім чынам.

Сцэнар 1. Расейскі пратэктарат. Ціск Расеі на Беларусь: моцны. Устойлівасць Беларусі: нізкая

«Чорныя лебедзі»: няма.

Расея цярпіць няўдачу ў вайне супраць Украіны і пачынае кампенсаваць страты шляхам яшчэ больш актыўнай інтэграцыі з Беларуссю. Дамова пра паглыбленне інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве прадугледжвае стварэнне агульнай абарончай прасторы і размяшчэнне неабмежаванай колькасці расейскіх вайсковых базаў у Беларусі, забяспечвае кантроль Расеі над міністэрствамі, звязанымі з бяспекай, і Міністэрствам замежных справаў, а таксама ўвядзенне адзінай валюты (расейскі рубель) з адзіным эмісійным цэнтрам у Маскве да 2030 года.

Беларусь і Расея падпісваюць новую Дамову, пачынаюць зʼяўляцца агульныя «саюзныя» міністэрствы замежных справаў, унутраных спраў і абароны. У той час як Нацыянальны банк, Міністэрства эканомікі і Міністэрства фінансаў падпарадкоўваецца Саюзнай дзяржаве пад кантролем Расеі. Расея атрымлівае непасрэдны кантроль над ключавымі беларускімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Аляксандр Лукашэнка ва ўсім пагаджаецца з Уладзімірам Пуціным. Хаця большасць у беларускай эліце супраць гэтага, толькі маленькая частка адкрыта выказвае сваю нязгоду. Такіх асобаў у выніку або звальняюць, або рэпрэсуюць. На другім полюсе адносна невялікая, але гучная група элітаў, што прадстаўляе прарасейскіх прыхільнікаў жорсткай лініі. Палітычны рэжым у Беларусі працягвае сваё існаванне як стабільнае самадзяржаўе. Лукашэнка захоўвае пэўную ўладу над унутранай палітыкай Беларусі, але замежная і фінансавая палітыкі краіны пераходзяць пад кантроль Крамля. Большасць беларусаў супраць глыбейшых адносінаў з Расеяй, але яны не могуць супраціўляцца – у краіне працягваюцца рэпрэсіі. Пачынаецца новая хваля працоўнай міграцыі.

Афіцыйны Кіеў разрывае ўсе дыпламатычныя адносіны і каналы сувязі з рэжымам Беларусі. Украінскі амбасадар у Беларусі вяртаецца назад ва Украіну. Афіцыйны Кіеў падтрымлівае ўсе санкцыі супраць Беларусі і пачынае развіваць супрацу з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Акрамя таго, украінскія аўтарытэтныя асобы ўзмацняюць падтрыманне беларусаў, якія змагаюцца за Украіну і выступаюць за вызваленне беларускіх палітычных вязняў.

ЕЗ, ЗША ды іншыя дэмакратычныя краіны ўводзяць дадатковыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі, а таксама скарачаюць дыпламатычныя адносіны з афіцыйным Менскам. Захад не прызнае пастановаў, датычных далейшай інтэграцыі Расеі і Беларусі, уважае іх неправамернымі. Паралельна ЕЗ працягвае падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы, грамадзянскую супольнасць, СМІ, актывістаў, разнастайныя адукацыйныя і моладзевыя ініцыятывы. ЕЗ дэ-факта мае дрэнныя адносіны з беларускім урадам і праводзіць толькі закрытыя кансультацыі і сустрэчы для залагоджвання неадкладных задачаў.

Сцэнар 2. «Перадвызначаны суверэнітэт». Расейскі ціск на Беларусь: нізкі. Устойлівасць Беларусі: нізкая

«Чорны лебедзь»: расчараваная ў кіраўніцтве Беларусі, якое адмаўляецца ўступаць у вайну, Расея спрабуе змяніць уладу ў Менску шляхам дзяржаўнага перавароту. Пераварот праваліўся: Лукашэнка ўчыніў супраціў і атрымлівае падтрыманне сілавікоў.

Летні наступ Украіны мае поспех – расейская армія пачынае распадацца. Гэта падштурхоўвае Пуціна ўзмацніць ціск на Беларусь, каб яна ўвайшла ў вайну. Лукашэнка супраціўляецца, што стымулюе Крэмль да таемнай змовы супраць дыктатара Беларусі. Гэта заканчваецца няўдалым дзяржаўным пераваротам: сілавікі застаюцца вернымі Лукашэнку і выкрываюць змову.

Нестабільная палітычная сістэма выглядае як падзел улады паміж Лукашэнкам і сілавым блокам, які, тым не менш, у цэлым застаецца прарасейскім. Абодва бакі згаджаюцца на працяг унутраных рэпрэсіяў для «захавання стабільнасці».

Грамадства задушанае, апатычнае і падзеленае. У заслугі Лукашэнку запісваюць тое, што ён утрымаў Беларусь ад вайны і перажыў пераварот, што падвысіла ягоную легітымнасць у пэўных пластах грамадства. Беларусь захавала свой суверэнітэт, што таксама дапамагае аднавіць легітымнасць Лукашэнкі. Аднак параноя рэжыму прыводзіць да ўзмацнення рэпрэсіяў. Эканоміка застаецца ў стагнацыі, а эміграцыя працягваецца высокімі тэмпамі.

Лукашэнка аднаўляе няядравы статус Беларусі, сцвярджае, што ён мусіў зрабіць яе «ядравай дзяржавай» пад ціскам звонку, і абяцае ваенную пазіцыю, якая прывядзе да новых адносінаў Беларусь – Украіна. Пры пасярэдніцтве Украіны Менск пераконвае ЕЗ/Захад разгледзець паслабленне санкцыяў у абмен на абяцанае вызваленне палітвязняў і новыя палітычныя рэформы. Аднак канкрэтных планаў для іх рэалізацыі няма – на Захадзе захоўваецца скептыцызм. Да канца года адносіны ўнутры элітаў, а таксама беларуска-расейскія адносіны застаюцца ў тупіку. Такім чынам, Беларусь захоўвае суверэнітэт, а Лукашэнка і палітычныя эліты працягваюць рэпрэсаваць беларускае грамадства. У Расеі вельмі абмежаваныя рэсурсы для аказання ціску на Беларусь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Паміж Беларуссю і Расеяй – напружаныя адносіны. Расея адмаўляе сваё дачыненне да няўдалага дзяржаўнага перавароту і працягвае аказваць мінімальнае эканамічнае падтрыманне Лукашэнку, каб захаваць прарасейскую геапалітычную арыентацыю Беларусі і выкарыстоўваць краіну як шчыліну для ўхілення ад санкцыяў. Лукашэнка не давярае Пуціну, але не можа дыстанцыявацца ад Расеі, паколькі ў яго мала жадання паляпшаць адносіны з Захадам. Пасля правалу перавароту Расея пераходзіць да новага доўгатэрміновага падыходу, спрабуе аднавіць свой уплыў унутры Беларусі праз эліты вакол Лукашэнкі і прарасейскія сілы ў рэгіёнах.

У адказ на спробу перавароту ў Менску Уладзімір Зяленскі і ягоная каманда спрабуюць вывесці Беларусь з-пад уплыву Расеі. Украіна заклікае Брусель і Вашынгтон, каб яны падтрымалі «прыхільнікаў суверэнітэту» ў краіне (у тым ліку Лукашэнку) і аслабілі санкцыі супраць Беларусі. Украіна працягвае адціскаць Расею да межаў 1991 года. У снежні Кіеў наведвае дэлегацыя Міністэрства замежных справаў Беларусі, што сімвалізуе новы этап адносінаў. Украіна дае гарантыі, што тыя грамадзяне Беларусі, якія ваююць на яе тэрыторыі супраць Расеі, застануцца ва Украіне і не будуць ствараць пагрозы для Лукашэнкі.

ЕЗ займае асцярожную пазіцыю чакання. Яго рэакцыя на змены павольная і адтэрмінаваная. ЕЗ крытыкуе спробу дзяржаўнага перавароту, заяўляе, што Расея мусіць устрымлівацца ад умяшання ў справы Беларусі, абяцае і далей падтрымліваць суверэнітэт Беларусі. ЕЗ пастанаўляе не здымаць санкцыяў з Беларусі, а толькі заяўляе, што гатовы прыпыніць некаторыя з іх. У той жа час ЕЗ менш жорстка выкарыстоўвае санкцыі, найперш дзякуючы ўмяшанню Украіны. Менск запрашае амбасадара ЕЗ вярнуцца ў Беларусь.

Сцэнар 3. «Вялікі дыялог». Расейскі ціск на Беларусь: нізкі. Устойлівасць Беларусі: высокая

«Чорныя лебедзі»: палацавы пераварот у Менску – Лукашэнка замяняецца знутры прарасейскімі прыхільнікамі жорсткай лініі з сілавога блоку, якіх падтрымлівае Масква. Беларусь цалкам увайшла ў вайну. Буйныя поспехі ўкраінскай арміі, у тым ліку вызваленне Крыму, выклікаюць буру абурэння ў расейскіх рэгіёнах і раскол у расейскіх элітах. Прыхільнікаў жорсткай лініі ў Менску, у сваю чаргу, змяшчаюць «прагматычныя патрыёты», якія запускаюць нацыянальны дыялог для выратавання Беларусі.

Пасля цяжкіх паразаў ва Украіне і пачатку вызвалення Крыму Расея цісне на Лукашэнку, каб той абвясціў усеагульную мабілізацыю і адправіў беларускія войскі на вайну. Ён адмаўляецца, і Расея адхіляе яго ад улады рукамі прыхільнікаў жорсткай лініі ў Савеце бяспекі: Лукашэнка ідзе ў адстаўку пасля «невытлумачальнага» цяжкога захворвання.

Беларускае войска ўступае ў вайну, але гэта не дапамагае: новыя паразы прыводзяць да ўнутраных узрушэнняў у Расеі – этнічна нярускія рэгіёны пачынаюць бунтаваць супраць Масквы, што прыводзіць да адкрытай барацьбы ўнутры расейскіх элітаў.

Такім чынам, Расея мусіць засяродзіцца на ўнутранай стабілізацыі і больш не можа ўплываць на Беларусь або падтрымліваць яе эканамічна. Украінская армія вяртае Крым і пачынае абстрэлы вайсковых абʼектаў у Беларусі, што прымушае прагматычную частку беларускіх элітаў арыштаваць постлукашэнкаўскіх кіраўнікоў і пачаць агульнанацыянальны дыялог з грамадствам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Беларускае грамадства мабілізуецца супраць вайны. Далей ідзе вызваленне палітвязняў і шырокі агульнанацыянальны дыялог з праўладнымі арганізацыямі, незалежнымі НДА, былымі палітвязнямі і дэмакратычнымі сіламі. Палітычныя эмігранты, чый маральны аўтарытэт цяпер умацаваны, уваходзяць у перамовы з урадам Беларусі. Расце нацыянальная і грамадзянская самасвядомасць Беларусі. Крэмль застаецца ўбаку, але лічыць перамовы ў Менску «прымальнымі», паколькі яны кантралююцца рэжымам Беларусі.

Перад грамадзянскай супольнасцю адкрываецца акно магчымасцяў. Некаторыя выгнаныя НДА вяртаюцца ў Беларусь і далучаюцца да нацыянальнага дыялогу. Іх дзейнасць звязаная з рэабілітацыяй палітвязняў і прапановамі рэформаў. Больш «радыкальныя» застаюцца ў выгнанні і патрабуюць поўнай дэмакратызацыі без усялякіх кампрамісаў з «крывавым» рэжымам. Беларусы падзеленыя, большасць заклапочаная пытаннямі выжывання. Паводле незалежнага апытання, 60 % рэспандэнтаў хочуць, каб эканоміка была галоўным прыярытэтам новага ўраду.

Двухбаковыя адносіны паміж Беларуссю і Украінай дасягнулі гістарычнага мінімуму ў сувязі з актыўным уваходам Беларусі ў вайну і наступнай паразай. Усе сувязі перарэзаныя, а Украіна настойвае на новых, больш жорсткіх санкцыях для Беларусі. Пасля змены ўлады і адступлення беларускіх войскаў Менск заяўляе пра «стратэгічную важнасць» замірэння з Украінай. Украінскі ўрад усё яшчэ з падазрэннем ставіцца да новага беларускага ўраду, але пачынае папярэднія перамовы наконт пытанняў бяспекі і патрабуе рэпарацыяў, а таксама судовых працэсаў над «ваеннымі злачынцамі» з Беларусі. Стаўленне ўкраінскага грамадства да Беларусі застаецца ў асноўным негатыўным.

ЕЗ упершыню абвяшчае новыя маштабныя санкцыі пасля таго, як Беларусь цалкам далучаецца да вайны. Пазней ЕЗ у цэлым вітае вызваленне палітвязняў як знак добрай волі і пачатак нацыянальнага дыялогу, нягледзячы на тое, што ён выключае пэўныя буйныя апазіцыйныя групы. Некаторыя санкцыі (у адносінах да транзіту і экспарту калію) часткова знятыя, што сведчыць пра падтрыманне Але некаторыя дзяржавы ўсё яшчэ настроеныя скептычна, асабліва суседзі Беларусі, бо бачаць у дыялогу спробу рэжыму выратаваць сябе, а не рэальны дэмакратычны пераход. Новы кіраўнік успрымаецца як занадта «прарасейскі». Таму іншыя санкцыі застаюцца ў сіле, пакуль ЕЗ чакае пэўных вынікаў, асабліва новых прэзідэнцкіх выбараў.

Сцэнар 4. «Саюз супраць Расеі». Ціск Расеі на Беларусь: моцны. Устойлівасць Беларусі: высокая

«Чорныя лебедзі»: сілавы блок, верны Лукашэнку, раскрывае змову Расеі з мэтай не дапусціць змены рэжыму падчас выбараў у 2025 годзе шляхам подкупу і фінансавага падтрымання палітычных структураў, рэгіянальных элітаў і пэўных асобаў ва ўладным блоку.

Пасля няўдачаў Расеі на ўкраінскім фронце Пуцін баіцца «страціць» і Беларусь, што падштурхоўвае яго да ўзмацнення ўплыву Расеі ў Беларусі шляхам усталявання поўнага кантролю над палітычнымі структурамі і, у ідэале, замены Лукашэнкі марыянеткай у 2025 годзе. Аказваецца, шматлікія мясцовыя дзяржаўныя службоўцы, чальцы палітычнай партыі рэжыму («Белая Русь») ужо шмат гадоў маюць цесныя сувязі і фінансавае падтрыманне з Расеі. Ім была абяцаная кіраўнічая дэцэнтралізацыя за кошт інтэграцыі Расеі і Беларусі. У рэгіёнах моцны ўплыў маюць прарасейскія сілы і актывісты.

Калі Лукашэнка даведваецца пра гэтыя планы, ён публічна адмяжоўваецца ад блізкай супрацы з Расеяй і пачынае аднаўляць адносіны з Захадам, каб атрымаць фінансавую дапамогу, захаваць уладу і павялічыць грамадскае падтрыманне ў Беларусі. Замест адкрытай канфрантацыі Лукашэнка прыглушае прарасейскую рыторыку ў дзяржаўных СМІ, каб адвярнуць грамадскую думку ад Расеі. Нелаяльных дзяржаўных службоўцаў ціха пераследуюць, у асноўным праз абвінавачанні ў карупцыі. Лаяльныя эліты рыхтуюцца стаць часткай нацыянальнага дыялогу, кантраляванага дзяржавай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Цімур Котаў / Вот Так / Белсат

Каб задаволіць патрабаванні Захаду наконт магчымай супрацы, Лукашэнка вызваляе некаторых палітвязняў і аслабляе рэпрэсіі супраць актывістаў, у той час як яго асноўныя палітычныя апаненты застаюцца за кратамі. У адказ на гэта некаторыя заходнія санкцыі спыняюцца. Круглы стол з дэмакратычнымі сіламі запланаваны на пачатак 2024 года; дэмакратычныя дзеячы ў выгнанні праяўляюць цікавасць. Аднак улады разлічваюць трымаць пад кантролем працэс нацыянальнага дыялогу.

Масква не рэагуе на геапалітычны разварот Менску вайсковым чынам, замест гэтага яна пачынае прытрымлівацца доўгатэрміновай стратэгіі аднаўлення кантролю над Беларуссю. Яна выпускае некалькі новых «дакументальных фільмаў», што дыскрэдытуюць асабіста Лукашэнку, але падкрэсліваюць адзінства расейскага і беларускага народаў. Масква пачынае гандлёвыя войны («малочныя», «мясныя», «нафтавыя»), закрывае транзіт беларускага калію на расейскіх чыгунках, прыпыняе ўсе крэдытныя праграмы і пагражае спыніць пастаўкі газу і нафты ў 2024 годзе. Урад Расеі распрацоўвае планы прымусу Беларусі да падпарадкавання шляхам выкарыстання вайсковай сілы і фальшывага рэферэндуму, у выніку чаго Беларусь стала б часткай Расеі.

Калі Расея пагражае ўвесці эканамічную блакаду Беларусі, прэзідэнт Зяленскі нагадвае, што Украіна таксама сутыкаецца з экзістэнцыяльнымі пагрозамі, і заклікае беларусаў распачаць нацыянальны дыялог дзеля абароны свайго суверэнітэту. Ён вітае заяву Лукашэнкі пра афіцыйны выхад Беларусі з вайны з Расеяй і спыненне ўсіх вучэнняў расейскіх войскаў у Беларусі. Украіна сігналізуе пра гатовасць аднавіць ранейшыя абʼёмы гандлю з Беларуссю і, магчыма, нават пастаўляць у Беларусь газ. З гэтага часу Украіна пільна каардынуе сваю палітыку ў дачыненні Беларусі (у тым ліку паступовае скасаванне санкцыяў) з ЕЗ ды іншымі заходнімі партнёрамі.

Каб мінімізаваць удзел Беларусі ў ваенных дзеяннях Расеі і перадухіліць размяшчэнне на яе тэрыторыі тактычнай ядравай зброі, ЕЗ пагаджаецца падтрымаць Лукашэнку ў абмен на вызваленне палітвязняў, паслабленне рэпрэсіяў і ініцыяванне нацыянальнага дыялогу. Некаторыя санкцыі ЕЗ (напрыклад, забарона на SWIFT, санкцыі супраць авіякампаніі «Белавія», грузавых кампаніяў, вытворчасці калію, драўніны і металаў) прыпыняюцца ў лістападзе ў сувязі з эканамічнай блакадай Расеі, у той час як эканамічны план для Беларусі разглядаецца як асобная магчымасць у выніку нацыянальнага дыялогу і новых выбараў. Улады Беларусі, ЕЗ і дэмакратычныя сілы ствараюць кантактныя групы для запуску Круглага стала ў 2024 годзе.

Саша Гоман  belsat.eu 

Стужка навінаў