«Дыктатура Лукашэнкі сканчаецца». На беларускай мяжы зачыталі зварот Палка Каліноўскага


На ўсіх памежных пераходах Украіны з Беларуссю прагучаў зварот Палка Каліноўскага да беларускіх сілавікоў. Пра гэта 19 чэрвеня паведамілі ў ПКК.

Атрад «Атам» палка Каліноўскага.
Фота: Полк Каліноўскага / Telegram

«У гэтай улады і яе абслугі няма будучыні. Міжнародная ізаляцыя і разрыў эканамічных сувязяў з краінамі цывілізаванага свету, занядбанне і заняпад беларускай эканомікі. Дыктатура Лукашэнкі павінна скончыцца і яна сканчаецца», – заявілі ў звароце.

У Палку Кастуся Каліноўскага адзначылі, што кожны, датычны да рэпрэсіяў супраць беларускага народу, панясе пакаранне.

«Полк Кастуся Каліноўскага робіць усё да набліжэння перамогі», – адзначылі ў ПКК.

Таксама ў палку заклікалі беларускіх вайскоўцаў не выконваць злачынных загадаў:

«Калі шалёны дыктатар Лукашэнка, спрабуючы хоць неяк выратаваць уплываючую з яго рук уладу, аддасць загад аб перасячэнні мяжы Беларусі і наступе на Украіну, кідайце зброю. Кідайце, ці накіруйце яе супраць злачынцаў, адмаўляйцеся, бяжыце, але ні пры якіх абставінах не станавіцеся ўдзельнікамі самага вялікага злачынства ў вашым жыцці і ў жыцці пасляваеннай Еўропе».

У палку адзначылі, што ва Украіне ўжо загінулі 200 тыс. расейцаў, і ў выніку агрэсіі з боку Беларусі будуць гінуць і беларусы. Каліноўцы падкрэслілі, што маюць «сапраўдны баявы досвед ва ўмовах самай сучаснай вайны».

«Што вы можаце нам супрацьпаставіць?» – задаліся пытаннем у ПКК.

Гукавыя дыверсіі на беларуска-ўкраінскай мяжы здараюцца перыядычна, прычым з абодвух бакоў. Напрыклад, беларускія памежнікі заклікалі ўкраінцаў пачаставаць свае боршч і сала.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў