Пракурорка запытала 2 гады калоніі для валанцёра пошукавага атраду «Анёл»


У судзе Першамайскага раёну Менску 15 чэрвеня працягнуўся суд над менчуком Іванам Багдзевічам, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Маладзёна абвінавачваюць ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Іван віны не прызнае. Падчас спрэчак бакоў дзяржабвіначванне запатрабавала для яго зняволенне на тэрмін 2 гады ў калоніі агульнага рэжыму.

Паводле следства, Багдзевіч з 12-га да 15-га, а таксама 16 і 23 жніўня ў розных месцах Менску «публічна выкрыкваў лозунгі і рабіў гучныя воплескі рукамі, тым самым здзяйсняў дзеянні, накіраваныя на працяглае парушэнне спакою грамадзянаў», а таксама не падпарадкоўваўся прадстаўнікам улады. Сваймі дзеяннямі, сцвярджае бок абвінавачвання, Іван «абмежаваў права добрапрыстойных грамадзянаў на спакой, працу і іншае».

Суд над Іванам Багдзевічам, 15 чэрвеня 2021 года.
Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»

На судзе Іван Багдзевіч заявіў, што цалкам адмаўляе сваю віну. Адзначыў, што ён не адміністратар і не актыўны ўдзельнік чатаў, а таксама распавёў, што валанцёрыць у пошукава-выратавальным атрадзе «Анёл».

Багдзевіча затрымалі 19 кастрычніка 2020 года. Першапачаткова яму выставілі абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Удзел у масавых закалотах»), потым змянілі на ч. 1 арт. 342.

Прысуд валанцёру «Анёла» агучаць 23 чэрвеня.

17 чэрвеня а 10:30 у судзе Маскоўскага раёну працягнецца разгляд справы братоў Цімура і Тамаза Піпія, Дзяніса Балтуця і Віталя Шышлова. Палітвязняў, паводле «Вясны», вінавацяць паводле шэрагу артыкулаў за падзеі 10 жніўня і 23 верасня 2020 года – ва ўдзеле ў масавых закалотах і гвалце над супрацоўнікамі міліцыі, Цімура Піпію ў тым ліку – ва ўхіленні ад адбывання грамадскіх працаў.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў