Уладзімір Зяленскі: Расейскае войска дэманструе ў гэтыя дні найлепшае, што ўмее, - паказвае спіну


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што з пачатку верасня Збройныя сілы Украіны вызвалілі каля двух тысячаў квадратных кіламетраў акупаваных расейскімі войскамі тэрыторыяў краіны. Пра гэта Зяленскі заявіў 10 верасня ў вечаровым відэазвароце.

«Рух нашых воінаў у розных напрамках фронту працягваецца. На гэты час у рамках актыўных дзеянняў з пачатку верасня ўжо вызвалена каля 2 тысяч кіламетраў нашай тэрыторыі. У гэтыя дні расейская армія дэманструе найлепшае, што ўмее, – паказвае спіну. І, у рэшце рэшт, гэта добры выбар для іх, каб уцячы. Ва Украіне месца акупантам няма і не будзе», – сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Асобна кіраўнік Украіны згадаў байцоў 15-га Славянскага палка Нацыянальнай гвардыі Украіны, якія вызначыліся на Харкаўскім напрамку, і воінаў 214-га асобнага стралковага батальёна, якія вызвалялі Балаклею.

У той жа час Уладзімір Зяленскі паўтарыў заклік да расейскіх вайскоўцаў, якія «не хочуць вяртацца ў РФ» ці здавацца ў палон з гарантыямі, якія прадугледжвае Жэнеўская канвенцыя.

Паводле звестак Генштабу Украіны, у апошнія дні ЗСУ вызвалілі або ўзялі пад кантроль больш за 30 населеных пунктаў, якія былі часова захопленыя расейскімі акупантамі ў Харкаўскай вобласці, у тым ліку гарады Балаклія і Куп’янск. 10 верасня стала вядома, што расейскія войскі адступілі і з Ізюму. Мінабароны Расеі назвала гэтае адступленне сваіх войскаў «перагрупаваннем для нарошчвання высілкаў на Данецкім кірунку». Поўнамаштабная вайна ва Украіне працягваецца 199 дзень.

Hавiны
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 10 верасня
2022.09.10 19:38

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў