«Начальнік ІЧУ пагражаў згвалціць дубінкай». Выйшаў на волю кіроўца «Tesla», якога арыштавалі за «Муры»


Руслан Багданоўскі правёў 30 дзён за кратамі ў нялюдскіх умовах за тое, што пад ізалятарам на Акрэсціна ўключыў песню «Разбуры турмы муры».

Руслан Багданоўскі пасля 30 дзён арышту.
Фота: spring96.org

1 снежня Руслан Багданоўскі пакінуў Беларусь, і цяпер ён у бяспечным месцы, піша «Вясна». 11 кастрычніка ён уключыў песню «Разбуры турмы муры» пад менскім ізалятарам на завулку Акрэсціна – яго і пасажыра машыны затрымалі і арыштавалі на 30 дзён.

«Закіпала кроў ад беззаконня»

Як распавёў былы арыштант Руслан Багданоўскі, ён працаваў кіроўцам сталічнага таксі і вазіў людзей на «Tesla». 11 кастрычніка ён прыехаў на замову да не знаёмага яму кліента Максіма Канавалава. Руслан успамінае, што дарогаю яны слухалі розныя песні пратэсту, у тым ліку Сяргея Міхалка, гурт «Кино», а таксама «Муры». Паводле мужчыны, ад гэтай музыкі ў іх пачала «закіпаць кроў ад усяго таго беззаконня, што адбываецца ў краіне».

Праз гэта Руслан прапанаваў новаму знаёмаму паехаць пад сцены Акрэсціна і ўключыць «Муры», каб падтрымаць арыштантаў. Максім пагадзіўся. Каля Акрэсціна яны адчынілі ў машыне ўсе вокны, люк, і, уключыўшы на ўсю гучнасць «Муры», праехалі ўздоўж сценаў ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна. Потым яны развярнуліся, праехалі назад і спыніліся недалёка ад брамы ў ізалятар.

Hавiны
За што кідалі пад арышт у лістападзе: песня, налепка, адмова адчыніць дзверы…
2021.12.05 11:01

Там яны прастаялі каля трох хвілінаў да таго моманту, як да іх выбег начальнік ІЧУ Ігар Кенюх у цывільным, трымаючы тэлефон у руках. Ён пачаў здымаць мужчынаў на відэа. Гнаўся за машынай, спрабаваў адчыніць дзверы, нават ударыў у шкло кулаком.

Кіроўца пасля гэтага зразумеў, што неўзабаве іх могуць затрымаць, таму пасля таго, як адвёз дадому Максіма, сам не паехаў далей працаваць, а заехаў у краму паесці перад зняволеннем. На выхадзе з крамы яго схапілі адразу шэсць міліцыянтаў, паказаць дакументы яны адмовіліся.

У Маскоўскім РУУС участковыя склалі на Руслана адразу два пратаколы: па лініі ДАІ за спыненне машыны пад знакам «Прыпынак забаронены», а таксама за «несанкцыянаванае пікетаванне» (арт. 24.23 КаАП РБ). У гэты ж час у РУУС прывезлі і Максіма Канавалава, на якога таксама склалі пратакол за «несанкцыянаванае пікетаванне». Пасля РУУС іх перавезлі ў ІЧУ на Акрэсціна.

«Стакан», карцар, пагроза згвалтаваннем

У ізалятары Руслана раздзелі да майткоў і пасадзілі ў «стакан» (вузкую цесную камеру), дзе трымалі каля чатырох гадзінаў. У суседнім «стакане» быў Максім, і ў «стакане было вельмі халодна». Потым Руслана перавялі ў карцар.

На наступны дзень Руслана ў кайданках «ластаўкай» павялі на другі паверх ІЧУ і пасадзілі ў «клетку». Там яго на некалькі хвілінаў пакінулі чакаць Ігара Кенюха — начальніка ІЧУ на Акрэсціна. Са словаў мужчыны, Кенюх адразу пачаў крычаць на яго з нецэнзурнай лаянкай і пагражаць, што згвалціць яго дубінкай. Потым Кенюх крыкнуў ахоўнікам: «Ракам яго! І да «петухоў» у камеру яго! Цяпер цябе в**ць два нямытых зэкі!»

У выніку, яго вярнулі ў карцар. На наступны дзень суддзя Маскоўскага раёну Сяргей Кацар асудзіў Руслана на 15 содняў адміністратыўнага арышту. Падчас суда Кенюх сядзеў побач з Русланам, казаў яму: «Табе п***ц! Я цябе згнаю ў турме».

На другі дзень пасля арышту дадому да Руслана прыйшлі супрацоўнікі міліцыі для правядзення агляду. У кватэры нічога не чапалі рукамі, толькі глядзелі. Сястра Руслана, якая пры гэтым прысутнічала, сказала, што ёй прапанавалі падпісаць чытую паперу, дзе можна было б напісаць над ейным роспісам што заўгодна. Яна адмовілася.

Hавiны
«ЦІП падаўся санаторыем». За песню «Муры» пад Акрэсціна двух хлопцаў кінулі ў карцар
2021.11.20 15:34

26 кастрычніка Руслана і Максіма павінны былі вызваліць па заканчэнні 15-сутачнага арышту. Але выпускаць іх не спяшаліся. Праз паўтары гадзіны пасля часу вызвалення іх павезлі ў Маскоўскі РУУС, дзе склалі новыя пратаколы. Руслан нібыта «падчас прафілактычнай гутаркі пачаў паводзіцца агрэсіўна, крычаць і ўскокваць з крэсла». Мужчынаў зноў засудзілі: суддзя Таццяна Мотыль пастанавіла арыштаваць Максіма (які прызнаў віну) на 14 дзён, Руслана (які не прызнаў) – на 15.

Усе 30 дзён Руслан праседзеў у адным карцары, дзе ў розныя дні было ад чатырох да васьмі чалавек, усе «палітычныя». Спаць прыходзілася блізка адзін да аднаго, каб не змерзнуць. Ні матрацаў, ні душа, ні шпацыру — толькі святло круглыя содні і бетонная падлога. Цёплыя рэчы ў арыштантаў таксама забіралі.

На трэція содні ў карцары Багданоўскі захварэў: была высокая тэмпература, балела горла, пачаўся кашаль. Медычнай дапамогі не аказвалі, далі толькі цытрамон. За ўвесь час за кратамі ў Багданоўскага пагоршыўся зрок.

Не шкадуе

«Пакуль быў у камеры, да нас пару разоў закідвалі хлопцаў, якія, пачуўшы маю гісторыю, казалі, што чулі песню «Давай разбурым гэтую турму», – і вельмі гэта ім падымала дух, – расказаў Руслан. – Усе людзі, з якімі мне давялося быць у карцары за час арышту, былі сапраўдныя беларусы! Усе выхаваныя і цікавыя. Ні разу ні з кім не было ніякіх канфліктаў. Усе падтрымлівалі адзін аднаго. У кожнага была гісторыя затрымання, якая мяне шакавала. Я маю на ўвазе, што людзей проста ні за што садзяць. Прычым тэрміны проста дзікія фігуруюць у дакументах.

Будучы там, я ні разу не пашкадаваў пра тое, што мы зрабілі, і не пашкадаваў бы, нават калі б мне яшчэ накінулі два разы па 15 дзён».

АА belsat.eu

Стужка навінаў