У справе аб падпале дому Гайдукевіча ў СІЗА КДБ утрымліваюць сям'ю з чатырох чалавек


Як паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна», сям’ю Вайцяховічаў утрымліваюць у СІЗА КДБ ужо год і пяць месяцаў. Дата суда дагэтуль невядомая.

У чэрвені 2021 года Алег Гайдукевіч заявіў, быццам ягоны дом хацелі падпаліць – кінулі тры бутэлькі з запальнай сумессю. Пажару не адбылося, ад гэтых дзеянняў ніхто не пацярпеў і не мог пацярпець, бо ўдома ў той час нікога не было. Але спецслужбы ўсё роўна кваліфікавалі гэта як «акт тэрарызму».

КДБ паведаміў пра затрыманне сям’і Вайцяховічаў, якая нібыта за «заходнія грошы» планавала «тэрарыстычныя атакі». Гэта самая звычайная сям’я: 54-гадовы Віталь працаваў на вытворчасці вокнаў, ягоная жонка, 47-гадовая Вольга, займалася манікюрам, іхны 26-гадовы сын Віталь працаваў у таксі, а жонка Віталя Анастасія – у краме тавараў для жывёлы.

Сямʼя Вайцяховічаў.
Фота: viasna96 / Telegram

Сямʼю Вайцяховічаў утрымліваюць у СІЗА КДБ ужо адзін год і пяць месяцаў. Іх абвінавачваюць паводле шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за «акт тэрарызму групай асобаў». Усе яны ўжо ўнесеныя ў «Спіс тэрарыстаў». Дата суда пакуль не прызначаная, пішуць праваабаронцы.

У снежні 2022 года Гайдукевіч заявіў, што агулам у справе праходзяць 15 чалавек. Трое з іх у межах «спецыяльнага вядзення» – яны перабываюць за мяжой. Паводле дэпутата, адным з замоўнікаў нападу нібыта быў экс-рэстаратар Вадзім Пракопʼеў, яго будуць судзіць завочна.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў