Дакументальную стужку «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы» журналіста і блогера Сцяпана Святлова, вядомага як «NEXTA» паглядзелі больш за паўмільёна чалавек.
За апошнія суткі фільм выйшаў на першае месца ў трэндах Беларусі ў «Youtube’е», распавёў «Белсату» Сцяпан Святлоў.
«У фільме падрабязна распавядаецца пра тое, як Лукашэнка скраў у нас краіну, мары, свабоду, будучыню і 25 гадоў жыцця. Шмат хто пра гэта і так даўно ведае, але з цягам часу, натуральна, пачынае забываць. Таму фільм мае, ў першую чаргу, асвяжыць памяць, але ў той жа час матываваць людзей, не даць зажурыцца ад таго, што адбывалася і адбываецца», – кажа аўтар дакументу.
Паводле Святлова, фільм арыентаваны на розныя пакаленні. Ён мае служыць дапаможнікам як для моладзі, якая хоча ведаць больш, гэтак і для старэйшага пакалення, якое пачынае страчваць надзею.
«Спадзяюся, з фільмам азнаёмяцца і тыя, хто зараз любым чынам дапамагае Лукашэнку пазбавіцца статусу «апошняга дыктатара Еўропы», зрабіць з сябе міратворца, адзінага гаранта стабільнасці і міру ў рэгіёне», – працягвае ён.
Паводле блогера, праца над фільмам вялася прыкладна з ліпеня.
«Гэта быў цяжкі час збору інфармацыі, напісання тэксту, мантажу, парадаў з іншымі людзьмі, і гэтак далей. Фільм забраў у мяне амаль увесь вольны час, але, як паказала рэакцыя людзей, яно было таго варта», – дадаў Святлоў.
У фільме расказваецца гісторыя першых прэзідэнцкіх выбараў, факты пра сем’ю кіраўніка Беларусі, мітынг на Плошчы Незалежнасці ў 2010 годзе, выбух у метро і спробы запусціць акумулятарны завод у Берасці. Таксама ў стужцы прыгадваюцца і «вершы Васіля Быкава», і «падарунак Ілана Масква».
ДД belsat.eu