Ужо 1223 палітвязні. Беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 8 чалавек


Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітвязнямі яшчэ восем асобаў – усе пазбаўленыя волі за «абразу прадстаўніка ўлады» ці «абразу Лукашэнкі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Турма № 4 у Магілёве, Беларусь.
Фота: Саша Мінько / mspring.media

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў 31 траўня аб супольным рашэнні шасці праваабарончых установаў прызнаць палітычнымі зняволенымі восем чалавек.

  1. Андрэй Валасач, узяты пад варту паводле арт. 369 КК РБ за «абразу прадстаўніка ўлады».
  2. Уладзімір Пархоменка, асуджаны паводле ч. 1 арт. 368 КК РБ за «абразу Лукашэнкі» на 1 год пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;.
  3. Ігар Фёдараў, асуджаны за «абразу Лукашэнкі» на 2 гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
  4. Антон Баброў, асуджаны за «абразу Лукашэнкі» на 2 гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
  5. Іван Паршын, асуджаны за «абразу Лукашэнкі» і паводле ч. 1 арт 130 КК за каментары ў сацыяльных сетках у адносінах супрацоўнікаў МУС, у якіх, паводле тэксту прысуду, прамых заклікаў да гвалту не было, да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
  6. Андрэй Барысюк, асуджаны за «абразу прадстаўніка ўлады» на 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання.
  7. Дзяніс Кісялёў, асуджаны за «абразу Лукашэнкі» на 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання.
  8. Валерый Захарчык, асуджаны да 3 гадоў калоніі за «абразу Лукашэнкі», за «абразу прадстаўніка ўлады» і паводле арт. 203-1 КК РБ за «распаўсюд персанальных звестак».

Праваабаронцы заклікаюць неадкладна вызваліць гэтых і ўсіх іншых палітычных зняволеных, спыніць іх крымінальны пераслед, а таксама дэкрыміналізаваць так званыя дыфамацыйныя правапарушэнні – за «абразу».

Разам з гэтымі васьмю людзьмі ў Беларусі ўжо 1223 чалавекі прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Але зняволеных з палітычных прычынаў, імаверна, больш. Праваабаронцы правяраюць кожную справу на адпаведнасць азначэнню «палітвязень» і проста не паспяваюць за рэпрэсіўнай машынай.

Аб’ектыў
КДБ называе палітвязняў «тэрарыстамі». Да чаго прывядзе далейшы ціск?
2022.05.25 23:12

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў