МЗС Украіны выклікала апостальскага нунцыя пасля словаў Папы Рымскага аб загінулай дачцэ Дугіна


Міністэрства замежных справаў запрасіла апостальскага нунцыя ва Украіне, каб выказаць расчараванне словамі Папы Рымскага Францішка аб загінулай Дар’і Дугінай, паведамляе МЗС Украіны.

24 жніўня Папа Рымскі Францішак пракаментаваў забойства Дарʼі Дугінай, дачкі аднаго з ідэолагаў «рускогог мира» Аляксандра Дугіна: «Я думаю пра бедную дзяўчыну, якая была ўзарваная бомбай, размешчанай пад сядзеннем аўтамабіля ў Маскве. За вайну плацяць нявінныя». У адказ на гэта МЗС Украіны і запрасіла прадстаўніка Ватыкану.

Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба праінфармаваў, што ў чацвер 25 жніўня нунцый быў у МЗС. Кулэба адзначыў, што само па сабе запрашэнне нунцыя ў міністэрства з’яўляецца беспрэцэдэнтным выпадкам і гаворыць само за сябе, і адзначыў, што ва Украіне глыбока расчараваныя словамі пантыфіка, якія несправядліва прыраўноўваюць агрэсара і ахвяру.

«Мы ўважліва азнаёміліся з поўнай цытатай Папы Францішка і, па-першае, прынялі рашэнне запрасіць у Міністэрства замежных справаў апостальскага нунцыя для выказвання расчаравання Украіны гэтымі словамі.

А па-другое, скажу шчыра, што ўкраінскае сэрца разрываецца ад словаў Папы. Гэта было несправядліва», – дадаў міністр.

Таксама ў МЗС заявілі, што ў іх выклікае неразуменне рашэнне Папы Францішка згадаць у кантэксце расейска-ўкраінскай вайны смерць расейскай грамадзянкі на тэрыторыі Расеі, да якой Украіна не мае ніякага дачынення.

Аўтамабіль з Дар’яй Дугінай выбухнуў 20 жніўня ў Падмаскоўі, а праз два дні ў Расеі заявілі, што забойства Дугінай учынілі ўкраінскія спецслужбы. У офісе прэзідэнта Украіны абверглі датычнасць Кіева да забойства.

Аналітыка
Украінскія дыверсанты, ФСБ або французскі філосаф? Хто стаіць за забойствам дачкі Дугіна
2022.08.22 16:53

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў