Дзе ў Беларусі ўзяць крэдыт, каб не прадаць нырку?


Банкаўская сістэма Беларусі істотна пацярпела пасля 24 лютага. Поўнамаштабная вайна ва Украіне і прадстаўленне тэрыторыі Беларусі для ўварвання адбіліся на эканамічнай сітуацыі, у тым ліку на сістэме крэдытавання. Некаторыя банкі скарацілі магчымасць атрымання крэдытаў для беларусаў, іншыя скасавалі яе наогул, астатнія гэтак узнялі адсоткі, што вам прыйдзецца хіба прадаць уласную нырку, каб разлічыцца. Мы разабраліся, на якіх умовах цяпер банкі ў Беларусі выдаюць крэдыты.

«Беларусбанк»

«Беларусбанк» выдае крэдыты. Скрыншот: belarusbank.by

Увесну «Беларусбанк» абвесціў аб прыпыненні выдачы спажывецкіх крэдытаў і фактычна захаваў толькі займы на набыццё аўтамабіляў «Geely» і некаторыя іншыя спажывецкія патрэбы. «Беларусбанк» дагэтуль не дае крэдытаў на будаўніцтва жытла ці рэканструкцыю. Грошы выдзяляюцца выключна на дакрэдытаванне, а таксама асобам, якія падпісалі дамову на будаўніцтва з дзяржаўнымі ўстановамі. Адсотак дасягае 21 %.

Спажывецкія крэдыты зноў выдаюцца, але са стаўкай 22 % на тэрмін да 5 гадоў. Таксама можна ўзяць крэдыт на набыццё беларускіх тавараў са стаўкай 20 %, вярнулася опцыя крэдыту на навучанне.

«БТА Банк»

Якія крэдыты выдае «БТА Банк». Скрыншот: btabank.by

Банк БТА прапаноўвае крэдыты на спажывецкія патрэбы. Аднак адсоткавая стаўка тут моцна кусаецца – 39,9 %. Банк выдае крэдыты на суму да 10 000 рублёў. Апроч таго, магчыма атрымаць грошы на набыццё нерухомасці.

Крэдыт выдаецца фізічным асобам (у тым ліку ІП) на набыццё жыллёвых аблігацыяў ТАА «Астодэвелапмент», ТАА «Алмары», ТАА «Зялёная Гавань», ТАА «Астамакс» з наступным набыццём ва ўласнасць жылога памяшкання. БТА прапаноўвае 23,5 % на тэрмін да 60 месяцаў і 26,5 % на 84 месяцы.

Нагадаем, што банк аднавіў крэдытаванне насельніцтва пасля працяглага перапынку з пачатку года.

«БелВЭБ»

Гэты банк таксама прыпыняў крэдытаванне беларусаў. Аднак цяпер зноў выдае спажывецкія крэдыты – адсоткавая стаўка 34,8 % на тэрмін да 3 гадоў. Таксама банк крэдытуе набыццё аўтамабіляў у салонах партнёраў пад 14 %.

З 25 лютага банк спыніў крэдытаванне на набыццё нерухомасці.

«Прыёрбанк»

«Прыёрбанк» перапыніў выдачу крэдытаў. Скрыншот: priorbank.by

«Прыёр» таксама спыніў крэдытаванне па ўсіх кірунках. Апроч справаў з нерухомасцю з дзяржаўнай падтрымкай.

«Альфа-Банк»

Крэдыты ад «Альфа-Банку». Скрыншот: alfabank.by

«Альфа» прыпыняла выдачу крэдытаў пасля 24 лютага. Банк не афармляў «чырвоных» картаў і не выдаваў спажывецкіх крэдытаў. Цяпер сайт установы паведамляе, што кліенты банку зноў могуць звяртацца па крэдытаванне. Аднак спажывецкі крэдыт кусаецца, бо мае стаўку амаль 35 %.

«МТБанк»

Віды крэдытаў ад «МТБанка». Скрыншот: mtbank.by

Гэты банк таксама аднавіў спажывецкае крэдытаванне. Але стаўка ажно 34,97 % прымусіць усур’ёз задумацца, ці вартая таго купля.

«Дабрабыт»

Крэдыты ад банку «Дабрабыт». Скрыншот: bankdabrabyt.by

Былы банк «Масква-Менск» паведамляе, што аднавіў крэдытаванне. Праўда, ён прапаноўвае цяпер усяго некалькі відаў пазык. Магчыма скарыстацца спажывецкім крэдытам на 35,99 % і 32,74 % на некаторыя віды тавараў.

«Тэхнабанк»

Скрыншот: tb.by

«Тэхнабанк» фактычна перапыніў цэлы шэраг крэдытных праектаў. Тут усё яшчэ можна шзяць грошы, каб набыць аўтамабіль з салонаў «Атлант-М» пад 24 %. Таксама можна атрымаць спажывецкі крэдыт да 30 000 рублёў пад 29 %.

«Белаграпрамбанк»

Тут прапаноўваюць крэдыт, каб набыць новенькі «Geely» ці атрымаць вышэйшую адукацыю ў адной з беларускіх ВНУ. Астатнія віды крэдытавання цяпер недасяжныя.

«Сбербанк Беларусь»

Скрыншот: sber-bank.by

Гэты банк не выдае крэдытаў для куплі аўтамабіля. Аднак вы зноў можаце скарыстацца магчымасцю спажывецкага крэдыту. Напрыклад, сайт банку паведамляе, што выдае грошы пад 29,9 % для набыткаў у онлайн-краме «21 vek» і пад 32 % – у іншых крамах.

Таксама банк паведамляе, што прыпыніў выдачы крэдытных картак «КартаFun», а таксама больш не павелічвае ліміты для выдадзеных раней картак.

«Белінвестбанк»

Цяпер «Белінвест» прапаноўвае выключна крэдытаванне для набыцця беларускіх тавараў пад 24 %. Іншыя формы крэдытавання ў банку недасяжныя.

Нагадаем, што на пачатак траўня 2022 года крэдытная запазычанасць беларусаў складала 16 327,7 млн рублёў. У параўнанні з пачаткам года яна зменшылася на 0,8 %, але адносна траўня мінулага года вырасла на 4 %.

Як сведчаць звесткі Белстату, беларусы зменшылі запазычанасць па спажывецкіх крэдытах – на 6,7 % адносна траўня мінулага года і на 5,8 % – ад пачатку года. Усяго на 1 траўня 2002 года запазычанасць складала 4 935,2 млн рублёў. Гэта на 7,15 % меней за паказнікі траўня-2021 і на 6,20 % меней за студзень гэтага года.

Куды ахвотней беларусы бяруць у банкаў грошы на развязанне жыллёвай праблемы. Запазычанасць для фінансавання нерухомасці за год – адносна траўня 2021 года – вырасла на 9,7 % і на 1 % з пачатку гэтага года. Усяго даўгі насельніцтва паводле гэтай пазіцыі на 1 траўня склалі 11 319,7 млн рублёў.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў