Зяленскі заклікаў Байдэна і Сі асабіста наведаць Саміт міру ў Швейцарыі


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі запісаў відэазварот на фоне руін, заклікаўшы лідараў ЗША і Кітаю прыехаць на Саміт міру ў Швейцарыі, які мае пачацца 15 чэрвеня.

Уладзімір Зяленскі.
Фота: president.gov.ua

«Мы маем пацверджанне ўдзелу ўжо больш як 80 дзяржаў і працягваем працаваць з лідарамі, запрашаючы на саміт. Дзякуй усім, хто сапраўды дапамагае міру. Я звяртаюся да лідараў свету, якія пакуль што ў баку ад глабальных намаганняў па падрыхтоўцы саміту свету: да прэзідэнта Байдэна, лідара Злучаных Штатаў, да прэзідэнта Сі, лідара Кітая. Мы не хочам, каб, гэтак жа як гэтыя кнігі, згарэў Статут ААН. Спадзяюся, не хочаце і вы. Калі ласка, праявіце ваша лідарства ў набліжэнні міру – сапраўды міру, а не паўзы паміж ўдарамі», – заявіў украінскі прэзідэнт, заклікаўшы падтрымаць Саміт міру «сваім асабістым лідарствам і ўдзелам».

Уладзімір Зяленскі адзначыў, што Расеяй «кіруюць людзі, якія хочуць зрабіць нормай спальваць жыццё, разбураць гарады і вёскі, падзяляць народы і сціраць нацыянальныя межы вайной». І спыніць іх адной краіне немагчыма, дадаў ён.

Урады Украіны і Швейцарыі сумесна рыхтуюцца да правядзення 15-16 чэрвеня ў Бюргенштоку (Швейцарыя) Глабальнага саміту міру на ўзроўні лідараў краін. МЗС Швейцарыі запрасіла да ўдзелу ў саміце лідараў больш як 160 краінаў. Мэта саміту — знайсці мірнае ўрэгуляванне вайны ва Украіне на падставе палажэнняў украінскай формулы міру.

Тым часам кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што на мірную канферэнцыю ў Швейцарыі Расею і Беларусь не запрасілі, бо кажуць, што Расея і Беларусь ад міру адмаўляюцца. Пуцін дадаў, што «мы за» перамовы, але «не ў фармаце навязвання нам якіх бы то ні было схемаў», бо «сёння ёсць усё для таго, каб сесці і дамаўляцца».

Аналітыка
Танцаваць ад Стамбулу. Навошта Пуцін кажа пра мірныя перамовы і ў чым роля Лукашэнкі
2024.04.12 18:02

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў