Ці гатовая Польшча да расейскага сабатажу і дыверсіяў? Адказалі ў Пажарнай службе


У Польшчы сапраўды магчымыя дыверсіі і акты сабатажу, але польскія ратаўнікі мусяць даць рады з імі. Пра гэта ў інтэрв’ю польскай рэдакцыі «Белсату» паведаміў прэс-сакратар Галоўнай дзяржаўнай пажарнай службы, старшы брыгадзір Караль Кежкоўскі.

Karol Kierzkowski rzecznik kg psp
Прэс-сакратар Галоўнай дзяржаўнай пажарнай службы, старшы брыгадзір Караль Кежкоўскі.
Фота: PSP

«Думаю, што гэта не будзе падпал усёй краіны, але асобныя акты сабатажу і дыверсіі могуць быць. Гледзячы на ​​апошнія падзеі ў Польшчы, нехта можа звязаць іх з дыверсіямі. У гэтым і заключаецца гібрыдная вайна – у краіне можа адбыцца нешта такое, што выкліча трывогу і напружанне. І мы гэта ўлічваем», – заявіў Караль Кежкоўскі.

Ён заклікаў не не паддавацца ціску і эмоцыям, а «выкарыстоўваць афіцыйныя, правераныя крыніцы інфармацыі». Пры гэтым апошнія павінны падаваць «праўдзівыя, правераныя навіны, каб не ствараць спіраль недамоўленасці, спекуляцыяў і дэзынфармацыі».

Адказваючы на пытанне, ці стаўся вынікам сабатажу пажар у гандлёвым цэнтры на вуліцы Марывільскай 44 у Варшаве, прэс-сакратар пажарнай службы адзначыў:

«На маю думку, не. Калі б гэта быў акт сабатажу, нехта павінен быў бы загінуць. Гэта велізарныя матэрыяльныя страты і чалавечыя трагедыі, але, напэўна, не замах».

Кежкоўскі назваў міфам рост колькасці пажараў у Польшчы. Паводле яго, нягледзячы на некалькі сур’ёзных здарэнняў, масавага «сыпу» пажараў няма.

pożar marywilskiej 44 psp
Пажар у гандлёвым цэнтры на вуліцы Марывільскай, 44 у Варшаве. 12 траўня 2024 г.
Фота: PSP

«Вядома, гэта можа выклікаць непакой. У гэтым і заключаецца гібрыдная дзейнасць – выклікаць неспакой і стварыць сацыяльную напружанасць», – заявіў ён.

Паводле яго, найбольшую небяспеку ўяўляюць не падпалы, а тэрарыстычныя напады з выкарыстаннем сродкаў масавага знішчэння: на канцэртах, у метро, ​​у грамадскім транспарце, «дзе было б значна больш ахвяр, што мела б каласальны псіхалагічны эфект».

«І, вядома, важная інфраструктура», – сказаў прэс-сакратар.

Што датычыць пажараў, то «падзеі павінны быць сапраўды шматлікімі і масавымі», каб польскія ратаўнічыя службы не далі рады з імі. Кежкоўскі заявіў, што пажарная служба ў Польшчы «вельмі эластычная» і мае звыш 5000 адзінак без уліку яшчэ 10000 дадатковых.

«Практычна ў кожнай гміне, а дзе-нідзе і ў кожнай вёсцы ёсць добраахвотная пажарная дружына, што дае велізарны людскі і тэхнічны патэнцыял», – заявіў Кежкоўскі.

strażak PSP pożar lasu
Супрацоўнік дзяржаўнай пажарнай службы Польшчы падчас тушэння ляснога пажару. Травень 2024 г.
Фота: PSP

У выпадку ж надзвычайных сітуацыяў, якая будзе пагражаць бяспецы дзяржавы, пажарныя службы Польшчы гатовыя мабілізаваць дадатковыя сілы і сродкі.

Таксама ў краіне дзейнічае сетка з каля 40 групаў хімічнага ратавання, ёсць развітая сістэма мабільных пунктаў дэзактывацыі і гэтак далей.

«Мусіла бы адбыцца шмат чаго, каб нас чымсьці здзівіць. Безумоўна, жыццё падносіць розныя сцэнарыі, але мы сапраўды няблага да іх падрыхтаваныя», – падкрэсліў Кежкоўскі.

21 траўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што праваахоўныя органы арыштавалі дзевяць чалавек, якія падазраюцца ў падрыхтоўцы дыверсіяў і актаў сабатажу на заданне расейскіх спецслужбаў. Маюцца на ўвазе наёмныя выканаўцы – часам гэта людзі з крымінальнага свету. Сярод іх ёсць грамадзяне Польшчы, Беларусі і Украіны.

Прэм’ер распавёў, што ў Вроцлаве была перадухіленая спроба падпалу прадпрыемства для вытворчасці фарбаў, побач з якім месціцца хімічны завод. Ён адзначыў, што выпадкі дыверсіяў таксама фіксаваліся ў Літве – напрыклад, падпал складу Ikea.

Туск падкрэсліў, што цяпер вядзецца не толькі расследаванне, але і ладзіцца «маштабная акцыя ліквідацыі падобнага роду пагрозаў». Гэта таксама азначае арышт любых іншых патэнцыйных злачынцаў, дадаў ён.

Агляд
«У нас перадваенная сітуацыя». Чым зоймецца Камісія супраць уплыву Крамля ў Польшчы
2024.05.22 18:52

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў