Дзяржаўныя медыі Беларусі паведамілі пра выкрыццё схемы, у межах якой злачынцы прадавалі людзям мяса, якое даставалі з жывёламагільнікаў. Падрабязнасці справы расказалі ў эфіры АНТ.
У схеме было задзейнічана шмат людзей – ад ветэрынара ў гаспадарцы да прадаўцоў у краме. Гэтак, пасля гібелі жывёлы фельчар не разбіраўся ў прычынах смерці і не ўтылізоўваў тушу, а выклікаў траіх жыхароў Любані, якія расчлянялі мерцвячыну проста на жывёламагільніках. «Падальнікі» займаліся крадзяжом са жывёламагільнікаў у Менскай, Магілёўскай і Гомельскай вобласцях. Часам яны сачылі за месцамі здабычы сачылі з дапамогай фотапастак, прыязджаючы, калі было бяспечна.
Мяса яны маглі прадаваць звычайным грамадзянам, выдаючы яго за хатняе. Але часам яно паступала і на прылаўкі крамаў, дзе кавалкі пратухлага мяса «рэанімавалі» для продажу, а пазней змешвалі з добрай прадукцыяй. На кадрах – цэх, у якім апрацоўвалі тушы. Іх абмывалі, пах прыбіралі мыйнымі сродкамі і ўсё замарожвалі.
Мыццём і раздзелкай займаліся гастарбайтары. За месяц ім за гэта плацілі 1500 рублёў.
Затрыманым пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.
У красавіку пра затрыманне асобаў, якія канфіскоўвалі з жывёламагільнікаў тушы і прадавалі іх на «мяса» насельніцтву, распавёў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго, гэтым займаліся і ветэрынарныя лекары, і брыгадзіры сельгасарганізацыяў Любанскага, Асіповіцкага і Старадарожскага раёнаў.
Якуб Хруст belsat.eu