news
Інтэрв'ю

«Тут ты спакойны: адсюль не рыпнешся!» Размова з прадпрымальнікам і журналістам Сяргеем Скулаўцом, які зʼехаў у Амерыку

«У Польшчы цябе камары беларускія могуць пакусаць, а тут – не».
26.05.202407:06

Меў уладкаванае жыццё ў Беларусі: гадаваў бычкоў, вырошчваў гуркі, меў фермерскую гаспадарку і адначасова займаўся журналістыкай. Ідылія скончылася ў 2020-м. Яшчэ праз тры гады яго папярэдзілі пра імавернае затрыманне. Цяпер 43-гадовы прадпрымальнік і журналіст Сяргей Скулавец адкрывае для сябе і сваёй сямʼі Амерыку. Разлучаныя акіянам, пагаварылі з Сяргеем пра тое, як даліся першыя 9 месяцаў эміграцыі і ці варта гнацца за амерыканскаю мараю.

Журналіст Сяргей Скулавец.
Крыніца: Siarhei Skulawiec / Facebook

«Белсат»: – Сяргею, як ты там маешся, за акіянам?

Сяргей Скулавец: – Калі ў двух словах, то, безумоўна, сумую па доме. Сумую па тым жыцці, якое было раней. Але, з іншага боку, паціху ўладкоўваемся і адаптуемся. Вырашаеш побытавыя пытанні і пытанні з легалізацыяй, якіх вельмі шмат. І гэтая «бытавуха» ў пэўнай ступені нівелюе сум. Няма калі! Тваё жыццё працягваецца, трэба жыць далей.

«Цябе ў ліпені збіраюцца браць. Рыхтуйся. А лепш – уцякай»

– Калі з самога пачатку. Як прадпрымальнік і журналіст з Івацэвічаў апынуўся ў Амерыцы?

– Сапраўды, у Беларусі я меў добрае, спакойнае і ўладкаванае жыццё. Быў дом, было прадпрыемства, на якім можна было зарабляць грошы. Мне ўжо больш за 40, таму была думка, што буду даводзіць усё да парадку і паступова рыхтавацца да старасці. Дзе там! Усё, можа, так і было б, калі б не ўсе гэтыя падзеі ў Беларусі: пераслед, губазікаўцы, візіты мянтоў дамоў, ператрусы…

Я да апошняга не хацеў выязджаць, сядзеў на месцы і спадзяваўся, што, можа, неяк уладкуецца. Гэта цяжка – усведамляць, што маеш толькі адзін выбар: пакінуць усё – або сесці ў турму. Жыццё ў Беларусі цягам апошніх гадоў – гэта вось што: ты рыхтуешся да таго, што да цябе могуць прыйсці і забраць – у любы момант. Робіш пэўныя перасцярогі: не працуеш у сеціве без VPN, чытаеш навіны толькі ў «партызанскіх» тэлеграм-каналах, у браўзеры праглядаеш старонкі ў рэжыме інкогніта. Усё гэта ўплывала на здароўе – пачаў скакаць ціск.

Ну вось… А потым адзін мой даўні знаёмы, які працаваў у міліцыі, раптам выйшаў на кантакт са мной і папярэдзіў: «Цябе ў ліпені збіраюцца браць, рыхтуйся. А лепш уцякай».

21 чэрвеня 2023 года я зʼехаў з Беларусі. 22-га – затрымалі Сашу Зянкова, потым Ігара Карнея.

– Здолеў выехаць без праблемаў?

– Выязджаў праз Расею. У «Шарамецьева» пільна аглядалі, запатрабавалі ўключыць кампʼютар, тэлефон, прагледзелі ўсё. Я запытаўся, навошта, бо я ж, маўляў, не грамадзянін Расеі. Яны толькі зыркнулі на мяне злосна: «Выязджайце!» Праз некаторы час былі з сямʼёй у Польшчы, ну а адтуль ужо трапілі ў Злучаныя Штаты.

– Падобна, ты прыняў слушнае рашэнне. Каб не выехаў – сямʼя б насіла ўжо перадачкі ў турму…

– Гэта так. Калі былі ў Беларусі, мы мелі план на выпадак затрымання і турмы. Ужо падаецца, так даўно гэта было, але ж было! Жонка і мама ведалі, што трэба рабіць, па пунктах: што з гаспадаркаю, што з прадпрыемствам, дзе браць грошы. Пакрокавая інструкцыя. Мы прагаворвалі яе раз на месяц. Я задаваў пытанні – жонка адказвала, мама таксама ведала план. У той рэчаіснасці разглядаліся ўсе магчымыя варыянты.

Рэпартаж
«Ува снах вяртаешся дадому…» У Варшаве адкрылася выстава пра эмігрантаў з Беларусі
2024.05.19 16:04

– У тым ліку тэрміновай эвакуацыі. Тая інструкцыя спрацавала?

– Так, прадпрыемства распрададзенае, бо ім здалёк не пакіруеш.

«Адпрацоўваў змены на сайце – і ішоў да бычкоў»

– Ты цяпер у бяспецы. Можам ужо казаць, што доўгі час здымаў і пісаў для «Белсату»?

– Абсалютна. Праца ў гаспадарцы і за ноўтбукам добра сумяшчаліся. Бо я заўжды баяўся, што гаспадарка мяне засмокча і я проста атупею. Так што асноўная мая праца была журналістам на «Белсаце». Я адпрацоўваў штодзённыя змены на сайце, а потым ішоў да бычкоў [смяецца].

Але сельскай гаспадаркай я шчыльна займаўся і для таго, каб адвесці вочы сілавікоў і губазікаўцаў ад сябе. Меў, скажам так, пэўнае алібі. Прынамсі я так думаў. Але калі ўламаліся да мяне з ператрусам у 2021 годзе, пабачылі, што за агароджаю стаяць 20 бычкоў, пабачылі і мае 3 гектары зямлі каля дому, то першае пытанне было такое: «Дзе камера, якою ты здымаеш?»

Паводле іхных дакументаў, я праходзіў яшчэ як сведка ў берасцейскай «карагоднай справе». Калі мяне прывезлі ў ГУБАЗіК у Берасці, на вахце адразу запыталіся: «Гэта той самы белсатавец?» То бок ведалі яны пра мяне! На «Белсаце» я працаваў з самога заснавання каналу: праграма «Прэс-экспрэс», потым «Сальда», быў яе вядоўцам, працаваў у аддзеле навінаў, а з 2018 года – у інтэрнэт-рэдакцыі.

«Гэта можна толькі перажыць, пакуль не ўкладзецца»

– Як твая сямʼя ўспрыняла пастанову эвакуявацца з Беларусі?

– Якраз ёй было найбольш цяжка. Асабліва старэйшаму сыну Ягору, якому ўжо 17 гадоў. Ён дасюль не можа прыняць таго, што мы апынуліся ў эміграцыі і не можам вярнуцца дадому. Вельмі і вельмі сумуе і… часам узнікаюць канфлікты. Ён кажа мне: «Бацька, ты настаўнік гісторыі, дык чаму ты не быў настаўнікам? Навошта табе гэтае змагарства? Чаго ты дабіўся ў выніку і зрабіў для сваёй сямʼі? Мы невядома дзе. І гэта што? Дзеля гэтага ты працаваў, дзеля гэтага – змагаўся?..»

Вось так. Усім вельмі складана. Я разумею, што гэта можна толькі перажыць, пакуль не ўкладзецца. Эміграцыя – гэта апошні крок, які выштурхоўвае людзей. І, у прынцыпе, ты выязджаеш з нічым у нікуды, і тут ты абсалютна ніхто – пакуль не станеш на ногі. Усё жыццё – з нуля…

Сяргей Скулавец разам з жонкай Святланай і сынамі Ягорам і Сцяпанам (малодшы). Фота для рэдакцыі

– А малодшы сын як?

– Малодшаму сыну 13 гадоў. Сцяпан знайшоў тут шмат сяброў. Ёсць тут такое беларускамоўнае кола, а непадалёку ад нас жывуць таксама былыя журналісты «Белсату» Андрусь Козел і Вольга Чайчыц. Іхны старэйшы сын ходзіць з нашым у адзін клас, бавяцца разам. Увогуле для дзяцей тут адкрываецца шмат магчымасцяў. Школьная праграма не такая абʼёмістая і прасцейшая. Сцяпану падабаецца.

– А табе?

– Я не ведаю пакуль, цешыцца мне з таго, што мы ў Амерыцы, ці шкадаваць. Проста так ёсць. Калі шчыра, я не планаваў ехаць у ЗША. Мяне б задавальняла жыццё і ў Польшчы. Але цяпер – у нейкім сэнсе – я не шкадую. Бо, калі б жыў у Польшчы, шукаў бы любыя магчымасці, каб хоць вокам зірнуць, што адбываецца ўдома, шукаў бы магчымасці вярнуцца. І потым, хутчэй за ўсё б, пашкадаваў бы пра тое. Тут я не маю такой магчымасці. Тут ты спакойны: адсюль не рыпнешся!

– У якім горадзе атабарыліся?

– У Флэтчэры ў Паўночнай Караліне, 300 кіламетраў да ўзбярэжжа Атлантычнага акіяну. Гэта паўднёвая частка ЗША, можна сказаць, і тут даволі цёпла. Зімы фактычна няма. Прырода толькі ў некаторых месцах нагадвае беларускую.

«Амерыка – іншы свет»

– Калі ўжо пра Амерыку, то якая яна – такая ж сытая і свабодная, як пра яе пішуць? Краіна мараў, не?

– Амерыка – зусім іншы свет. Нешта зусім не падобнае да Еўропы. Прыкладам, мой ранак у Беларусі пачынаўся з кавы, круасана і чытання навінаў. Павольная такая раніца па-еўрапейску.

У Амерыцы – інакш. Я на свае вочы бачыў, як знаёмыя чысцяць зранку зубы проста ў машыне, едучы на працу. Мітусня, шмат працы. Гэта проста вельмі складана апісаць, бо гэта іншы свет: іншыя правілы, іншыя людзі, іншая прырода. Іншыя правілы для кіроўцаў, іншыя правілы будаўніцтва дамоў, іншыя падыходы да працы ў тым ліку – людзі тут вельмі шмат працуюць. Іншае стаўленне до людзей з боку чыноўнікаў, з боку суседзяў. І гэтага сапраўды не апісаць – гэта перажываецца і ўспрымаецца як штодзённае знаёмства з чымсьці новым, цікавым, зусім не знаёмым.

Сяргей Скулавец разам з жонкаю Святланаю. Фота для рэдакцыі

– Ці даеш рады з англійскаю моваю?

– Амерыканская мова і англійская – дзве розныя мовы. Сёння я ўжо разумею, пра што ў мяне запытваюць, і магу адказаць. Без мовы тут вельмі складана. Я вучу. Нядаўна здаў тэсты для паступлення ў каледж на навучанне мовы паводле адмысловай дзяржаўнай праграмы для мігрантаў. Навучанне бясплатнае. А я ж прыехаў зусім без англійскай, абсалютна – у савецкай школе вучыў нямецкую. Але з суседзямі ўжо магу паразмаўляць. Дзецям прасцей, яны ўжо добра валодаюць. Можна сказаць, абсалютна англамоўныя маладзёны ўжо.

– Да акіяну дабраўся ўжо, пастаяў на беразе?..

– Не яшчэ. Плануем на наступная выходныя. Мы прыляцелі, і было зусім не да акіяну. Цяпер ужо можна, чакаем, каб трошкі пацяплела. Хаця, ведаеш, усю Паўночную Караліну абʼездзілі ўжо даволі шчыльна. Тут жа і горы, Апалачы, шмат рэчак і вельмі шмат вадаспадаў. Мы дзясяткі ўжо наведалі. Вадаспады рэлаксуюць. Усе побытавыя праблемы забываюцца, калі такую прыгажосць бачыш.

Амерыканская чыноўніца: «Вітаю, я таксама з Беларусі!»

– Праблемаў з дакументамі і легалізацыяй не маеце. На якім цяпер этапе?

– Ну, вось я сказаў пра навучанне мове, жонка пайшла вучыць англійскую ў каледж троху раней. Гэта адзін з найважнейшых этапаў пасля развязання ўсіх вострых пытанняў. А найбольш вострае – гэта дазвол на працу. Тут яго атрымаць не так проста. Але ёсць нюансы, якія дазваляюць працаваць яшчэ да атрымання дазволу. Адразу ж, як я прыехаў у ЗША, я адкрыў уласную фірму. Адкрыць яе можна не выходзячы з дому. Увечары, недзе а 23-й гадзіне, я запоўніў форму, а раніцай, а 10-й, атрымаў ужо сертыфікат уласніка. 120 долараў дзяржаўнага мыта і 5 долараў невялікага падатку – усё. Фантастычна хутка і зручна.

Зарэгістраваў таварыства з абмежаванай адказнасцю «Скулавец» і мог ужо працаваць, а менавіта – надаваць паслугі ў рамонце аўтамабіляў. Тут гэтая сфера найбольш запатрабаваная, бо няма грамадскага транспарту як такога – усе ездзяць аўтамі, якія, зразумела, патрабуюць абслугоўвання. І я пачаў у гэтай сферы, а пазней уладкаваўся на працу ў буйную фірму, дзе працую ўжо паўгода. Дазвол на працу мы атрымалі фактычна ўсёй сямʼёй адначасова – недзе праз 6 месяцаў перабывання ў Злучаных Штатах. Яшчэ праз тыдзень атрымалі нумары сацыяльнага страхавання. Гэта асноўныя дакументы, неабходныя ў ЗША.

Сяргей Скулавец разам з адным са сваіх кліентаў. Фота для рэдакцыі

– А правы кіроўцы?

– Літаральна праз месяц па прыездзе меў. Правы кіроўцы тут сапраўды замяняюць пашпарт і фактычна ўсе дакументы. У самалётах, напрыклад, можна з імі лятаць. Але мусіш нанава здаць усе экзамены, бо беларускі досвед тут не лічыцца. Я здаў даволі хутка, бо гэта было жыццёва неабходна.

І мне вельмі падабаецца стаўленне тутэйшых чыноўнікаў да грамадзянаў. Прыходзіш – заўсёды пасміхаюцца, для цябе – мінімум высілкаў. Вельмі прыязнае стаўленне.

Калі атрымліваў нумар сацыяльнага страхавання, прыехаў у цэнтр, на падыходзе да касы сядзіць вельмі мілая дзяўчына, працягваю пашпарт – яна ўсміхаецца: «Вітаю, я таксама з Беларусі!» Ох, як гэта было нечакана. І не на расейскай мове адказала, што тут нядзіўна, а па-беларуску. Неверагодна! Мы некаторы час проста сядзелі і размаўлялі па-беларуску, абмяняліся кантактамі. Дзяўчына ў Амерыцы больш за 20 гадоў ужо жыве, і па-беларуску да мяне. У дзяржаўнай установе. Фантастычна!

– Увогуле маеш куды пайсці, каб троху паварыцца ў беларускім кацялку – паразмаўляць, паспрачацца з суайчыннікамі?

– Тут, у Флэтчэры, з гэтым троху складана. Але той жа Андрусь Козел – побач: мы можам стэлефанавацца, сустрэцца. Ёсць сябры, якія размаўляюць па-ўкраінску. Украінцы цудоўна разумеюць беларускую мову, і не трэба пераходзіць на іншую. Тут таксама ёсць суполка беларускіх баптыстаў, якія яшчэ раней пакінулі Беларусь праз пераслед. Яны расейскамоўныя, але ж – беларусы, і таксама, калі што, могуць дапамагчы.

Але калі казаць увогуле пра штат, то ў ім дзеяць і буйныя суполкі беларусаў. Напрыклад, у Шарлаце, 100 міляў ад нас, дзве гадзіны ехаць. Там існуюць беларускія асяродкі, ладзяцца імпрэзы, адзначаюцца беларускія святы і даты. Я, на жаль, туды пакуль не дабраўся, бо бракавала часу, але вось 1 чэрвеня ў Шарлаце заграе «J:Mors». Вельмі хацелася б трапіць на канцэрт.

– У любым куточку свету цяпер можна знайсці Беларусь і беларусаў…

– На жаль ці не, але гэта так…

«Не задумваюся пра тое, што будзе заўтра»

– Якою бачыцца табе Беларусь праз акіян?

– Штодня чытаю навіны. Адно што са спазненнем на 7 гадзінаў. Ува ўсім гэтым інфармацыйным вэрхале найбольш адбіваюцца навіны пра затрыманні і пераслед. Навіны пра вайну ва Украіне адышлі на другі план. У першую чаргу насычаешся навінамі з Беларусі, але гэта – затрыманні, затрыманні, затрыманні… І гэта вельмі сумна.

Сяргей Скулавец. Фота для рэдакцыі

Вось чакаюцца выбары ў КР, дык гэта хоць неяк перабівае павестку пра рэпрэсіі. Чытаеш, сочыш за кандыдатамі – цікава, нават прышпільна.

– У Беларусі меў прасторны дом. Дзе жывяце цяпер? Распавядзі мне пра твой амерыканскі дом.

– Змітру, я некалькі разоў дыскутаваў з эмігрантамі, якія наракаюць, як цяжка легалізавацца і гэтак далей. І гэты аспект мяне зусім не абыходзіць. Я на этапе, які дазваляе мне працаваць і заставацца тут легальна.

Я не задумваюся пра тое, што будзе заўтра. Дом там ці тут. Я вельмі спадзяюся, што вярнуся ў свой дом, які сам збудаваў і які чакае мяне.

Тут мы арандуем жытло. Маем ужо прапанову перазаключыць дамову ў верасні. Гэта кватэра. Але не такая, як у Беларусі ці наагул у Еўропе. Амерыканская – іншая. Тут усё нашмат большае. Амерыканцы вельмі любяць вялікія рэчы. І я ўжо не дзіўлюся, чаму ў іх не кілаграмы, а фунты, не кіламетры, а мілі. Яны вельмі любяць прастору і вялікія абʼёмы. Амерыканская лядоўня ўдвая большая, чымся была ў нас у Беларусі, газавая пліта – удвая большая, мікрахвалёўка – як тэлевізар. У двухпакаёўцы абавязковыя дзве лазенкі і дзве прыбіральні. Яшчэ тры ці чатыры ўбудаваныя шафы, бо мэблі ў амерыканцаў вобмаль. Ведаеш, на гэтым этапе нас абсалютна задавальняе нашая кватэра.

– Ці дужа плаціш за яе, калі параўнаць з заробкам?

– Каб аплаціць жытло, мне трэба працаваць тыдзень на месяц. Прымальны кошт. І нам пашанцавала: мы жывём у вельмі ціхім і спакойным раёне – ніякага крыміналу. Школа – літаральна праз агароджу, відаць з нашага акна. Дзяцей не трэба падвозіць. Такія моманты ў Амерыцы неацэнныя.

– Выдатна. Але скажаш больш канкрэтна, колькі зарабляеш?

– Ох… Амерыканцы ўвогуле не размаўляюць пра заробкі. Гэта лічыцца прадметам дурнога тону.

– Выбачай. Але…

– Добра… Я зарабляю цяпер каля 30 долараў за гадзіну. Калі, напрыклад, узімку я працаваў без выходных, то за месяц прыйшла разлікоўка на 7 тысяч долараў. Гэтых грошай дастаткова, каб сямʼі з чатырох чалавек жыць нармальна.

«У Польшчы цябе камары беларускія могуць пакусаць, а тут – не»

– Ці заўважыў за сабою, што твае беларускія звычкі, чыста чалавечыя, становяцца пакрысе амерыканскімі? У плане ежы, напрыклад…

– Абсалютна так. Пра павольную еўрапейскую раніцу я ўжо сказаў… Калі казаць пра ежу, то я вельмі часта чую і бачу, як беларусы пішуць, як жа яны сумуюць па беларускай згушчонцы ці па чымсьці там яшчэ. І мне падаецца гэта такім глупствам і бессэнсоўнасцю! Як можна сумаваць па ежы?.. Дзіўна. Тут, дарэчы, ёсць расейскія крамы, дзе можна набыць тую ж рагачоўскую згушчонку, якую я люблю больш за глыбоцкую, выбачайце [смяецца]. Знайсці тут можна ўсё. І мяне гэта мала хвалюе.

Сяргей Скулавец разам з жонкаю Святланаю. Фота для рэдакцыі

З новых звычак – вельмі шмат сталі спажываць марозіва і садавіны. Я быў уражаны якасцю садавіны. Прыкладам, турэцкія гранаты, якія мы куплялі ў Беларусі, ніяк не параўнальныя з каліфарнійскімі. Яны тут надзвычай сочныя. А марозіва – таннае, і набываюць яго галонамі (1,3 кг). Набываеш некалькі – ставіш у лядоўню.

А, так, была праблема з кавай. Амерыканцы пʼюць каву, прабач, вёдрамі. Але мне, як толькі прыехаў, мясцовая падалася нясмачнай. Яна іншая, з асаблівым прысмакам. Ведаю, што адзін прадпрымальнік з Украіны хацеў завозіць сюды «Jacobs» з Нямеччыны, але потым разабраўся, што гэта была б вельмі стратная справа праз высокія мытныя квоты. Нічога – звыкліся. Я знайшоў для сябе калумбійскую, даволі прыстойную, дарэчы, каву.

– Ну, з бульбай жа там, напэўна, няма праблемаў? Дранікі маеш з чаго гатаваць?

– Безумоўна. А як без іх! Вольга Чайчыц час ад часу ладзіць гэткую бульба-вечарыну з дранікамі. Ты ж ведаеш, Амерыка – радзіма бульбы, яе тут шмат. Якую захочаш, можаш набыць. Хоць, на нашыя меркі, яна тут дарагаватая. Адзін фунт [каля 0,5 кг. – Заўвага belsat.eu] можа каштаваць 5 долараў. Але для Амерыкі гэта адносна танна.

– Ну нармальна. Значыцца, параіў бы беларусам зʼязджаць у ЗША?

– О, ну гэта цяжкае пытанне! Кожны павінен усведамляць, што гэта вельмі і вельмі далёка ад дому.

Калі ты ў Польшчы – можаш да самой мяжы падʼехаць, цябе камары беларускія могуць пакусаць. А тут – не.

І гэта сумна – не мець хоць нейкага фізічнага кантакту з роднымі і радзімаю. Гэта вельмі складана.

– Ясна, а якую амерыканскую фішку ўжо падгледзеў і прывёз бы ў Беларусь, каб прыносіла карысць радзіме?

– Механізм функцыянальнай бюракратыі. Гэта пра дачыненні звычайных грамадзянаў і дзяржавы. Яны тут зводзяцца да такога мінімуму, што ты проста не адчуваеш нейкага ўплыву ці ціску з боку дзяржавы. Паліцыянтаў практычна не відаць! Напрыклад, абмежаванне хуткасці на дарогах – 45 міляў за гадзіну, але амаль усе пруць з хуткасцю 50–60 міляў за гадзіну. І іх ніхто не спыняе. Ты абганяеш паліцэйскае аўта, і яны на цябе нават увагі не звяртаюць.

Усюды рацыянальны падыход: на чырвонае святло можаш спакойна павярнуць направа, калі не ствараеш перашкодаў, а на святлафорах няма жоўтага святла, каб ашчаджаць час. Калі раптам адбываюцца нейкія стасункі з паліцыянтамі, то яны такія ветлівыя і спакойныя, што беларусу аж цяжка сабе ўявіць. Такі вось падыход – лагічны, рацыянальны і ў той жа час грунтоўны.

Сяргей Скулавец.
Крыніца: Julia Cialpuk / Facebook

«З настальгіяй гляджу на бычкоў – чорных, прыгожых, укормленых»

– Чалавечны. У цябе не было жадання заняцца ў Амерыцы тым, чым займаўся ў Беларусі?

– Каб гэтым займацца, патрэбная зямля. Так, я з настальгіяй гляджу на палеткі фермераў, калі еду на машыне. На бычкоў… Чорных, прыгожых, укормленых. Іх тут шмат.

Людзі гадуюць фактычна ў такіх жа абʼёмах, якія былі ў мяне. Тут робіцца вялікі ўхіл на мармуровае мяса, з быкоў гэрэфардскай пароды. Яны ёсць і ў Беларусі. Толькі што тут трава круглы год. Лукашэнка ж таксама калісьці націскаў, што вось мы будзем вырошчваць мармуровую ялавічыну, бо яна вельмі дарагая…

–  Па журналістыцы не сумуеш? Можа, папісаў бы троху?..

– Шчыра?.. Пасля той вострай размовы з сынам – не, не хочацца. Хочацца ўсё гэта перажыць найперш. Часам праглядаю вакансіі, бо розных медыяў для расейскамоўных тут дастаткова. Проста з цікавасці. Але каб у іх працаваць, трэба было б змяніць штат, горад, ізноў адаптавацца і праходзіць праз усё гэта. Так што не, не хочацца пакуль што. Я не гатовы. Ні я, ні сямʼя.

– Ох, я ж пра Трампа забыўся спытацца! Еўропа вельмі баіцца ягонага вяртання. А што там Амерыка?

– Ведаеш, мы, беларусы, прывыклі да таго, што прэзідэнт вырашае ўсё. Але Штаты – гэта дэмакратыя, дзе прэзідэнт – асоба, яка адказвае за важныя пытанні, але да канца, што і як будзе, ён не вырашае. Ёсць парламент, Канстытуцыйны суд, якія могуць накласці на рэзалюцыю прэзідэнта вета. Таму я не сказаў бы, што прыход Доналда Трампа тут чакаецца як катастрофа. Гэта будзе мець нейкі адбітак, але не будзе катастрафічным. Гэта па-першае.

Па-другое, я жыву ў паўднёвым штаце, рэспубліканскім, побач Флорыда, якая лічыцца радзімаю Трампа. Тут вельмі шмат можна пабачыць білбордаў на ягонае падтрыманне. У той жа час яго вельмі шмат крытыкуюць. І настаўнікі дзецям у школах спакойна апавядаюць пра рызыкі ягонага вяртання. Ну але неадукаваныя людзі, якія жывуць у горах, падтрымліваюць палітыку Трампа і гатовыя галасаваць за яго. Але катастрофы дакладна не будзе, калі ён прыйдзе да ўлады.

 Не, не хочацца катастрофы. Хочацца цуду. Уяві: заўтра ты прачынаешся, чытаеш навіны – і разумееш, што Беларусь ужо свабодная. Тваё рашэнне.

– Пакую рэчы, набываю першы ж квіток на самалёт – і лячу дамоў.

– Упэўнены?

– Так, на 100 адсоткаў!

Інтэрв’ю
Юля Лейдзік і Жэня Канаплёў – пра тое, як ім удалося пракрасціся ўнутр Ціханоўскай
2024.05.18 08:09

Зміцер Міраш belsat.eu