«Sputnik»: Менск запытаў у Варшавы доступ да затрыманых беларусаў, што падазраюць у шпіянажы


Афіцыйны Менск нібыта запытвае ў польскіх уладаў доступ да грамадзянаў Беларусі, якіх затрымалі як падазраваных у шпіянажы. Пра гэта паведамляе расейскае агенцтва «Sputnik». 

Марыя М., Мікалай М. і Уладзіслаў П. на фота з базы пашпартных звестак.
Фота: «Кіберпартызаны» для «Белсату»

23 сакавіка «Sputnik» са спасылкаю на прэсавую службу МЗС Беларусі паведаміў, што беларускія дыпламаты запыталі ў польскіх уладаў доступ да затрыманых у Польшчы беларускіх грамадзянаў, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расеі.

«Прымаюцца ўсе неабходныя консульскія дзеянні, прадугледжаныя ў такіх сітуацыях. У прыватнасці, аператыўна быў запытаны консульскі доступ да затрыманых грамадзянаў Беларусі, чакаецца рэакцыя польскага боку», – цытуе «Sputnik» беларускае Міністэрства замежных справаў.

Паведамляецца таксама, што дыпламаты падтрымліваюць сувязь са сваякамі затрыманых. Але афіцыйных заяваў МЗС РБ на гэты конт пакуль не рабіла.

Як паведамляў 22 сакавіка «Белсат», Аляксандр Лукашэнка лічыць, што польскія ўлады затрымалі беларускіх грамадзянаў з мэтай наступнага іхнага абмену. Ён заявіў пра гэта, наведваючы мемарыял у Хатыні.

Hавiны
У Хатыні Лукашэнка распавёў пра Мачулішчы, «жудасных бэчэбэшнікаў» і тэракты
2023.03.22 15:23

Тым часам 20 сакавіка стала вядома, што  ў справе супраць сеткі расейскіх шпіёнаў можа быць працяг. Дзяржаўны сакратар канцылярыі прэмʼер-міністра Польшчы Станіслаў Жарын паведаміў, што дзейнасць дзевяці асобаў, затрыманых паводле падазрэння ў шпіянажы на карысць Расеі, цяпер аналізуецца, і кола арыштаваных могуць пашырыць.

16 сакавіка стала вядома, што Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы затрымала 9 асобаў, якіх падазраюць у супрацы з расейскімі спецслужбамі. Падазраваныя вялі выведную дзейнасць супраць Польшчы і рыхтавалі дыверсіі на замову расейскай выведкі. 17 сакавіка ўдакладнілі, што сярод затрыманых расейцаў няма, а ёсць шасцёра ўкраінцаў і трое беларусаў. У выніку арышту сканфіскавалі электроннае абсталяванне дзеля назірання за чыгуначнымі маршрутамі, у тым ліку камеры, GPS-перадатчыкі і карты памяці.

Пазней прапагандысцкі тэлеканал «Беларусь 1» паведаміў, што трое беларусаў, затрыманых у Польшчы паводле падазрэння ў шпіянажы, арыштаваныя на тры і адзін месяц: у сюжэце тэлеканалу прагучала інфармацыя, што падазраваныя ў шпіянажы ў Польшчы беларусы Мікалай Маскаленка і Уладзіслаў Пасміцюха арыштаваныя на тры месяцы, а Марыя Мядзведзева – на адзін. Тэлеканал сцвярджае, што адпаведныя дакументы паступілі ад польскіх праваахоўнікаў у консульства Беларусі ў Польшчы.

Hавiны
У «справе расейскіх шпіёнаў у Польшчы» могуць быць новыя арышты
2023.03.20 17:04

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў