МУС Беларусі: па амністыі выйдуць каля 4,5 тысячаў чалавек


Каля 4,5 тысячаў зняволеных мяркуецца вызваліць у межах амністыі. Пра гэта заявіў 21 кастрычніка намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі Генадзь Казакевіч падчас абмеркавання ў парламенце законапраекта аб амністыі.

Падчас папярэдняга абмеркавання палажэнняў закона аб амністыі намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч паведаміў пра вынікі «папярэдніх разлікаў» таго, колькі чалавек амністыя закране.

«Пры рэалізацыі праекту закона плануецца вызваліць каля 4,5 тыс. асуджаных, у тым ліку з месцаў пазбаўлення волі – 1600, з іх 10 непаўналетніх, з папраўчых устаноў адкрытага тыпу – 500, з крымінальна-выканаўчых інспекцыяў – 2, 5 тысячаў», – расказаў Генадзь Казакевіч.

Паводле яго слоў, таксама прапануецца скараціць на адзін год тэрмін пакарання прыкладна 4 тысячам зняволеным.

Па амністыі выказаўся сёння і генпракурор Андрэй Швед, які бярэ ўдзел у паседжанні калегіі генпракуратур Беларусі і Расеі ў Берасці. Пракурор падкрэсліў, што амністыя не закране асуджаных за тэрарызм і экстрэмізм: «Наколькі я памятаю, артыкул 10 праекту закона дакладна сведчыць аб тым, што асобы, якія ўключаны ў спіс асоб, якія ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай і тэрарыстычнай накіраванасці, не трапляюць пад дзеянне гэтага закона».

Пасля папярэдняя абмеркавання законапраекта стала вядома, што Палата прадстаўнікоў плануе разгледзець яго адразу ў двух чытаннях у пачатку лістапада. Пра гэта паведаміла 21 кастрычніка старшыня парламенцкай камісіі па нацыянальнай бяспецы Марына Лянчэўская. Яна адзначыла, што законапраект чакаюць людзі. Спікер ніжняй палаты Уладзімір Андрэйчанка пагадзіўся з тым, што людзі прычакаліся, і нагадаў, што апошняя амністыя ў Беларусі аб’яўлялася два гады таму. Паводле закона «Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў» восенню 2020 года ў Беларусі амніставалі больш за 11 тыс. чалавек.

Аналітыка
Што азначае лукашэнкаўская амністыя?
2022.10.13 20:18

Раней, 12 кастрычніка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі праект Закону аб амністыі, якую Аляксандр Лукашэнка анансаваў яшчэ ў пачатку верасня. З тэксту амністыі вынікала, што яна амаль ці зусім не закране палітычных вязняў.

Абмеркаванне амністыі Лукашэнка пачаў 6 верасня на спецыяльнай нарадзе. Яе прымяркоўвалі да так званага Дня народнага адзінства 17 верасня. Тады ж генпракурор Беларусі Андрэй Швед заявіў, што ў Беларусі пад амністыю патрапяць ад 8 тысяч чалавек. Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў называў лічбу 8,5 тысячы чалавек.

Hавiны
Лукашэнка рыхтуе амністыю на 17 верасня. Хто можа пад яе трапіць?
2022.09.06 12:24

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў