Аляксандр Азараў: У Ціханоўскай няма грошай


Аляксандр Азараў у інтэрв’ю Сяргею Пелясе распавёў пра фінансаванне трэнавання ўдзельнікаў плану «Перамога». Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе аднаўлення правапарадку распавёў, навошта Аляксандр Лукашэнка плануе ляцець у Зімбабвэ ды Эміраты. Чым Віктар Шэйман займаецца ў Афрыцы і навошта яму прыватная вайсковая кампанія? Другая частка інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Аляксандрам Азаравым, падпалкоўнікам беларускай міліцыі ў мінулым, а цяпер кіраўніком ініцыятывы былых беларускіх сілавікоў «ByPol». Першая частка размовы тут.

Cяргей Пеляса: ПВК Шэймана створаная для аховы золатаздабыўнога бізнесу Шэймана і Лукашэнкі ў Зімбабвэ?

Аляксандр Азараў: Сярод іншага і для гэтага, але і для аховы самога Лукашэнкі ў Беларусі.

А можна больш расказаць пра гэтую арганізацыю? Хто да яе можа належаць? Гэта былыя беларускія сілавікі ці і расейцы таксама?

Паводле нашай інфармацыі, там некалькі соцень чалавек. Гэта адзіная арганізацыя, якая мае дазвол на нашэнне зброі ў Беларусі. Яны набывалі зброю, і мы ведаем, якая гэта зброя, – у тым ліку і аўтаматы, і гранатамёты. Навошта ім гранатамёты? Яны набіралі туды шмат вайскоўцаў, якія раней працавалі ў сферы закупы зброі. Гэта сведчыць, што яны займаюцца не толькі золатаздабычаю, але і гандлем зброяй. Гандаль зброяй стаіць на першым месцы ў свеце паводле даходаў. Гэта вельмі важныя даходы для сям’і Лукашэнкі. Арганізацыю ўзначальвае Мятла, сябар Шэймана, былы вайсковец. Арганізацыя працуе таемна, інфармацыі мала.

Дазвольце спытаць: чым вы займаецеся? У Беларусі ёсць вялізны апарат МУС, міліцыя, міліцэйскі спецназ, войска, вайсковы спецназ, памежны спецназ, спецаддзелы КДБ, ахова Лукашэнкі. Цяпер Карпянкоў стварае батальёны. Здавалася б, у рэжыму Лукашэнкі дастаткова сілаў супрацьдзеяць замежным ініцыятывам беларусаў у стварэнні парамілітарных ці патрыятычных арганізацыяў. Што сур’ёзнага яны пабачылі ў вашым плане «Перамога» і ў рыхтаванні ваяроў, што яны пачалі ствараць дадатковыя структуры, каб гэтаму супрацьдзеяць?

Яны не ведаюць нашага плану. Яны ведаюць толькі агульную інфармацыю, якую мы агучвалі. Яны рыхтуюцца да таго, як яны разумеюць наш план. Згодна з тым, як яны разумеюць наш план, ім патрэбныя дадатковыя рэсурсы і вайсковыя часткі. Яны выконваюць свой план дзеля супрацьдзеяння нашаму.

У мяне такое ўражанне, што ідзе гонка ўзбраенняў. З аднаго боку – Давід, маленькі ваяр, але добра падрыхтаваны, і Галіяф – монстр, сілавікі Лукашэнкі, і яны яшчэ спрабуюць разрастацца. Што патрэбна, каб вызваліць Беларусь у перспектыве некалькіх гадоў? Вы трэнуеце ваяроў, якія могуць быць задзеяныя ў гэтым сцэнары. Што мы, беларусы, яшчэ можам зрабіць і пра што прасіць нам нашых саюзнікаў ды партнёраў?

Найлепш прасіць іх без медыяў, каб ніхто не ведаў.

Як падтрымаць вашую ініцыятыву беларусам, якія цяпер за мяжою?

Можна падтрымаць грашыма, бо падрыхтоўка беларусаў каштуе грошай. Бясплатна ніхто не рыхтуе беларусаў. Нас не рыхтуюць спецслужбы і замежныя войскі. Мы рыхтуемся самі, а падрыхтоўка каштуе грошай. Мы прыходзім у спецыяльныя арганізацыі, якія займаюцца гэтым на прафесійнай, камерцыйнай аснове. Там ёсць прайс-лісты, кожны ахвочы можа прыехаць, заплаціць грошы і займацца. Таму нам патрэбныя рэсурсы, каб навучыць як мага больш беларусаў, якія хочуць гэтым займацца. Ёсць сотні беларусаў, якія хочуць, але грошай пакуль на ўсіх не стае. Мы іх навучаем, і не толькі мы, адпаведна таму, колькі грошай у нас ёсць.

Што датычыць беларусаў у Беларусі, то ім трэба рыхтавацца для запуску плану, паўстання, якое адбудзецца абавязкова. Кожны павінен мець медычныя рэчы, спецыяльную вопратку, займацца спортам, вучыцца страляць і чакаць моманту. Калі прыйдзе момант, усе беларусы мусяць выйсці на вуліцы. Калі ўсе не выйдуць, то можа не атрымацца. Кожны мусіць думаць, што ад яго залежыць будучыня краіны, жыццё сябра, суседа і пабраціма. І калі не выйдзеш, то яны могуць загінуць. Таму павінны выйсці ўсе. Калі гэты страх знікне ў людзей, яны будуць гатовыя выходзіць, пачнецца хваляванне беларускага грамадства, забастоўкі і яшчэ штосьці, тады будзе зручны момант, які мы павінныя скарыстаць.

Злыя языкі скажуць: маўляў, Аляксандр Азараў кажа, што патрэбныя грошы на трэнаванні беларускіх партызанаў і ваяроў. А што, у Ціханоўскай няма бюджэту, каб вылучыць Сахашчыку – на міністэрства абароны, Азараву – на падрыхтоўку плану вызвалення Беларусі. Вам сапраўды даводзіцца збіраць ахвяраванні і шукаць ахвярадаўцаў на трэнаванні ці ёсць нейкі бюджэт, які дазваляе арганізаваць гэтыя трэнаванні?

На трэнаванні можна скарыстаць толькі грошы, якія прыходзяць як ахвяраванні. Ніякія міжнародныя арганізацыі не даюць грошай на трэнаванні. Яны могуць даваць грошы на развіццё YouTube, друкаванне прэсы, рэкламу. У Ціханоўскай няма грошай. Гэта спецслужбы развіваюць тэму, што нібыта Ціханоўская сабрала ўсе грошы, якія вылучаюць Еўразвяз і ЗША, і яна іх размяркоўвае – каму захоча, або пакідае сабе. Ніхто ёй ніякіх грошай не вылучае. Яна можа звярнуцца да нейкай арганізацыі, атрымаць дапамогу на ўтрыманне свайго офісу, праекты з беларусамі, і ўсё. У Кабінету пакуль грошай ніякіх няма. Мы самі здабываем гэтыя сродкі, і асноўная частка – данаты, без іх нічога не будзе.

Я размаўляў са сваім знаёмым. Ён былы афіцэр, беларус: кажа, што беларусы выходзілі масава і не баяліся – і заўсёды была праблема з планам. Не толькі з планам, але са штабам, менеджарамі, якія былі б здольныя кіраваць людзьмі. На вашую думку, калі прыйдзе момант Ікс, ці будзе не толькі план «Перамога», але і людзі, якія змогуць ачоліць 200–300 тысячаў чалавек, каб усё выглядала дынамічна і арганізавана?

Пратэсты 2020 года не ўдаліся, бо не было плану. План быў толькі выйсці ў нядзелю, прайсціся з аднаго канца вуліцы ў другі і быць затрыманымі. Калі людзі прыйшлі да рэзідэнцыі Лукашэнкі і нехта спрабаваў яе захапіць, то некаторыя кіраўнікі дэмакратычных сілаў сказалі: не трэба, разыходзьцеся. І людзі разышліся. Нічога ўвогуле не атрымалася. Цяпер план ёсць – і не адзін, іх некалькі. Кожная сілавая арганізацыя мае ўласны план. Таму ў зручны момант мы будзем гэтыя планы запускаць. Калі людзі зноў будуць здольныя выходзіць, ужо ніхто ім не скажа хадзіць са сцягамі. Кожны будзе запускаць свой план, як можа. Думаю, знойдуцца і лідары, а можа, нават прыедуць у патрэбны момант. Трэба да гэтага рыхтавацца.

Стужка навінаў