Лукашэнка загадаў праверыць сістэму аховы здароўя


Аляксандр Лукашэнка даручыў правесці комплексную праверку сістэмы аховы здароўя Беларусі. Для гэтага створана міжведамасная рабочая група. Першы даклад павінен быць гатовы да 31 сакавіка. Аб гэтым паведамляе блізкі да прэс-службы тэлеграм-канал «Пул Первого».

Хворы на кавід ў шпіталі. Выява мае ілюстрацыйнае значэнне. Фота Мінздароўя Беларусі / Telegram

Міжведамасная група створана распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі 20 студзеня. Яна павінна праверыць «эфектыўнасць функцыянавання сістэмы аховы здароўя ў частцы аказання медычнай дапамогі насельніцтву». У групу ўключаны медыкі, якія валодаюць неабходнай кваліфікацыяй і дастатковым практычным вопытам. Паведамляецца, што пры неабходнасці да работы групы будуць прыцягвацца кіраўнікі і спецыялісты іншых дзяржаўных органаў і арганізацыяў і «іншыя асобы, якія маюць адпаведную кваліфікацыю і практычны вопыт».

Да 31 сакавіка група павінна прадставіць першы даклад аб выніках праверкі і прапановы па вырашэнню выяўленых праблемных пытанняў.

Раней паведамлялася, што ў Беларусі колькасць вакансіяў для медычных работнікаў перавысіла 8 000, а ведамства не перастаюць страсаць карупцыйныя скандалы. Так, напрыканцы снежня генеральная пракуратура аб’явіла, што раскрыла схему схаванага подкупу медыкаў замежнымі фармацэўтычнымі кампаніямі з мэтай прасоўвання сваіх тавараў на беларускім рынку. Па крымінальнай справе праходзіць 62 медыкі, іх вінавацяць у атрыманні незаконнай узнагароды на Br 400 000. У адказ міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч заявіў, што медыкам абмяжуюць беспасярэднія кантакты з прадстаўнікамі замежных фармакалагічных кампаніяў, а адукацыйныя сустрэчы перавядуць у онлайн.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў