Пагрозы ад ГУБАЗіКу і ад'езд амбасадара Францыі. Галоўнае за 17 кастрычніка


Belsat.eu падводзіць вынікі нядзелі, 17 кастрычніка.

Пагрозы ад ГУБАЗіКу

Начальнік аддзелу ГУБАЗіК Вячаслаў Арлоўскі.
Фота: ctv.by

Начальнік аддзелу ГУБАЗіК Вячаслаў Арлоўскі паведаміў аб планах па крымінальнаму пераследу адміністратараў і актыўных удзельнікаў пратэставых Telegram-рэсурсаў.

«У нас ёсць, вядома ж, у распрацоўцы такія рэсурсы, якія ў самы бліжэйшы час, літаральна ў самыя бліжэйшыя дні, будуць прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі.

Адпаведна, паўстане пытанне пра крымінальны пераслед іх стваральнікаў, адміністратараў, актыўных удзельнікаў, якія сваімі репостамі, рознымі злівамі, перапублікацыямі і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на іх папулярызацыю сярод насельніцтва, а адпаведна, на прычыненне шкоды інтарэсам нацыянальнай бяспекі нашай краіны… Вось да іх паўстане пытанне аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці», – заявіў ён.

Арлоўскі пры гэтым адзначыў, што проста чытаць пратэставыя Telegram-каналы можна, за гэта ніякіх прэтэнзіяў быць не можа, «але пры ўмове, калі яны ніякім чынам не ўдзельнічаюць у развіцці гэтых экстрэмісцкіх інфармацыйных рэсурсаў».

Аналітыка
За падпіску на Telegram-каналы (пакуль) не пасадзяць. Што насамрэч мяняе пастанова пра «экстрэмізм»
2021.10.15 11:04

Амбасадар Францыі пакінуў Беларусь

Амбасадар Францыі ў Беларусі Нікаля дэ Лякост.
Фота: by.ambafrance.org

Амбасадар Францыі ў Беларусі Нікаля дэ Лякосту 17 кастрычніка пакінуў тэрыторыю нашай краіны.

Нагадаем, на гэтым тыдні беларускі МЗС запрапанаваў Нікаля дэ Лякосту пакінуць Беларусь. У Менск таксама вярнулі амбасадара ў Парыжы Ігара Фясенку. Прычынаю такога кроку стала адмова французскага дыпламата ўручыць «даверчую грамату» Аляксандру Лукашэнку.

Павел Латушка выказаў словы падтрымкі амбасадару Францыі і падзякаваў яму за падтрымку дэмакратычнай супольнасці Беларусі. «Рэжым фактычна распачаў дыпламатычную вайну супраць Францыі», – адзначыў ён.

Затрыманне журналіста

Сяргей Няроўны.
Фота: racyja.com

У Крычаве міліцыя затрымала журналіста і былога рэдактара недзяржаўнай газеты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага.

У яго кватэры прайшоў ператрус, сілавікі забралі камп’ютарную тэхніку. На самога Сяргея Няроўнага склалі адміністратыўны пратакол за нібыта распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (19.11 КаАП). Журналіста пакінулі ў ізалятары да суду, які пройдзе ў панядзелак.

Артыкулы
Палітзняволеную Вольгу Класкоўскую зноў змяшчалі ў ШІЗА
2021.10.17 19:58

Беларусы на першым месцы сярод іншаземцаў, якія сёлета атрымалі прытулак у Польшчы

Сёння стала вядома, што цягам 9 месяцаў 2021 году заявы аб міжнароднай абароне ў Польшчы падалі амаль 5 200 замежнікаў. Найчасцей такія заявы накіроўвалі грамадзяне Афганістану – 1 700 чалавек. На другім месцы – грамадзяне Беларусі – 1 400 чалавек. Далей ідуць грамадзяне Расеі – 800 чалавек, Іраку – 500 і Украіны – 200 чалавек.

Сярод разгледжаных заяў, амаль у палове выпадкаў былі вынесены станоўчыя рашэнні. Так, цягам першых трох кварталаў бягучага году міжнародную абарону ў Польшчы атрымалі 934 іншаземцы. У асноўным з Беларусі – 733 асобы.

Беларуска перамагла на прэстыжным вакальным конкурсе для дзяцей у Італіі

14-гадовая беларуска Ксенія Галецкая стала пераможцам міжнароднага фестывалю «SanRemo Junior», заваяваўшы Гран-пры.

Ксенія Галецкая.
Фота: kseniya_galetskaya / Instagram

Конкурс «SanRemo Junior» праводзіцца ў Італіі з 2010 года пры падтрымцы Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ) і адміністрацыі Сан-Рэма. Гэта адзін з прэстыжных міжнародных вакальных конкурсаў для дзяцей ад 6 да 15 гадоў.

Ксенія нарадзілася ў шматдзетнай сям’і ў Гомлі. Займацца музыкай пачала з 6 гадоў. У 2019 годзе Ксенія паспяхова прадставіла Беларусь на XVII Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе «ВІЦЕБСК-2019« і заваявала Гран-пры гэтага прэстыжнага вакальнага форуму. Гэтак жа ў 2019 годзе Ксенія стала фіналісткай Нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага песеннага конкурсу «Дзіцячае Еўрабачанне-2019», фіналісткай Нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага дзіцячага вакальнага конкурсу «Новая волна».

Працяг міграцыйнага крызісу

Выканаўчы дырэктар Еўрапейскага агенцтва па пытаннях прадастаўлення прытулку (EASO) Ніна Грэгары заявіла пра пагрозу пагаршэння сітуацыі з мігрантамі на мяжы Беларусі.

Прадстаўніца EASO лічыць, што сітуацыя ў краінах на мяжы з Беларуссю вельмі сурёзная і яе дакладна не вырашыць у бліжэйшай будучыні. Таксама Ніна Грэгары адзначыла, што ў значнай ступені ад крызісу з мігрантамі пацярпелі Латвія і Літва.

Тым чысам, за апошнія суткі польскія памежнікі развярнулі больш за 500 мігрантаў. Таксама былі затрыманыя 5 замежнікаў, якія дапамагалі мігрантам перайсці мяжу. Сярод іх былі: 2 грамадзян Сірыі, грамадзянін Грузіі, Казахстана і грамадзянін Беларусі.

Hавiны
У Еўразвязе заявілі аб магчымай рызыцы пагаршэння сітуацыі з мігрантамі на мяжы Беларусі
2021.10.17 16:55

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў