Расейскія вайскоўцы ў Беларусі рыхтуюцца да гарадскіх баёў і штурму ўмацаваных раёнаў


Газета Узброеных сілаў РФ «Красная Звезда» распавяла, якія элементы баявой падрыхтоўкі цяпер адпрацоўваюць расейскія вайскоўцы на беларускіх палігонах.

У прыватнасці, паводле выдання, расейскія вайскоўцы адпрацоўваюць штурм умацаваных раёнаў і баі ў горадзе. Па легендзе вучэнняў, танкі заходзяць у горад заняты «непрыяцелем». Наступленне тэхнікі скавана з-за вялікай шчыльнасці забудовы, але «затое ёсць магчымасць весці агонь, практычна бесперапынны».

Як піша газета, «на вучэннях Т-80 страляюць, вядома, халастымі, інакш ад пасёлка нават адзін танк і каменя на камені не пакіне». У артыкуле не ўдакладняецца, дзе ў Беларусі ладзілася трэнаванне гарадскіх баёў.

Паводле «Красной Звезды», расейскія вайскоўцы трэнуюцца «штодня, без выходных, і днём, і ноччу».

Прэс-служба Мінабароны РФ 14 снежня таксама распавяла пра падрыхтоўку ў Беларусі расейскіх вайсковых інжынераў: яны цяпер адпрацоўваюць нарматывы па зборцы шматпралётнага маста.

Нагадаем, падчас нарады з сілавікамі 10 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яны з Уладзімірам Пуціным пастанавілі разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў Беларусі і Расеі. Неўзабаве ў Беларусь пачалі прыбываць механізаваныя злучэнні Заходняй вайсковай акругі РФ, укамплектаваныя мабілізаванымі. Галоўнае ўпраўленне разведкі (ГУР) Міністэрства абароны Украіны па стане на канец лістапада ацэньвала колькасць расейскай групоўкі ў Беларусі ў 9 тысячаў чалавек.

Глеб Нержын  belsat.eu

Стужка навінаў