Тры вагоны цыгарэт. У Літве затрымалі найвялікшую за 20 гадоў кантрабанду з Беларусі


Літоўскія памежнікі скончылі падлік рэкорднай партыі кантрабандных цыгарэт, прывезеных з Беларусі па чыгунцы і затрыманых у Вільні. У грузе аказалася 672 тысячы пачкаў на суму больш за два з паловай мільёны еўра. Як перадае «DELFI.LT», гэта найбольшы нелегальны груз цыгарэт з 2000 года, які затрымалі літоўскія памежнікі.

Літоўскія памежнікі затрымалі найвялікшую ў гісторыі кантрабанду цыгарэт з Беларусі.
Фота: DELFI / delfi.lt

Слухба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы падвяла вынікі паспяховай аперацыі па затрыманні кантрабанды, праведзенай 29 снежня. Перахоп незаконнага грузу ажыццяўляўся пры супрацоўніцтве з мытнікамі і супрацоўнікамі упраўлення бяспекі «Літоўскай чыгункі».

«У Вільні на чыгуначнай станцыі Паняряй памежнікі праверылі тры вагоны грузавога цягніка, які стаяў там. Ён прыехаў у Літву з Беларусі праз КПП Стасілас. У памежнікаў узнікла падазрэнне, што ў вагонах можа быць схаваная кантрабанда. Падчас надгляду ў вагонах былі знойдзены вялікія мяшкі з грануламі сланечніку, сярод якіх былі каробкі з цыгарэтамі. У астатніх вагонах кантрабанды не было. Камуфляж, сыпкі груз, у трох вагонах, як потым высветлілася, важыў цэлых 66 тон», – гаворыцца ў паведамленні.

У літоўскіх памежнікаў выгрузіць і пералічыць усё гэта на месцы не ўдалося. Тры вагоны з кантрабандай былі адчэпленыя і адпраўленыя па чыгунцы з Панерай у Кену, дзе ёсць неабходнае абсталяванне і ўмовы для ператрусу.

Сітуацыя аказалася вельмі не тыповай і запатрабавала вырашэння мноства лагістычных пытанняў і шмат высілкаў на выгрузку і падлік цыгарэт уручную. Адзначаецца, што ўсе гэтыя працэдуры занялі шмат часу і дакладны канчатковы памер рэкорднага грузу стаў вядомы толькі на гэтым тыдні.

На апрацоўку рэкорднага па памерах кантрабанднага грузу цыгарэт з Беларусі літоўскім памежнікам спатрэбілася амаль тры тыдні.
Фота: DELFI / delfi.lt

Літоўскія памежнікі ўстанавілі, што ў трох затрыманых вагонах было схавана 672 тысячы пачкаў розных відаў кантрабандных цыгарэт з беларускімі этыкеткамі. Кошт такога грузу ў Літве з улікам усіх абавязковых падаткаў складае больш за € 2,6 млн. Гэта найбуйнейшы перахоплены кантрабандны груз за ўсю гісторыю працы Службы аховы дзяржаўнай мяжы пачынаючы з 2000 года.

Дасудовае расследаванне па факце незаконнага збыту акцызных тавараў вядзе Віленская акруговая пракуратура.

У 2022 годзе памежнікі перадухілілі траплянне на чорны рынак 4 322 114 пачкаў цыгарэт, абсалютная большасць якіх была прывезена з Беларусі, што таксама зʼяўляецца рэкордам за 20 гадоў.

Памежнікі звязваюць свае поспехі з выкарыстаннем новых больш эфектыўных мер памежнай аховы. У выніку, у 2022 годзе літоўскія памежнікі выявілі 51 выпадак кантрабанды па чыгунцы. Цыгарэты беларускай вытворчасці звычайна перавозяць таварнымі вагонамі з гэтай краіны ў Літву, хаваючы іх у навалачных грузах (шчэпка, стружка, палеты і г.д.).

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў