Пуцін захацеў адбіраць расейскае грамадзянства за «фэйкі» пра армію


Уладзімір Пуцін прапанаваў папраўкі ў закон аб грамадзянстве. Ён хоча пазбаўляць расейскіх пашпартоў за «фэйкі» пра армію і знявагу трыкалору. Што праўда, гэтыя навацыі тычацца толькі тых, хто атрымаў грамадзянства РФ не па нараджэнні, пішуць расейскія медыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: eduklgd.ru

Прэзідэнт Расеі прапанаваў змяніць закон пра грамадзянства. Уладзімір Пуцін унёс свае папраўкі ў Дзярждуму. Навацыі тычацца тых, хто атрымаў грамадзянства РФ не па нараджэнні – гэта, напрыклад, жыхары акупаваных тэрыторыяў Украіны, дзе Расея раздавала свае пашпарты, і мігранты.

У прыватнасці, Пуцін прапанаваў адбіраць расейскае грамадзянства за «дыскрэдытацыю» арміі, знявагу сцяга і герба РФ, замах на дзяржаўнага або грамадскага дзеяча.

Таксама ў спісе падстаў для пазбаўлення грамадзянства:

  • публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці;
  • публічныя заклікі да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Расеі;
  • узброены мяцеж;
  • хабарніцтва;
  • хуліганства;
  • вандалізм;
  • выкраданне асобы;
  • грабеж;
  • разбой;
  • незаконнае захоўванне зброі.

Таксама грамадзянства будуць пазбаўляць за «дзеянні, што ствараюць пагрозу бяспекі Расейскай Федэрацыі». На гэтай падставе пашпарт адбяруць у незалежнасці ад таго, калі адбыліся «пагражальныя дзеянні»: да атрымання грамадзянства ці ўжо пасля.

У дадатак да гэтых паправак Дзярждума ўжо ўхваліла ў першым чытанні законапраект аб пазбаўленні грамадзянства Расеі за цяжкія злачынствы супраць дзяржавы, тэрарызм, наркагандаль і падробку дакументаў.

Канчатковае ўхваленне законапраекта чакаецца да канца года.

Аб’ектыў
Каго пазбавяць беларускага грамадзянства
2022.09.21 22:37

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў