Лунінецкі следчы ўцёк з Беларусі з сям’ёй пасля таго, як жонку затрымалі за перадачу звестак пра вайскоўцаў


45-гадовы Сяргей Пахолак, следчы ў асабліва важных справах Лунінецкага раённага аддзелу Следчага камітэту, уцёк за мяжу з жонкай і дзецьмі, сцвярджае «Медыя-Палессе» са спасылкаю на ўласныя крыніцы.

Следчы Сяргей Пахолак.
Фота: media-polesye.by

Паводле крыніцаў выдання, жонку следчага затрымлівалі за тое, што яна перадавала звесткі пра расейскіх вайскоўцаў сваёй сястры, якая жыве ў Злучаных Штатах. Жонка працавала спецыялісткай інжынерна-аэрадромнай службы вайсковай часткі 65 408, дзе базавалася расейская авіятэхніка. Падчас праверкі «выявіліся агрэхі ў працы і самога следчага», заяўляе «Медыя-Палессе».

Знайсці пацверджанні таго, што следчы ўцёк за мяжу, не ўдалося. Сілавікі не паведамлялі пра такога ўцекача. Але 45-гадовы Сяргей Пахолак сапраўды працаваў следчым у Лунінцы. Ды ў сацыяльных сетках ён даўно не выяўляе публічнай актыўнасці. «Медыя-Палессе» сцвярджае, што сын Пахолкаў напісаў аднакласнікам, што больш не вернецца ў гімназію.

Крыніца выдання Zerkalo.io расказвае, што перад ад’ездам следчы працягнуў кантракт, за што атрымаў грашовую кампенсацыю. Пасля таго, як супраць ягонай жонкі распачалі крымінальную справу, ён напісаў рапарт аб звальненні паводле стану здароўя, але не дачакаўся рашэння. Жанчына пасля затрымання была ў менскай лякарні, але без аховы, таму здолела ўцячы. Цяпер яна ў вышуку, партрэт вісіць на адпаведным стэндзе. Крыніца выдання кажа, што Пахолак у Злучаных Штатах, а ў ягонай кватэры правялі ператрус.

«Медыя-Палессе» згадвае, што ў 2020 годзе Пахолак пагражаў выданню закрыццём за матэрыял, які яму не спадабаўся, а ў каментарах у сацсетках абурэнне выказвала і ягоная жонка.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў