«Не хачу сёння казаць пра палітыку». Сабаленка выступіць на Ўімблдане 2023


Хоць некалькі дзён таму яна была разгубленая і ў стане няпэўнасці, не маючы брытанскай візы.

Беларуска Арына Сабаленка грае супраць чэшкі Караліны Мухавай у паўфінальным матчы жаночага адзіночнага разраду тэніснага турніру Roland-Garros Open у Парыжы, Францыя. 8 чэрвеня 2023 года.
Фота: Emmanuel Dunand / AFP / East News

Першы нумар беларускага тэнісу і другая ракетка свету Арына Сабаленка нарэшце атрымала доўгачаканую візу Вялікай Брытаніі для ўдзелу ў трэціх у годзе спаборніцтвах з серыі «Вялікага Шлема» – «Ўімблдане». Пра гэта сама Арына паведаміла ўвечары 8 чэрвеня на прэс-канферэнцыі пасля паўфінальнага матчу Адкрытага чэмпіянату Францыі. Нягледзячы на паразу ад чэшскай суперніцы Караліны Мухавай, беларуска вылучала пазітыў. Яшчэ амаль месяц таму, 15 траўня, Сабаленка ў «Інстаграме» праз размову «пытанне-адказ» з фанатамі выказвала занепакоенасць у тым, што пытанне паездкі ў Лондан па-ранейшаму вісіць у паветры. У той час віза не была ўхваленая, і тэнісістка рызыкавала другі год запар прапусціць «Ўімблдан».

Летась арганізатарам Адкрытага чэмпіянату Вялікай Брытаніі з-за нядопуску расейцаў і беларусаў Міжнароднай тэніснай федэрацыяй (ITF) было забаронена прысуджаць рэйтынгавыя пункты пад пагрозаю вялізных штрафаў. І ў выніку 7 снежня Асацыяцыя тэнісістаў-прафесіяналаў, а таксама Жаночая тэнісная асацыяцыя выставілі рахунак кожная на $ 1 млн. Так не атрымалі максімальнай колькасці пунктаў у рэйтынг пераможцы Адкрытага чэмпіянату Вялікай Брытаніі 2022 года прадстаўніца Казахстану Алена Рыбакіна і серб Новак Джокавіч. Але сёлета будзе па-іншаму. І Сабаленка нарэшце дакладна пацвердзіла, што хутка будзе ў Лондане. Ці звязана гэта з ейнай заяваю пра не падтрыманне вайны і кіраўніка Беларусі Лукашэнкі як суагрэсара, не паведамляецца. Але яшчэ 31 сакавіка Усеанглійскі лаўн-тэнісны клуб абвесціў, што расейскія і беларускія гульцы будуць дапушчаныя да ўдзелу ва «Ўімблдане», які пройдзе з 3 да 16 ліпеня на травяных кортах гэтага цэнтру. Галоўная ўмова – спартоўцы абедзвюх краінаў мусяць падпісаць дэкларацыю аб нейтралітэце і не могуць выказваць падтрымання ўварванню Расеі ўва Украіну. Хоць і не абавязаныя асуджаць. Таксама не маюць права выступаць у Лондане і гульцы, якія маюць дзяржаўнае фінансаванне ад любой краіны-агрэсара.

Меркаванні
Чаму я не заўзеў за Арыну Сабаленку?
2023.06.07 19:49

Паводле Арыны Сабаленкі, яна вельмі любіць гэты турнір і шчаслівая, што зноў можа выступіць на яго кортах. Пры гэтым Іян Г’юіт, старшыня Усеанглійскага клубу, падкрэсліў асуджэнне арганізацыяй уварвання Расеі і выказаў салідарнасць з народам Украіны. У афіцыйнай заяве ён, у прыватнасці, зазначыў:

«Мы ўдзячныя ўраду за падтрыманне, бо мы і нашыя калегі, якія зацікаўленыя ў тэнісе, разабраліся ў гэтай сітуацыі і ўзгаднілі ўмовы, якія мы лічым выканальнымі. Але, калі абставіны істотна зменяцца да пачатку чэмпіянату, мы разгледзім і адрэагуем адпаведным чынам».

На прэс-канферэнцыі Сабаленцы зноў задалі пытанне пра Лукашэнку – ад журналіста, які ведае, як ставіцца кіраўнік Беларусі да гэтак званых «адмоўнікаў»:

– Пасля заявы пра не падтрыманне вайны і Лукашэнкі ці пачуваецеся вы добра, ці адчуваеце сябе ў бяспецы?

– Я не хачу сёння казаць пра палітыку, – адрэзала спартоўка. – Я зрабіла ўсе свае заявы.

З гэтага вынікае, што нават пад ціскам з Беларусі, які, магчыма, ужо распачаўся, Сабаленка не адмовіцца і не змякчыць сваю рыторыку ў стаўленні да вайны і кіраўніка Беларусі як хаўрусніка Пуціна. Тым больш, у гэтым няма ўжо сэнсу.

«Я вельмі ўсхваляваная пасля атрымання дазволу зноў прыехаць у Лондан, – працягнула Сабаленка. – Мне вельмі падабаецца там гуляць. Вельмі спрыяе атмасфера. Я дужа сумавала летась па «Ўімблдане» і не магу дачакацца, каб вярнуцца і паказаць свой найлепшы тэніс. Цяпер я, вядома, вельмі стомленая, і мне трэба ўзнавіцца пасля гэтых незвычайна цяжкіх маральна, эмацыйна і фізічна двух парыжскіх тыдняў на грунце. Таму, думаю, што наступныя пару дзён я буду проста весяліцца», – заявіла тэнісістка, смеючыся.

Каментар
Тэнісістка Сабаленка сказала, што яна супраць вайны і Лукашэнкі. А ў чым быў скандал да таго?
2023.06.06 23:15

Да недарэчнай паразы ад чэшкі Караліны Мухавай, калі пры ліку 5:2 на сваю карысць ёй не хапіла аднаго пункту, каб выйсці ў другі сёлета «вялікашлемавы» фінал (Сабаленка – пераможца Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі – 2023), беларуска паставілася па-філасофску:

«Усё справядліва. Я цяпер на тым месцы, на якім я і павінная быць, улічваючы мой фізічны і псіхалагічны стан. Але я вытрымала ціск і хутка буду гатовая да новых перамогаў».

Да ўдзелу ў сёлетнім турніры арганізатары дапусцяць тых беларусаў і расейцаў, якія падпішуць дэкларацыю аб суверэнітэце, альбо гэтак званы «Кодэкс паводзінаў». Сярод іншага ў ім гаворыцца:

1. Я згодны, што не буду ўдзельнічаць у чэмпіянаце як прадстаўнік расейскай і/альбо беларускай дзяржавы.

2. Ад таго моманту, як я атрымаю акрэдытацыю і пакуль выступаю ў чэмпіянаце, я не буду карыстацца падтрыманнем ад расейскай і/альбо беларускай дзяржавы ці дзяржаўных кампаніяў.

3. Я не буду выказваць падтрымання вайне, ці расейскага і/альбо беларускага рэжымаў і/ці іх кіраўніцтва. Я разумею, што не маю права рабіць аніякіх жэстаў ці заяваў, якія маглі б быць інтэрпрэтаваныя як падтрыманне. І я не буду насіць альбо не буду заўважаны з нейкім прадметам, што ўтрымлівае адлюстраванне, сімвал, сцяг, знакі адрознення ці эмблему, якія могуць быць успрыняты як падтрыманне вайны.

Беларуска Арына Сабаленка падчас тэніснага турніру Roland-Garros Open у Парыжы, Францыя. 8 чэрвеня 2023 года.
Фота: Julien De Rosa / AFP / East News

І хоць выканкам Алімпійскага камітэту Расеі заявіў аб недапушчальнасці падпісання расейскімі спартоўцамі якіх-небудзь дэкларацыяў і іншых заяваў палітычнага характару, некалькі расейцаў і беларусаў паставілі свае подпісы пад Дэкларацыяй яшчэ ў красавіку. Але тры дні таму агент лідара расейскага мужчынскага тэнісу Данііла Мядзведзева Леў Касіль паведаміў, што на 6 чэрвеня толькі каля 15 % расейцаў, патэнцыйных удзельнікаў турніру, атрымалі брытанскія візы, а астатнія пакуль застаюцца ў падвешаным стане.

«Усе працэдуры выкананыя. Пры падачы можна скарыстацца экспрэс-працэдурай. Мы так і зрабілі. Але яны грошы ўзялі, а потым паведамілі, што нічым не могуць дапамагчы. Маўляў, такая паслуга (экспрэс-працэдура) недасяжная расейцам і беларусам.

Таксама Генеральны дырэктар AELTC (All England Lawn Tennis and Croquet Club, Усеанглійскага клубу лаўн-тэніснага і крокету) Сэлі Болтан паведамляла раней, што некалькі беларускіх тэнісістаў і тэнісістак падпісалі згоду на адпаведныя ўмовы. Але іхных імёны не агалошваюць. Папярэдне вядома, што ў асноўную сетку прымуць 19 гульцоў з Беларусі і Расеі.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў