Чаму я не заўзеў за Арыну Сабаленку?

Тэму гэтага допісу мы ўзгаднілі з рэдактарам сайту яшчэ напрыканцы зімы, праз месяц пасля таго, як Арына Сабаленка ўпершыню перамагла на турніры «Вялікага шлема» – Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі. Пасля ў тэкст нешта дадавалася, штосьці з яго выдалялася. Нязменным заставаўся толькі загаловак.

Арына Сабаленка падчас чвэрцьфіналу тэніснага турніру «Вялікага шлема» «Roland Garros 2023». Парыж, Францыя. 6 чэрвеня 2023 года.
Фота: Rob Prange / Zuma Press / Forum

Ад цяперашняга ён адрозніваецца ўсяго адной літарай і граматычнай катэгорыяй дзеяслова – часам. Назва выглядала так: «Чаму я не заўзею за Арыну Сабаленку?» Нявер’е ў тое, што ад Арыны, моцна павязанай са спортам і ўпарта неахвотнай каментаваць усё тое, што робіцца навокал, можна дачакацца нейкай эвалюцыі ў мысленні, панавала і ўзмацнялася. І я, і вольныя спартоўцы, з якімі шмат гутарыў на гэтую тэму, падкрэслівалі, што мы проста не заўзеем за Сабаленку. Менавіта «не заўзеем», а не ненавідзім, жадаючы ёй зла і няўдачаў, як вырашылі за нас прарэжымныя СМІ. Іншымі словамі, эмоцыі ў стаўленні да выступаў Арыны, да ейнага лёсу, асабістага жыцця, захапленняў і мараў былі роўныя нулю. Але бруд, які мы адчулі на сабе, усё ж не дадаў жадання разумець гэтую сітуацыю неяк па-іншаму.

Прыўладныя супрацоўнікі СМІ кананадаю напрыканцы студзеня пачалі ўзносіць цяперашнюю першую ракетку Беларусі да нябачных вышыняў (ці дзіва: дачакаліся найрадчэйшага поспеху прадстаўніка Беларусі на міжнароднай арэне). І паралельна, груба і па-дзікунску, вельмі непрыстойна для прафесіі журналіста, узяліся прыніжаць усіх, хто пасмеў не заўзець за Сабаленку. І ўжо не зразумела, у чым яны больш спаборнічалі: у адданасці Лукашэнку, у пахвальбе Сабаленцы або ў абразе сваіх суайчыннікаў.

Каментар
Тэнісістка Сабаленка сказала, што яна супраць вайны і Лукашэнкі. А ў чым быў скандал да таго?
2023.06.06 23:15

«Гэта адказ усім хэйтарам, хто цешыцца кожнай няўдачы нашых атлетаў і смуткуе з нагоды іх поспехаў».

«Знайшліся і тыя, каму трыумф беларускай тэнісісткі стаў упоперак горла. Дызлайкі, сумныя каментары, пасты, напоўненыя жоўцю. Кучка людзей хэйціць чалавека, які чарговы раз праславіў сваю радзіму. Вядома, так могуць паступаць толькі няўдачнікі».

«Не схаваную зайздрасць паказалі і канапныя апазіцыянеры, многія з якіх яшчэ і са статутам «беглы». Усё добрае ў краіне для іх моташна і вельмі хваравіта».

«Пакуль усе, і не толькі беларусы, віншавалі наш гонар з заслужанай перамогаю, беглыя сцякалі жоўцю і пісалі гнюсныя каментары ў апазіцыйных чатах, і ўсё часцей пад выдуманымі імёнамі. Папракалі Арыну за тое, што яна ў свой час не адвярнулася ад краіны, ад гімну, ад сцяга».

«Жоўцю сходзяць толькі адыёзныя, адпетыя нягоднікі з ліку палітыкаў-экстрэмістаў ды і ўся іх прыдворная шобла, якая не мае сумлення. Асабліва «зайшлася хрыплым брэхам» «зграя рэнегатаў, якія збеглі за кардон», палілася ўся іх гнілая сутнасць».

«Асаблівую «любоў» да Арыны гэтая шайка адчувае з часу гарачага 2020 года, калі яна не пайшла на павадку ў гэтых прайдох, але захавала нязломную пазіцыю сапраўднага патрыёта і прыстойнага чалавека. Хэйцілі тады спартоўку жорстка, але яна не зламалася. А цяперашні ейны адказ – быццам стрэл з гаўбіцы. Крыць, акрамя рыторыкі бяссільнай злосці, няма чым».

«А вось для прыхільнікаў прагнілага заходняга лібералізму, прадажных палітыканаў і ўсіх тых змагароў, хто збег, падціснуўшы хвост, і жыве прынцыпам «чым горш Беларусі, тым лепш нам», гэты вынік зусім не ў дугу».

«Апазіцыя захлёбваецца ў жоўці, а сапраўдным беларусам перамога Сабаленкі – як бальзам на душу».

«Зараз беларуская тэнісістка можа з упэўненасцю смяяцца з тых, хто імкнуўся змяшаць яе з брудам прыніжэннямі і знявагамі. У гэтым брудзе змагары засталіся сядзець самі. Бо рэзананс ад перамогі Сабаленкі значна больш гучны і маштабны, чым іх меркаванні ў каментарах, дзе яны ў ролі марыянетак ідуць на павадку збеглых з краіны апазіцыянераў».

Сваёй учорашняй хай і слаба абстаўленай эмацыйна заяваю, што яна не хоча вайны, а таму не падтрымлівае і Лукашэнку (які дапамагае Пуціну знішчаць Украіну і ўкраінцаў. – Рэд.), Арына Сабаленка пасадзіла ў глыбокую лужыну ўсіх сваіх «абаронцаў». Для якіх цяпер (па логіцы рэчаў) павінен настаць час «палявання на ведзьмаў», шальмавання няўгоднай. Арына Сабаленка выціснула з сябе тое, што павінна было даўно прагучаць. Боязь нейкага эфемернага Лукашэнкі, з якім, можа, і не сустрэнецца ўжо ніколі, адышла на другі план. На першым – надакучыла быць белай варонай у тэніснай супольнасці, калі з табою не вітаюцца, не паціскаюць рукі, пры сустрэчы праходзяць міма, адводзячы вочы.

Дзе той Лукашэнка? А яны – дзяўчаты, хлопцы – усе тут. Усе суправаджаюць падчас тураў. З усімі хочацца мець кантакт, паразмаўляць, адвесці душу, але што паробіш, калі глядзяць скоса? Пасля чвэрцьфінальнага матчу на «Roland Garros» ейная суперніца – украінка Эліна Світоліна – нават не зірнула на пераможцу, сыходзячы з корту. Не ведаю, ці ёсць якія сяброўкі ў Арыны Сабаленкі сярод калегаў, але прынамсі яна ніколі пра гэта і не казала. Яна падаецца вялікім індывідуумам, які па-сапраўднаму разнявольваецца толькі ў кампаніі сваёй маці і малодшай сястры. А яшчэ ў думках пра свайго бацьку – спадара Сяргея. Ён пакінуў гэты свет напрыканцы лістапада 2019 года ва ўзросце 44 гадоў ад хуткаснага менінгіту. Менавіта бацька прывёў Арыну ў тэніс, і яму яна, як прызнаецца, прысвячае ўсе перамогі, імкнучыся, як ён і запаведваў, стаць першай ракеткай свету. Пасля дэбютнай перамогі на «вялікашлемавым» турніры ў Аўстраліі сёлета Сабаленка выклала ў «сторыз» свайго «Інстаграму» фота, дзе яна са слязьмі глядзіць на неба. А падпісала гэта так: «Ты б ганарыўся мной. Сумую па табе».

Пра перамогу Арыны Сабаленкі ў чвэрцьфінале Адкрытага чэмпіянату Францыі – 2023 і пра тое, хто чакае яе ў трэцім запар «вялікашлемавым» фінале беларускія СМІ, вядома, напісалі. Але гэтым і абмежаваліся. Хаця раней, напрыклад, БТ выкарыстоўвала і відэавытрымкі з прэс-канферэнцыяў.

Парыж, Францыя. 6 чэрвеня 2023 года.
Фота: Kai Pfaffenbach / Reuters / Forum

Дзве папярэднія з іх у сёлетнім Парыжы тэнісістка прапусціла. А выхад да журналістаў пасля пераможнага чвэрцьфіналу Арына высакародна распачала з выбачэнняў:

«Мне сапраўды была вельмі блага, калі я не прыходзіла сюды. Надта пераймалася з таго. Я не магла спаць. Усе гэтыя дрэнныя пачуцці быццам не жадалі пакідаць мяне, моцна засеўшы ў галаве. Але пра прынятыя рашэнні не шкадую. Хаця і было гэта непаважліва да вас, зразумейце, калі ласка: мне сапраўды было дужа цяжка маральна. Бо тут і так дастаткова ціску, а я хачу сканцэнтравацца на тэнісе, на сваёй гульні. Вельмі паважаю вас і спадзяюся, што вы зразумееце мяне, мае пачуцці. На папярэдняй сустрэчы я адчула, што мая прэс-канферэнцыя пераўтварылася ў палітычнае тэлешоу, а я не эксперт у палітыцы. Я проста 25-гадовая тэнісістка. Але цяпер можаце пытацца пра тое, што пажадаеце. Вы атрымаеце ўсю інфармацыю».

Зразумела, чарговы раз прагучала пытанне і пра стаўленне да вайны ва Украіне, і да Лукашэнкі як да суагрэсара.

Гэтым разам Арына Сабаленка хоць і без залішніх эмоцыяў, але выказалася выразна зразумела:

«Так. У інтэрнэце ёсць шмат маіх фота з Лукашэнкам. Мы гулялі ў Кубку федэрацыі ў Менску. Ён быў на нашых матчах, фатаграфаваўся з намі пасля іх. Але я ніколі не хацела, і шмат разоў падкрэслівала гэта, што не хачу, каб мая краіна была ўцягнутая ў які-небудзь канфлікт. Я не падтрымоўваю вайны. Але я не жадаю займацца палітыкай. Каб хацела, то мяне тут не было б. Падтрыманне Лукашэнкі? Гэта складанае пытанне. Але калі я кажу, што не падтрымоўваю вайну, то проста цяпер не падтрымоўваю і Лукашэнку».

Цяпер не важна, што раней падтрымоўвала, тут і цяпер не падтрымоўвае, а потым, можа, зноў прымусяць любіць – праз ціск на маці і сястру. Але словы вылецелі – і іх ужо не зловіш. Арына Сабаленка скінула камень з плеч. Ёй надакучыла хавацца, кагосьці саромецца праз сваю пазіцыю, быць аддаленай ад усіх і проста мучыцца сам-насам ад шматлікіх разважанняў. А яшчэ яна, несумненна, хоча згуляць на другой сваёй Алімпіядзе (у Токіа-2021 Сабаленка прайшла толькі два колы і далей за 1/16 фіналу не прасунулася). І перамагчы на ёй. Бо тытул алімпійскай чэмпіёнкі – найвышэйшы гонар для кожнага спартоўца. І за яго абавязаныя даваць званне «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь» (пакуль Арына Сабаленка – майстар спорту міжнароднага класу).

Прысвойваецца яно, праўда, указамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Але і праз год, калі Лукашэнка застанецца ва ўладзе, ён аніяк не здольны будзе праявіць у пытанні з Арынаю сваю фірмовую злапамятнасць. А папярэднія, цяпер ужо былыя зоркі беларускага спорту – як? Я пра Дар’ю Домрачаву і Вікторыю Азаранку. Ды ніяк. Яны дачакаліся таго, калі прыйшлося саступіць ініцыятыву назваць рэчы сваймі імёнамі значна больш малодшай дзяўчыне. І цяпер, калі б яны ні прыйшлі да здаровага сэнсу, усё роўна будуць лузэркамі. Іх элегантна абышла тая, якую можна лічыць лакаматывам, авангардам новага пакалення беларускіх спартоўцаў. На ягоным (пакалення) шляху да тытулаў пераможцаў алімпіядаў, чэмпіянатаў свету ніколі ўжо не паўстануць бар’еры санкцыяў Міжнароднага алімпійскага камітэту і міжнародных спартовых федэрацыяў. Крок Арыны Сабаленкі – крок у будучыню. І за ёй, несумненна, пацягнуцца.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў