У Літве пацвердзілі адмовы беларусам ва ўездзе праз анкету аб вайне ва Украіне


Намеснік міністра ўнутраных спраў Літвы Арналдас Абрамавічус у эфіры «LRT Radio» пацвердзіў інфармацыю аб выпадках, калі грамадзянам Беларусі адмаўлялі ва ўездзе праз іх адказы на пытанні анкеты, якую прапануецца запоўніць на мяжы. У ёй грамадзяніна Беларусі пытаюцца, з якімі мэтамі ён хоча прыехаць у Літву, як ён ставіцца да дзеянняў Расеі і прызнання Крыму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чарга аўтамабіляў на памежным пераходзе Лаварышкес на літоўска-беларускай мяжы. 19 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Па словах Арналдаса Абрамавічуса, узмацняць правілы ўезду для беларусаў, як таго хочуць некаторыя літоўскія палітыкі, не варта.

«Вялікая частка мер ужо прынятая – падвышаная ацэнка па прыбыцці ў Літву, а таксама зменшаная колькасць дазволаў на часовае пражыванне, абавязковыя дадатковыя анкеты пры выдачы гэтых дакументаў, якія ацэньваюць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бяспецы. Усе меры эфектыўныя», – запэўнівае Арналдас Абрамавічус.

Літва і надалей плануе прымяняць анкетаванні пры ўездзе беларусаў у краіну.

«Адсюль можна паказаць, ці выступае чалавек супраць агрэсіі Расеі, а таксама ўскосна ўдзелу Беларусі ў ёй, ці ён спрабуе нешта схаваць, адмаўляць і прадставіць, магчыма, перабольшаную інфармацыю праз анкетаванне», – кажа наместнік міністра.

Нагадаем, 31 снежня дэпутат Еўрапарламенту ад Літвы Пятрас Аўштравічус заявіў аб неабходнасці абмежаваць паездкі беларусаў у Літву і літоўцаў у Беларусь, а таксама прымяніць тыя ж забароны на ўезд у Літву, што дзейнічаюць з верасня мінулага года і для расейскіх грамадзян. У Літве на гэта адказалі, што такую ідэю не падтрымліваюць.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў