Што трэба ведаць пра нечаканы візіт Пуціна ў Менск


Тэмай №1 падчас перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна 23-24 траўня была вайна ва Украіне і супрацьстаянне з Захадам. Пакуль нішто не ўказвае на тое, што палітыкі прынялі на сустрэчы нейкія прынцыпова важныя рашэнні на гэты конт. Аднак улады Беларусі і Расеі, імаверна, свядома напусцілі туману вакол сваіх перамоваў, каб пакінуць прастору для розных спекуляцыяў.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна пасля яго прыбыцця з візітам у Беларусь. Менск, Беларусь. 24 траўня 2024 года.
Фота: president.gov.by

Нечаканы візіт і новы начальнік Генштабу

Візіт Уладзіміра Пуціна ў Менск стаў нечаканасцю: ён загадзя на анансаваўся і не быў абумоўлены планавымі мерапрыемствамі па лініі інтэграцыйных аб’яднанняў. Пуцін у прынцыпе адносна рэдка наведвае Беларусь – звычайна гэта Аляксандр Лукашэнка лётае да яго ў Маскву, Санкт-Пецярбург або Сочы.

У дзень візіту Лукашэнка зрабіў важнае прызначэнне: начальнікам Генеральнага штабу Узброеных сілаў Беларусі стаў Павел Муравейка. Ён змяніў на гэтай пасадзе Віктара Гулевіча, які быў адпраўлены ў адстаўку два тыдні таму, пасля візіту Лукашэнкі ў Маскву на парад 9 траўня. У гэтай кадравай перастаноўцы некаторыя эксперты ўбачылі руку Крамля.

«Існуе меркаванне, што Гулевіч з самага пачатку расейска-ўкраінскай вайны займаў вельмі асцярожную пазіцыю і выклікаў гэтым некаторую незадаволенасць у Крамлі. Магчыма, ягоны сыход у адстаўку з’яўляецца некаторым следствам дамоўленасцяў паміж Лукашэнкам і Пуціным, і нават некаторага ціску Крамля ў гэтым пытанні. Магчыма, Муравейка больш задавальняе Пуціна і Крэмль на трэцім годзе вайны», – заявіў расейскі палітолаг Аляксандр Марозаў у інтэрв’ю «Вот так».

Гэта меркаванне далёка не беспярэчнае. Па-першае, ролю Беларусі ў вайне можа вызначаць толькі Лукашэнка, а начальнік Генштабу будзе проста выконваць пастаўленую задачу. Па-другое, цяжка судзіць, ці сапраўды пазіцыі Гулевіча і Муравейкі адносна вайны прынцыпова адрозніваюцца. У публічнай прасторы Муравейка мае больш ваяўнічую рэпутацыю – ён вядомы тым, што пагражаў «прасекчы калідор праз Літву сілаю зброі». Аднак гэта зусім не значыць, што ён будзе цяпер збіраецца лабіяваць рэалізацыю гэтай пагрозы на практыцы.

Так ці інакш, кадравыя перастаноўкі і раптоўнасць візіту пакінулі прастору для розных спекуляцыяў наконт важнасці рашэнняў, якія могуць быць прынятыя падчас сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна.

«Пытанні бяспекі – на першы план»

Лукашэнка і Пуцін, як заўсёды, перад перамовамі пералічылі руцінныя пытанні ў двухбаковых стасунках – інтэграцыя, эканоміка, гандаль і г.д. Аднак пры гэтым далі зразумець, што тэмы бяспекі і міжнароднай сітуацыі знаходзяцца ў прыярытэце.

«Думаю, як звычайна, мы пытанні бяспекі [паставім] на першы план», – заявіў Лукашэнка, сустрэўшыся з Пуціным увечары 23 траўня.

Пуцін паведаміў, што адной з тэмаў перамоваў будзе другая фаза вучэнняў па адпрацоўцы выкарыстання нестратэгічнай ядравай зброі.

«Гэта звязана з прамым удзелам нашых беларускіх сяброў, калегаў у вайсковай сферы ў гэтых мерапрыемствах», – патлумачыў ён.

Амбасадар Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты перад пачаткам перамоваў Лукашэнкі і Пуцін паведаміў журналістам, што абмяркоўвацца будзе вайна ва Украіне («гэта, натуральна, галоўнае пытанне», зазначыў дыпламат), а таксама «паводзіны» Польшчы і краінаў Балтыі на мяжы з Беларуссю.

Менавіта гэтым тэмам, імаверна, былі прысвечаны начныя перамовы Пуціна і Лукашэнкі тэт-а-тэт. На наступны дзень, 24 траўня, перамовы працягнуліся з удзелам чальцоў ураду.

Цырымонія сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным у Менску, Беларусь. 24 траўня 2024 года.
Фота: president.gov.by

У перамовах у пашыраным складзе прымалі ўдзел міністры абароны Беларусі і РФ. Прычым у першай палове дня 24 траўня Віктар Хрэнін і Андрэй Белавусаў паспелі таксама правесці асобную сустрэчу, на якой расейскі міністр заявіў пра неабходнасць «прымаць дадатковыя меры па забеспячэнню бяспекі Саюзнай дзяржавы».

Праблемаў няма або яны адкладзеныя?

Публічная частка сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі аказалася не багатая на змястоўныя заявы. Рыторыка наконт двухбаковых стасункаў была абсалютна дзяжурная: палітыкі зноў адзначалі высокі ўзровень саюзніцкіх адносінаў і вернасць курсу на ўзмоцненую інтэграцыю.

Дзяржаўныя медыі акцэнтавалі ўвагу на словах Лукашэнкі пра тое, што яны з Пуціным дамовіліся наконт умоваў паставак нафты і газу. Праўда, у студзені 2024 году самаабвешчаны кіраўнік Беларусі падчас паседжання Найвышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы таксама казаў пра «дасягнутыя дамоўленасці» ў гэтай сферы. Ні тады, ні цяпер зместу гэтых дамоўленасцяў ён не раскрываў. Пасля сустрэчы 24 траўня Круты патлумачыў: насамрэч бакі дамовіліся толькі «выпрацаваць алгарытм збліжэння цэнаў» на энерганосьбіты для Беларусі і расейскіх рэгіёнаў пасля 2026 году.

Увогуле было заўважна, што эканамічныя пытанні Лукашэнку цікавяць значна болей, чым Пуціна, і ён, відаць, не атрымлівае ад Масквы ўсяго, чаго хацеў. Прыкметы гэтай супярэчнасці можна было разгледзіць нават у кароткай пратакольнай часткі перад пачаткам перамоваў: Лукашэнка заявіў, што ў іх ёсць «паўтара-два пытанні, якія трэба было б вырашыць», а Пуцін у адказ зазначыў, што, на яго погляд, «нявырашаных пытанняў няма».

Пасля перамоваў Лукашэнка ўжо заявіў, што ўсе пытанні вырашаны, аднак пры гэтым канстатаваў наяўнасць «адкладзеных праблемаў» і заклікаў «выкараніць ахоўныя меры і абмежаванні» у эканоміцы.

«У адваротным выпадку не толькі народы нашыя, але і мы самі адзін аднаго не зразумеем», – заўважыў ён.

Шантаж і цень Януковіча

Затое наконт міжнароднага парадку дня Лукашэнка не дазволіў сабе праявіць нават намёку не разыходжанні з пазіцыяй Крамля.

«Тут нашыя падыходы абсалютна супадаюць. Мы не згорнем з абранага шляху стварэння справядлівага шматпалярнага светаўладкавання», – заявіў ён.

Пры гэтым нічога новага па тэме вайны і міру сказана не было – Пуцін і Лукашэнка проста развівалі папярэднія палітычныя наратывы.

З аднаго боку, ідзе шантаж Захаду – для гэтага выкарыстоўваецца тэма ядравай зброі ў Беларусі. «Я шчыра прызнаўся, што гэта нашае трэцяе трэнаванне з моманту размяшчэння ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі, – распавёў Лукашэнка, – У расейцаў, мусіць, дзясяткі такіх трэнаванняў. Нічога дзіўнага».

З іншага боку, Пуцін зноў звярнуўся да тэмы мірных перамоваў з Украінай. Ён не ўпершыню заявіў, што базай для мірных перамоваў мусіць стаць той варыянт пагаднення, які абмяркоўваўся ў Стамбуле ў сакавіку 2022-га. «Белсат» раней ужо тлумачыў, чаму Пуцін выкарыстоўвае падобную рыторыку: насамрэч ён хоча не мірных перамоваў, а аслаблення міжнароднай падтрымкі Украіны і саступак з боку Захаду. Крывадушнасць пазіцыі Крамля праяўляецца нават на ўзроўні публічных заяваў. Гэтак, Пуцін кажа, што гатовы да перамоваў на базе стамбульскіх дакументаў, а адначасова ягоны прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў заяўляе, што далучэнне да РФ чатырох украінскіх рэгіёнаў пад сумнеў не ставіцца. Пры тым, што ў стамбульскіх дакументах пра анексію чатырох абласцей размовы як раз не было.

Перамовы з Уладзімірам Пуціным у пашыраным складзе. Менск, Беларусь. 24 траўня 2024 года.
Фота: president.gov.by

Заяўляючы пра гатовасць да перамоваў, Пуцін дасылае Захаду і Украіне выразны мэсідж: лепш пайсці на прэвентыўныя саступкі ўжо цяпер, бо потым стане толькі горш.

Яшчэ адзін сродак маніпуляцыяў у гэтым кантэксце – спасылкі на нібыта нелегітымнасць прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. Пуцін зазначыў, што Расеі пры аднаўленні перамоваў з Кіевам трэба зразумець, з кім можна мець справу пры падпісанні юрыдычных дакументаў. «А з кім весці перамовы? Гэта пытанне не марнае», – падкрэсліў ён.

Паводле інфармацыі праекту «Беларускі Гаюн», удзень 24 траўня ў аэрапорце Гомля прызямліўся самалёт былога прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча «Dassault Falcon 900C». Апошні раз палітык быў у Беларусі ў сакавіку 2022 года. Навошта прыляцеў Януковіч і ці плануе ён сустрэцца з Лукашэнкам і Пуціным – невядома. Аднак сам факт з’яўлення самалёта экс-прэзідэнта Украіны ў Беларусі можа быць сімвалічным месіджэм. Магчыма, Крэмль такім чынам намякае: калі цяпер не пагадзіцца на перамовы на нявыгадных умовах, то потым Расея можа ўвогуле не захацець весці перамовы з Зяленскім.

Дарэчы, падчас візіту ў Маскву ў красавіку Лукашэнка фактычна адкрытым тэкстам прагаварыў тую ж думку: «Можа стварыцца сітуацыя, калі той жа Пуцін скажа: «Хлопцы, а з кім падпісваць дамову?»

Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі і цяпер наракаў на тое, што да легітымнасці Зяленскага нібыта ёсць пытанні. Але, імаверна, ён усё-ткі не надта хоча педаліраваць тэму легітымнасці і не верыць у перспектыўнасць гэтага кірунку шантажу. «Я глыбока аналізаваў для сябе гэтыя праблемы з паўнамоцтвамі Уладзіміра Аляксандравіча [Зяленскага], а цяпер я зразумеў… што гэта ўсё марна», – асцярожна рэзюмаваў Лукашэнка.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў