Выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць 25–27 траўня. Галасаваць прапануюць за адзін з 11 спісаў. З Беларусі можна галасаваць праз адмысловы сайт, з-за мяжы – таксама праз мабільныя праграмы для «Android» і «iOS».
Старонка галасавання на выбарах у Каардынацыйную раду.
Фота: Белсат
Па-першае, людзям з Беларусі варта ўсталяваць VPN-сэрвіс, каб правайдары і сілавікі не ведалі, на якія сайты ходзяць карыстальнікі. Напрыклад, «ProtonVPN» (гэты бясплатны), «NordVPN», «ExpressVPN», «CyberGhost» ці «SurfShark» або браўзер «Opera» з убудаваным VPN (таксама бясплатным).
Выбары ў КР
У Беларусі пачалі блакаваць VPN-сэрвісы. Што рабіць з галасаваннем па выбарах у КР?
2024.05.25 22:40
Пасля запуску VPN варта перайсці на афіцыйны сайт галасавання па спасылцы bit.ly/rada2024. Асцярожна: карыстальнікам у Беларусі прыходзяць падазроныя спасылкі з заклікам узяць удзел у галасаванні!
На сайце даюць падрабязныя інструкцыі. Карыстальнікам у Беларусі трэба:
- узяць смартфон – не ноўтбук і не настольны камп’ютар;
- увамкнуць VPN;
- адкрыць у браўзеры «рэжым інкогніта» (у «Chrome» праз меню націснуць «Новая ўкладка інкогніта»; у «Opera» адкрыць спіс вокнаў і перайсці ў раздзел «Прыватныя», там адкрыць новае; у «Safari» – націснуць на кнопку прагляду ўкладак і там выбраць рэжым «Прыватны»);
- перайсці па спасылцы для галасавання, напісанай на сайце выбараў;
- націснуць на радок «RADA 2024 Выбары ў Каардынацыйную раду III склікання»;
- выбраць адзін са спісаў, за які хочаце прагаласаваць (або націснуць на стрэлку справа, каб паглядзець, хто ў спісе);
- выбраўшы спіс, націснуць на кнопку «Галасаваць» унізе старонкі;
- прайсці верыфікацыю асобы ў вакне, якое адкрыецца, націснуць «Далей», затым выбраць краіну «Беларусь» і «Працягнуць»;
- сайт запытае доступ да камеры і мікрафона, трэба націснуць «дазволіць»;
- сфатаграфаваць у праграме свой пашпарт (не ID-картку, правы кіроўцы або іншы дакумент, а менавіта пашпарт): навесці камеру тэлефону на дакумент, націснуць на круглую кнопку знізу;
- сфатаграфаваць сябе, калі праграма пра гэта папросіць;
- прыняць усе далейшыя запыты на дазвол, па сканчэнні працэдуры закрыць укладку з галасаваннем.
Для карыстальнікаў за межамі Беларусі гэтая інструкцыя таксама падыдзе, але эмігрантам прапануюць карыстацца праграмамі для «iOS» і «Android» – зноў жа, паводле інструкцыяў на сайце галасавання. На «Android» прапануюць праграму «Belarus ID», на «iOS» – праграму «TestFlight», праз якую можна ўсталяваць «Belarus ID» (наўпроставую ўсталёўку палічылі небяспечнаю на «iOS»).
Распрацоўнікі галасавання абяцалі не захоўваць асабовых звестак: праграма захоўвае толькі ідэнтыфікатар на падставе індывідуальнага нумару, але нават не сам нумар у зашыфраваным выглядзе, а толькі гэш – хітры шыфр з кавалкаў таго нумару. Па сканчэнні галасавання гэш абяцаюць выдаліць.
Працэс галасавання можа даваць збоі: з самога пачатку на сістэмы вядуць DDoS-атаку, на момант публікацыі атаку паспяхова адбіваюць.
Выбары ў КР
«Рэжым бачыць пагрозу сваёй злачыннай уладзе». Ціханоўская – пра выбары ў Каардынацыйную раду
2024.05.25 14:55
Калі не ўпэўненыя, за каго галасаваць, можаце:
• пачытаць праграмы спісаў на сайце для галасавання;
• паглядзець дэбаты да выбараў у Каардынацыйную раду (2 гадзіны відэа і тэкставы пераказ);
• пачытаць пра вялікую канферэнцыю перад выбарамі (7 гадзінаў відэа і тэкставы пераказ);
• пачытаць анкеты выбарчых спісаў:
- № 1 «Салідарнасць»,
- № 2 «Воля»,
- № 3 «Еўрапейскі выбар»,
- № 4 «Наша справа»,
№ 5 «Закон і правапарадак» – адхілены ад выбараў,
- № 6 «Голас дыяспараў»,
- № 7 «Незалежныя беларусы»,
- № 8 «Блок Пракоп’ева – Ягорава»,
- № 9 «Каманда Латушкі і Рух «За свабоду»,
- № 10 «Хопіць баяцца!»,
- № 11 «Краіна для жыцця»,
- № 12 «Моладзевы наступ».
Разбор
Што рабіць, калі ў Беларусі пачнуць блакаваць VPN, і ці трэба хвалявацца ўжо цяпер
2024.02.12 06:00
Алесь Наваборскі belsat.eu