Пасля землятрусу ў Турцыі знікла беларуска з сям’ёй


Пасля землятрусу ў Турцыі знікла беларуска з сям’ёй – яна не адказвае на званкі і паведамленні з учорашняга вечара. Пра гэта распавядае Марыя, сястра зніклай беларускі, паведамляе партал «Зеркало».

Аляксандра Акпінар з сям’ёй. Крыніца: news.zerkalo.io

Беларуска Аляксандра Акпінар з мужам і дзіцем жыве ў горадзе Хатай, які найбольш пацярпеў ад землятрусу.

«Мы размаўлялі з ёй учора ўвечары а 23:00. Пасля гэтага яна больш не выходзіла на сувязь. Без сувязі таксама яе блізкія. Мая сяброўка з Турцыі кажа, што да яе ніяк не даехаць у Хатай, бо дарогі перакрытыя», – распавяла сястра Марыя.

Пазней стала вядома, што муж зніклай пасля землятрусу беларускі знаходзіцца ў шпіталі з пераломам нагі, але аб Аляксандры і яе маленькім сыне ўсё яшчэ няма інфармацыі.

У амбасадзе Беларусі ў Турцыі паведамілі, што з Аляксандрай Акпінар з раніцы спрабуюць звязацца рознымі спосабамі, але пакуль звестак аб яе месцазнаходжанні няма. Аднак у беларускім МЗС сцвярджаюць, што ніхто з беларусаў падчас землятрусаў у Турцыі і Сірыі не пацярпеў.

Нагадаем, моцны землятрус адбыўся 6 лютага на памежжы Турцыі і Сірыі. Па паведамленнях турэцкіх выратавальных службаў, колькасць загінулых дасягнула 1600. У Сірыі загінула больш за 900 чалавек. Тысячы чалавек атрымалі раненні.

Гэта быў наймацнейшы землятрус у Турцыі з 1999 года, піша «Reuters». Тады землятрус аналагічнай моцы разбурыў Ізміт і густанаселены ўсходні рэгіён Мармуровага мора недалёка ад Стамбулу, у выніку чаго загінулі больш як 17 тысячаў чалавек. У сваю чаргу прэзідэнт Турцыі Эрдаган назваў землятрус наймацнейшым з 1939 года.

Абноўлена
Колькасць ахвяраў землятрусу ў Турцыі і Сірыі перавысіла 1300 асобаў. Лічба неканчатковая
2023.02.06 14:26

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў